З 13 па 15 красавіка 2017 года ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка прайшоў фестываль майстар-класаў. Дасведчаныя псіхолагі-практыкі Рэспублікі Беларусь прадставілі ў рамках фестывалю 14 сваіх майстар-класаў. Мерапрыемства такога маштабу ў вядучым педагагічным універсітэце краіны праводзілася ўпершыню.
У праекце прынялі ўдзел 18 вядучых спецыялістаў Беларусі ў галіне аказання практычнай псіхалагічнай дапамогі з 10 арганізацый: адукацыйных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў, цэнтраў псіхалагічнай дапамогі. На працягу трох дзён майстар-класы наведалі больш за 250 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, а таксама спецыялістаў у галіне псіхалогіі і сумежных прафесій.
На фестывалі майстар-класаў былі прадстаўлены больш за 12 кірункаў аказання псіхалагічнай дапамогі (гештальт-псіхалогія, экзістэнцыяльная псіхалогія, НЛП-тэхнікі, сістэмная сямейная псіхатэрапія, адлерыянская практыка) па больш чым 15 праблемных аспектах (шлюбныя і бацькоўска-дзіцячыя адносіны, прафесійная ідэнтычнасць, дапамога ў крызісных сітуацыях, гендарныя стэрэатыпы, залежныя і сузалежныя адносіны, дзіцячыя ўстаноўкі).
Праект Інстытута псіхалогіі “Фестываль майстар-класаў” доўжыўся ўсяго тры дні, але атрымаў мноства станоўчых водгукаў як ад удзельнікаў, так і ад трэнераў. Вядучыя майстэрань і ўдзельнікі праекта выказалі пажаданне аб працягу правядзення фестывалю ў будучыні.
Яўгенія ЦІХАНАВА,
выкладчык кафедры клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.