Прыярытэт — моладзі

- 13:22Навіны рэгіёнаў

У рамках Адзінага дня інфармавання старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі наведаў старэйшую ўстанову вышэйшай адукацыі рэгіёна — МДУ імя А.А.Куляшова.

Новы кіраўнік Магілёўшчыны азнаёміўся з дасягненнямі УВА, наведаў музеі гісторыі ўстановы і быў прыемна здзіўлены тым, што ўбачыў.
— Сёння МДУ — навучальная ўстанова, якая здольна даць сваім студэнтам добрую пуцёўку ў жыццё. Вучыцца ў ВНУ, якая мае такую багатую гісторыю і традыцыі, — сапраўдная прывілея, — падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі, пачынаючы гутарку са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта.
Дыялог быў прысвечаны пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці за 2014 год і бліжэйшым перспектывам развіцця рэгіёна. Знаёмячы аўдыторыю з вынікамі развіцця Прыдняпроўскага краю за мінулы год, Уладзімір Віктаравіч падкрэсліў, што з улікам знешніх негатыўных фактараў, якія аказваюць уздзеянне на сусветную эканоміку і эканоміку нашай рэспублікі, эканамічны стан Магілёўскай вобласці можна ацаніць станоўча.
Паводле слоў губернатара, у рэгіёне ў мінулым годзе было забяспечана стабільнае функцыянаванне сацыяльна-эканамічнай сферы. Уводзіліся ў эксплуатацыю новыя ўстановы адукацыі і аховы здароўя. Вельмі нядрэнна спрацавалі магілёўскія аграрыі,сабраўшы ў 2014 годзе рэкордна высокі ўраджай. Па-ранейшаму прывабная Магілёўшчына для замежных інвестараў. Дастаткова добра папрацавалі прадпрыемствы і арганізацыі ў плане экспарту паслуг, паспяхова развівалася інавацыйная вытворчасць. А яшчэ ў вобласці значна палепшылася дэмаграфічная сітуацыя. Вядома, былі і складанасці. Але патэнцыял для павышэння эфектыўнасці работы ёсць.
— Мы на парозе завяршэння чарговай пяцігодкі. Сёння вынікі работы ў цэлым нядрэнныя. Але наша агульная задача — прааналізаваўшы сітуацыю, зрабіць адпаведныя высновы, на падставе якіх трэба выбудаваць стратэгію далейшай паспяховай дзейнасці, — падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч.
Пазначыўшы асноўныя вынікі работы сацыяльна-эканамічнай сферы, губернатар чакаў ад аўдыторыі пытанняў. А іх назапасілася шмат. Старшыня аблвыканкама ўважліва выслухаў і даў адказ на кожнае, з-за чаго запланаваны час дыялогу расцягнуўся практычна ўдвая.
Студэнтаў і выкладчыкаў хвалявалі праблемы замацавання маладых спецыялістаў на сяле і перспектывы кар’ернага росту для моладзі, суадносіны заработнай платы ў рэальным сектары эканомікі і бюджэтнай сферы, будаўніцтва арэнднага жылля, новаўвядзенні ў эканоміцы вобласці, якія плануюцца, і многае іншае.
Самым актуальным стала кадравае пытанне. У прыватнасці, студэнтаў цікавілі магчымасці ўдасканалення размеркавання і замацавання маладых спецыялістаў на сяле, рэалізацыі сваіх здольнасцей. Адказваючы, Уладзімір Даманеўскі падкрэсліў, што ў кадравай палітыцы вобласці стаўка была і будзе рабіцца на моладзь.
— Усе пытанні па размеркаванні і замацаванні маладых спецыялістаў на сяле будуць вырашацца ў аператыўным парадку. Гэта тычыцца як набалелай праблемы забеспячэння жыллём, так і заработнай платы. Магчыма мэтазгодна адраджэнне інстытута настаўніцтва, калі больш дасведчаныя спецыялісты будуць дапамагаць маладым людзям у станаўленні ў прафесіі, — адзначыў Уладзімір Віктаравіч.
Вельмі добрая перспектыва ў здольных маладых людзей і для кар’ернага росту. Напрыклад, у плане вылучэння на адказныя кіруючыя пасады. Паводле слоў губернатара, вобласці патрэбны маладыя, сучасныя кіраўнікі, якія ўмеюць крэатыўна мысліць і эфектыўна працаваць над выкананнем пастаўленых задач. Таму ў аблвыканкаме створаны адпаведны рэзерв перспектыўных маладых кадраў, у які можа трапіць кожны, трэба толькі праявіць сябе.
Надзённым было і пытанне пра ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўшчыны павелічэння патоку перасяленцаў з Украіны.
— Нестабільная эканамічная сітуацыя ва Украіне назіраецца на працягу ўжо некалькіх гадоў. З гэтага часу павялічылася і колькасць украінцаў, якія еду ць у Беларусь. Людзі проста шукаюць магчымасці для заробку, каб пракарміць свае сем’і. У нас у краіне дастатковая разнастайнасць вытворчасцей, каб прапанаваць работу ўкраінскім перасяленцам, не ствараючы тым самым напружанасці на рынку працы. А з прычыны няпростай сітуацыі, якая склалася ў брацкай Украіне зараз, мы проста абавязаны працягнуць руку дапамогі яе народу, — адказаў Уладзімір Віктаравіч.
Ажыўленне сярод аўдыторыі выклікала таксама пытанне аб запланаванай палітыцы вобласці ў дачыненні да беларускай мовы. Адказваючы на яго, губернатар падкрэсліў, што беларуская мова — адзін са складнікаў нашай нацыі.
— Таму ў вобласці будуць створаны ўсе ўмовы для яе развіцця. Але папулярызацыя роднай мовы павінна ажыццяўляцца толькі на добраахвотнай аснове, — сказаў Уладзімір Віктаравіч.
Напрыканцы сустрэчы студэнты і выкладчыкі ВНУ падзякавалі губернатару за змястоўную гутарку. У сваю чаргу Уладзімір Даманеўскі адзначыў важнасць падобных сустрэч, паколькі адным з галоўных прыярытэтаў у палітыцы вобласці з’яўляецца стварэнне ўсіх умоў для самарэалізацыі моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.