Прывітанне з Беларусі

- 12:09Апошнія запісы, Культура, Рознае

У ЗША па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь праходзіць прэзентацыя аўтарскага праекта лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.

У межах урачыстага сходу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне, у Нью-Ёрку адбылася прэзентацыя альбома “Сінагогі” — першага ў серыі філакартычных альбомаў з цыкла “У пошуках страчанага”. У гэты ж дзень калекцыянер пазнаёміў членаў абшчыны крымскіх татар у ЗША з альбомам “Беларусь і мусульманскі свет”. А яшчэ ў сацыяльна-культурным цэнтры ў Балцімары Уладзімір Ліхадзедаў расказаў пра сам праект, шматгадовую работу над ім на старонках газет “СБ. Беларусь сегодня”, “Голас Радзімы”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Беларусь”, “Маладосць”.
Прайшлі і іншыя мерапрыемствы, якія ў ЗША арганізавала Пасольства Беларусі. Сярод іх і прэзентацыя нядаўна выдадзенага ў Выдавецкім доме “Звязда” альбома са старымі паштоўкамі “Падарожжа ў часе” ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША. Дарэчы, у гэтай славутай скарбніцы захоўваюцца і іншыя выданні “Звязды”, прысвечаныя старым паштоўкам: “У пошуках страчанага”, “Знічкі Айчыны”. Гэта ўжо не першая паездка беларускага калекцыянера на амерыканскі кантынент. Старая паштоўка з дапамогай вядомага ў Беларусі філакартыста стала добрым сродкам народнай дыпламатыі паміж Беларуссю і ЗША. З дапамогай уражлівай, багатай калекцыі ўсяго аднаго чалавека ладзіцца сапраўдны мост дружбы і ўзаемаразумення. Розным культурам і розным менталітэтам цікавыя памяткі даўніны, якія, дарэчы, дазваляюць узнаўляць і шмат чаго з блізкага і агульнага. У папярэднюю паездку ў ЗША Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў сабраныя ім матэрыялы, якія расказваюць пра “амерыканскую адысею” Тадэвуша Касцюшкі.

Мікола БЕРЛЕЖ.