Псіхалагічныя вакацыі

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Педагогаў-псіхолагаў Мінскай вобласці запрасілі адпачыць на канікулах, падчас якіх яны гулялі, канструявалі, займаліся мастацкай дзейнасцю. А ўсё таму, што гэта былі вельмі цікавыя і карысныя “Псіхалагічныя вакацыі”. Менавіта так называўся фестываль, які прайшоў у Мінскім абласным ІРА.

Фестываль “Псіхалагічныя вакацыі” прайшоў на Міншчыне ўпершыню і аб’яднаў больш за 100 педагогаў-псіхолагаў устаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай, прафесійнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных устаноў, прыватных і грамадскіх арганізацый Мінска і Мінскай вобласці.

— Наша кафедра працуе непасрэдна з педагогамі-псіхолагамі. Мы разумеем, што творчым, неабыякавым да сваёй справы спецыялістам толькі павышэння кваліфікацыі для плённай працы недастаткова. Ім неабходна не толькі метадычная падтрымка, але і прафесійныя зносіны паміж сабой і ў нейкім іншым фармаце, — расказвае Ганна Паўлаўна Гурко, загадчык кафедры псіхалогіі і кіравання МАІРА, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт. — Таму ўзнікла ідэя правядзення псіхалагічнага фестывалю. Гэта мерапрыемства практычнага характару. Пры яго дапамозе мы імкнуліся стварыць прафесійную псіхалагічную супольнасць, каб новыя знаёмствы, кантакты, узаемаабмен вопытам узбагачалі практыку кожнага і дапамагалі ў працы.

Унікальным мерапрыемства робіць яго фармат, які дазволіў педагогам у атмасферы адпачынку азнаёміцца з сучаснымі методыкамі і тэхналогіямі. Удзельнікі фестывалю наведалі 15 найцікавейшых майстар-класаў па разнастайных актуальных тэмах. Правялі іх спецыялісты, якія з’яўляюцца не толькі высакакласнымі прафесіяналамі, але і яркімі, цікавымі асобамі. Кожны з іх ператварыў майстар-клас у непаўторнае дзейства, якое захапляла, часам забаўляла, але абавязкова давала магчымасць даведацца нешта новае і ўзнімала важныя пытанні.

Таццяна Уладзіміраўна Левіна, педагог-псіхолаг ясляў-сада № 111 Мінска, і Людміла Міхайлаўна Лазарашвілі, псіхолаг, спецыяліст па прафарыентацыі, паказалі, як працаваць у выпадку эмацыянальнага выгарання педагогаў і псіхолагаў, і разам з удзельнікамі майстар-класа шукалі адказ на пытанне, як стаць майстрам свайго жыцця. Віталь Анатольевіч Бацяноўскі, гештальт-тэрапеўт, супервізар, аўтар адукацыйных праграм для дзяцей і падлеткаў, і Ларыса Аркадзьеўна Мартынава, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і кіравання МАІРА, запрасілі на сваім майстар-класе пагуляць у трансфармацыйную гульню. Спецыялісты расказалі і паказалі, як такія гульні можна выкарыстоўваць у рабоце са старшакласнікамі.

Яшчэ адну гульню, але на гэты раз прафарыентацыйную, прапанавала ўдзельнікам фестывалю Тамара Віктараўна Бародзіч, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Узды. “Гулялі” псіхолагі і ў канструктар LEGO: Алена Уладзіміраўна Лемеш, метадыст МАІРА, прадэманстравала на майстар-класе вялікі патэнцыял выкарыстання канструктара ў рабоце педагога-псіхолага, а Ала Уладзіміраўна Галуза, дацэнт кафедры псіхалогіі БДУ, паказала, як рознакаляровыя дэталькі могуць дапамагчы правесці “мазгавы штурм” і знайсці новы падыход падчас работы ў камандзе. Таксама ўдзельнікам фестывалю было цікава азнаёміцца з методыкай выкарыстання метафарычных асацыятыўных картак (МАК), якую прадэманстравалі на майстар-класах псіхолаг МАК-практык Кацярына Генадзьеўна Радчанка і псіхолаг цэнтра здароўя 14 паліклінікі Мінска магістр псіхалагічных навук Алена Уладзіміраўна Аўчыннікава. Акрамя таго, тэмамі майстар-класаў былі інфармацыйная дасведчанасць дзяцей і падлеткаў, залежнасці і сузалежнасці, работа з сем’ямі, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і многае іншае.

Сапраўдным падарункам для педагогаў-псіхолагаў стаў удзел у фестывалі Аляксандра Паўлавіча Лабанава, доктара псіхалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, члена Міжрэгіянальнай асацыяцыі кагнітыўных даследаванняў. У сваім выступленні ён узняў праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца ў рабоце педагогі-псіхолагі, і расказаў, як супрацьстаяць выклікам часу. Аляксандр Паўлавіч узяў удзел у рабоце майстар-класаў і даў высокую ацэнку мерапрыемству.

— Людзі прафесій, звязаных з дапамогай камусьці, працуюць па прызванні. Ім уласцівы чалавекалюбства і ўласная кампетэнтнасць, а таму, як ніхто, яны схільны да стомленасці ад спагады, другаснага посттраўматычнага стрэсу і нават дэперсаналізацыі. Ім неабходны глыток свежага паветра, атмасфера свята і творчасці, рэкрэацыя персанальнай свабоды і асобаснага росту, што і далі “Псіхалагічныя вакацыі”, — лічыць А.П.Лабанаў. — Фестываль прадэманстраваў арганічнае спалучэнне высокага прафесіяналізму, памножанага на дапытлівасць, адкрытасць і інавацыйны практыка-арыентаваны патэнцыял. Атмасфера была проста наэлектрызавана псіхалогіяй.

Інтэрактыўная форма майстар-класаў, актыўнае ўключэнне ў работу ўдзельнікаў фестывалю дазволілі ўсім цікава правесці час і папоўніць свой прафесійны багаж.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.