Птушка шчасця лунае над “Эўрыкай”

- 11:37Навіны рэгіёнаў

Іх, птушак, насамрэч шмат. Яны ўпрыгожваюць адну з лесвіц у Жлобінскім гарадскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Яго дырэктар — выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Вольга Мельнікава — праводзіць экскурсію па цэнтры, які па выніках 2019/2020 навучальнага года прызнаны лепшай установай дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці.

— Пры адкрыцці цэнтра ў 1997 годзе тут было чатыры гурткі і 69 навучэнцаў. Цяпер у нас 37 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаецца амаль паўтары тысячы дзяцей ад трох да 18 гадоў. Разна­стайнасць кірункаў і відаў творчасці дае ім магчымасць выбраць справу, якая ў выніку можа стаць прафесіяй ці проста застацца любімым заняткам, — гаворыць Вольга Мельнікава.

Тым часам казачныя птушкі нясуць на сваіх крылах дэвіз: “Ад простага да складанага і да поспеху!”. Гэта дэвіз мясцовай гульні ў дзіцячую акадэмію навук, у якой школьнікі праходзяць прыступкі росту ад бакалаўра, магістра да ганаровага члена акадэміі. Кожнае званне трэба пацвердзіць удзелам у конкурсах і дэманстрацыяй сваіх практычных уменняў па пэўным кірунку.

Тут вучаць думаць, марыць, ува­сабляц­ь свае мастацкія ідэі і фантазіі ў самым розным выглядзе: ад малюнка да танца. Выхаванцы мясцовай студыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў, пацвярджаючы званне студыі — “народная”.

Ва ўзорным калектыве спартыўна-бальнага танца “Элегія” пад кіраўніцтвам Ірыны Ільковай займаецца каля 100 чалавек і 18 майстроў спорту. “Элегія” прадстаўляе краіну на чэмпіянатах свету і радуе сваім майстэрствам жыхароў Жлобіна і ўсёй Гомельскай вобласці.

Кожную суботу шумна і весела тут праходзяць розныя мерапрыемствы для “эўрыканцаў”, школьнікаў і іх бацькоў. “Эўрыка” — гэта дзіўныя людзі, падобныя да дзяцей сваёй непасрэднасцю, адкрытасцю і ўспрыманнем свету.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.