Прыроду зберагуць “Захавальнікі Бесядзі”

- 11:57Навіны рэгіёнаў

Чалавек можа жыць і развівацца толькі ў гармоніі з прыродай. Таму такім важным зараз становіцца экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення. У сярэдняй школе № 1 Хоцімска фарміраванню ў дзяцей правільнага стаўлення да навакольнага асяроддзя ўдзяляюць асаблівую ўвагу. Педагагічны калектыў тут імкнецца прывіць дзецям жаданне захоўваць і абараняць прыроду роднага краю.

— Многія людзі сёння спажывецкі ставяцца да прыроды. З кожным годам экалагічная сітуацыя на планеце пагаршаецца, але паступовае ўсведамленне цывілізаваным светам таго, што многае залежыць ад нас, мяняе сітуацыю. Аднак не ва ўсіх сфарміраваны правільныя экалагічныя свядомасць і паводзіны. Гарадскія жыхары лічаць, што вырашаць задачы па ахове навакольнага свету павінен хтосьці, а не яны самі. У цяперашні час важна навучыцца ацэньваць стан прыроднага асяроддзя — класа, двара, вуліцы, прышкольнага ўчастка, раёна, горада, а таксама ўмець уносіць свой пасільны ўклад у захаванне багаццяў і прыгажосці роднай прыроды. З гэтай мэтай у нашай школе ўзнікла ініцыятыўная экалагічная група “Захавальнікі Бесядзі”. Разам з дзецьмі мы вырашылі звярнуць увагу на экалогію гарадскога пасёлка і ўсяго Хоцімскага раёна, — расказала дырэктар установы Галіна Белікава.

Экалагічная група з’явілася ў школе 10 гадоў назад. Сёння сярод яе актывістаў 15 вучняў. Іх ідэйным натхняльнікам і кіраўніком з’яўляецца настаўніца біялогіі Кацярына Таўстая. Паводле яе слоў, “Захавальнікі Бесядзі” — своеасаблівы школьны экалагічны цэнтр. Адзін з кірункаў дзейнасці групы — арганізацыя і ўдзел у прыродаахоўных акцыях.

— Члены нашага аб’яднання — ініцыятары правядзення акцый розных узроўняў — ад міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых да лакальных. Усе мерапрыемствы дапамагаюць сфарміраваць адзіную інфармацыйную прастору для шырокіх слаёў насельніцтва. Падчас акцый адбываецца абмен экалагічнай інфармацыяй, абмяркоўваюцца экалагічныя праблемы. Правядзенне акцый прыносіць і практычны эфект: уборка тэрыторыі ад смецця, выраб кармушак і збор корму для птушак, выраб шпаковень, пасадка дрэў, раздача рэкламных буклетаў у школе і на вуліцах, правядзенне экалагічных гадзін для малодшых школьнікаў. Кожнае мерапрыемства — крок да забеспячэння экалагічнай бяспекі, экалагічнага выхавання і адукацыі, — адзначыла Кацярына Сяргееўна.

І сапраўды, прымаючы ўдзел у значных акцыях, вучні пачынаюць усведамляць, што ўсе вялікія справы пачынаюцца з маленькага кроку, а асабістым укладам магчыма захаваць і палепшыць свет вакол сябе. Прычым вынік сваёй дзейнасці можна ўбачыць менавіта на месцы, у сябе дома або ў школе.

Зараз юныя эколагі актыўна вядуць асветніцкую работу ў гэтым кірунку. Вучні лічаць, што парадак павінен быць усюды і ва ўсім, але пачынаць трэба з сябе. Першым аб’ектам клопату экалагічнай групы сталі рэкі Хоцімска, берагі якіх яны рэгулярна прыбіраюць ад смецця.

— Ужо 7 гадоў наша ініцыятыўная група абследуе розныя кропкі водазабеспячэння раёна. За гэты час мы правялі дэталёвы аналіз якасці вады ў звыш 120 калодзежах і прыватных свідравінах . Першапачаткова планавалі толькі вывучыць водныя аб’екты, але пасля дзецям захацелася актыўных дзеянняў для экалагічнага дабрабыту сваёй малой радзімы. Зараз вучні займаюцца даследаваннем крыніц Хоцімшчыны. Акрамя іх пашпартызацыі, дзеці распрацоўваюць пералік мер, накіраваных на добраўпарадкаванне, захаванне крыніц ад высыхання і забруджвання, — адзначыла Кацярына Таўстая.

За невялікі перыяд існавання ў “Захавальнікаў Бесядзі” склаліся свае традыцыі. Дзеці з вялікім энтузіязмам праводзяць агітацыйна-прапагандысцкую работу: выпускаюць і распаўсюджваюць экалагічныя буклеты, звароты да жыхароў гарадскога пасёлка, ініцыіруюць розныя карысныя справы для малой радзімы, арганізуюць у школе экалагічныя святы, віктарыны, конкурсы, экскурсіі і пазнавальныя паходы. Акрамя таго, праца ў экалагічнай групе матывуе падлеткаў на заняткі тэматычнымі даследаваннямі з наступнай распрацоўкай і абаронай грамадска патрэбных праектаў.

Увогуле, дзейнасць “Захавальнікаў Бесядзі” істотна ажыўляе вучэбна-выхаваўчы працэс, робіць жыццё школы і вучняў больш цікавым і змястоўным. А яшчэ стымулюе дзяцей на захаванне і паляпшэнне стану роднай прыроды. На думку педагагічнага калектыву, менавіта гэта самае галоўнае.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.