Прыгажун-“лайнер”

- 12:22Вышэйшая школа

Днямі на базе Мінскага аўтамабільнага завода адбылася перадача турыстычнага аўтобуса МАЗ акадэмічнаму асяроддзю БДПУ імя Максіма Танка.

Аўтобус МАЗ-251 экалагічнага кла­са “Еўра-5” — прадстаўнік другога пакалення турыстычных аўтобусаў, якія вырабляюцца на аўта­заводзе па ўласнай распрацоўцы (камплектуюцца рухавіком Mersedes-Benz, магутнасц­ь якога складае 360 конскіх сіл). Яго адрознівае сучасны знешні выгляд і тэхнічны комплекс — сістэма кандыцыянавання, хала­дзільнік, міні-кухня з мікрахвалевай печчу і інш. Аўтобус, які па навізне канструкцыі і базавай аснашчанасці не мае сабе роўных у СНД, быў сабраны для ўніверсітэта па ініцыятыве Міністэрства адукацыі.

Па словах рэктара БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Жука, падобны вопыт узаемадзеяння паміж універсітэтам і прадпрыемствам пачаўся ў  2008 годзе. Тады для ВНУ быў сабраны аўтобус МАЗ-152А. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што якасц­ь падоранага аўтобуса, які пяшчотна называюць прыгажуном-лайнерам, падкрэслівае высокі ўзровень развіцця Мінскага аўтамабільнага завода.

МАЗ-251 у будучыні чакае насычанае жыццё. На ім студэнты БДПУ будуць выязджаць на валанцёрскія і педагагічныя практыкі ў аздараўленчыя летнікі, прымаць удзел у традыцыйных “Зорных паходах”, спаборніцтвах. Важнае значэнне, па словах Аляксандра Жука, бу­дзе мець турыстычная скіраванасць будучых маршрутаў па Беларусі і за мяжой. Чакаецца, што экскурсаводамі ў такіх паездках будуць выступаць студэнты-гісторыкі, якія вучацца на спецыяльнасці “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”.

Падрыхтавала Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.