Прылятайце ў Беларусь!

- 9:00Нам пішуць

Прырода была і працягвае заставацца карміліцай чалавека, крыніцай яго існавання. Яна шчодрая, але не даруе памылак. Бо, на жаль, сваёй дзейнасцю чалавек моцна ўмешваецца ў прыроду, парушаючы яе натуральны баланс. Вялікую ўвагу ўдзяляюць гэтай праблеме і дзіцячыя маладзёжныя арганізацыі БРСМ і БРПА. Штогод праходзяць акцыі “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі”, аперацыя “Кармушка” і інш. Вось і ў гэтым годзе вясна пачынаецца з акцыі “Прылятайце ў Беларусь!”.

Валанцёры Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна стваралі і развешвалі арт-шпакоўні. Як толькі з’явіліся першыя праталінкі, вучні задумаліся аб новых хатках для птушак. Пасля ўрокаў пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Уладзіміра Леанідавіча Поклада дзеці з нецярпеннем беглі ў школьныя майстэрні для вырабу новых домікаў для птушак. І вось новыя шпакоўні радуюць вока на бярозах.

Якім жа было здзіўленне хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны ўбачылі навасёлаў, якія добраўпарадкоўвалі сваё новае жыллё! Добрыя справы, якія былі пачаты, упэўнена, будуць працягвацца. Будуць саджацца новыя дрэвы, будзе падтрымлівацца ў чысціні наша вёска, будуць радаваць нас сваімі спевамі птушкі. Будзем жа берагчы нашу Зямлю! Паўсюль, на кожным кроку, усе разам і кожны асобна!

Ірына ЕМЯЛЬЯНАВА,
педагог-арганізатар Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна.