Прыгожай душы чалавек

- 9:00Людзі адукацыі

Леў Талстой аднойчы сказаў, што добраму настаўніку дастаткова мець толькі дзве якасці — вялікія веды і вялікае сэрца. Усім гэтым валодае Людміла Анатольеўна Пацяёнак, настаўніца рускай мовы і літаратуры, настаўніца пачатковых класаў і кіраўнік школьнага музея “Чароўны куфэрак”. Гэта, безумоўна, вопытная настаўніца, вялікая працаўніца і проста надзейная сяброўка, цудоўная калега. Яе любяць і паважаюць як таленавітага педагога, выдатнага спецыяліста. Яна заўсёды ў пошуку, у вечнай працы. А сумленнасць, дабрыня і спагадлівасць Людмілы Анатольеўны прыцягваюць да яе дзяцей.

Сапраўдны прафесіянал сваёй справы, які валодае бліскучымі ведамі, умее знаходзіць нестандартныя рашэнні ў розных сітуацыях і, нарэшце, цудоўны чалавек, здольны ў любы час прыйсці на дапамогу ўсім без выключэння. Настаўніца плённа выкарыстоўвае кожную мінуту ўрока для перадачы навучэнцам новых ведаў, для фарміравання ў іх практычных навыкаў і ўменняў, право­дзіць вялікую работу па актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў, далучае іх да разнастайнай, мэтанакіраванай працы. Грунтоўная тэарэтычная падрыхтоўка, пільны адбор метадаў і прыёмаў вядзення кожнага ўрока, уменне выкарыстаць дадатковы матэрыял робяць яе ўрокі цікавымі, змястоўнымі, выхаваўчымі.

Але самая вялікая радасць Людмілы Анатольеўны — гэта школьны музей “Чароўны куфэрак”. За яго яна хварэе ўсім сэрцам і душой. Менавіта яна стала ідэйным натхняльнікам стварэння музея ў пачатку 2006 года. Да верасня 2006 года экспазіцыя мела ўжо больш за 100 экспанатаў ткацтва, ганчарства, сталярных, кавальскіх вырабаў пачатку ХХ стагоддзя. Сёння экспазіцыі музея налічваюць больш за 320 экспанатаў. І гэта не мяжа!

Школьны этнаграфічны музей “Чароўны куфэрак” аб’ядноўвае навучэнцаў і іх бацькоў, педагогаў. Гэта цэнтр пошукавай дзейнасці, сродак развіцця і стымулявання пазнавальных здольнасцей, актыўнасці дзяцей, накіраваных на вывучэнне і засваенне беларускіх нацыянальных каштоўнасцей і традыцый. Важна адзначыць зацікаўленасць навучэнцаў у сваёй працы ў музеі, усведамленне значнасці праведзенай работы, магчымасці рэалізаваць творчы патэнцыял у самых разнастайных формах і разнастайнымі сродкамі.

З ліку навучэнцаў Людмілай Анатоль­еўнай была створана група экскурсаводаў, выбраны кіраўнікі пошукавых груп, з ліку педагогаў створаны сектары рэстаўрацыі, апрацоўкі фондаў, па перапісцы. Распрацавана некалькі варыянтаў экскурсій, падрыхтаваны экскурсаводы, складзены графік правядзення экскурсій. Работа навучэнцаў уяўляе сабой паэтапнае пашырэнне сфер дзейнасці музея. Сёння гэта і супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой, і аказанне валанцёрскай дапамогі 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны; этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках і гарадах Беларусі; збор і рэстаўрацыя экспанатаў; наладжана супрацоўніцтва са шкляным заводам “Нёман”; правядзенне экскурсій для навучэнцаў, жыхароў раёна, горада.

Пры этнаграфічным музеі дзейніча­юць навукова-даследчыя групы навучэнцаў па вывучэнні Мінска і Мінскай вобласці. У іх працуюць сапраўдныя энтузіясты-края­знаўцы. Дзякуючы іх карпатлівай рабоце, распрацаваны экскурсіі (анлайн-экскурсіі) “Вяснянка праваслаўная”, “Вяснянка адукацыйная”, “Вяснянка прамысловая” і многія іншыя. Экскурсіі праводзяцца на беларускай, рускай і англійскай мовах. Асобна неабходна вылучыць навукова-даследчую і пошукавую работу па вывучэнні роднага краю “Мая малая радзіма — Вяснянка”.

Сёння ў скарбонцы музея — шматлікія перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню, актыўная трансляцыя вопыту работы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Красавік 2019 года — дыплом II ступені Адкрытых міжнародных краязнаўчых чытанняў “Малая радзіма на ўсё жыццё, на цэлы век” у секцыі “Рэлігія і культура”; студзень 2019 года — дыплом III ступені ў гарадскім конкурсе віртуальных музеяў устаноў адукацыі “Гістарычная спадчына малой радзімы” ў намінацыі “Віртуальны 3D-музей”; 2020 год — гарадскі конкурс “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея”, два дыпломы І ступені; VIII Адкрытая канферэнцыя “Духоўнасць. Маральнасць. Традыцыі” з міжнародным удзелам (МГІРА) — сертыфікат; у лістападзе 2020 года — навукова-практычная канферэнцыя “Народная творчасць у адукацыі і выхаванні сучаснай моладзі” з міжнародным удзелам (Санкт-Пецярбург) і інш.

Захапляцца такім педагогам можна бясконца і, напэўна, не хопіць слоў, каб агучыць усе прафесійныя вартасці. Менавіта такія людзі, як Людміла Анатольеўна, — уважлівыя, чулыя, цярплівыя, — патрэбны сёння школе. Душэўная дабрыня Людмілы Анатольеўны, яе высокі прафесіяналізм, патрабавальнасц­ь, прынцыповасць, уменне дасягаць пастаўленых мэт заўсёды былі і застаюцца прыкладам для калег.

Наталля НАРБУНТОВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 180 Мінска.