Пясок, вада і паветра — усё, што трэба ўлетку юнаму даследчыку

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Чым заняць дзіця ўлетку і як зацікавіць дапытлівага малыша? Як гуляць не толькі з цікавасцю, але і з карысцю, не выкарыстоўваючы пры гэтым складаных і дарагіх цацак? У яслях-садзе № 1 Ваўкавыска гэтую праблему вырашаюць праз выкарыстанне ў рабоце з дзецьмі таго, чаго ўлетку дастаткова: пяску, вады, паветра і самых простых матэрыялаў.

Згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, фарміраванне ўяўленняў пра аб’екты і з’явы нежывой прыроды, узаемасувязі нежывой прыроды адбываецца пры рэалізацыі зместу адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода”. Для паспяховай арганізацыі работы па даследчай дзейнасці ў летні перыяд у дашкольнай установе распрацаваны рэкамендацыі для выхавальнікаў “Летнія гульні з пяском і вадой”, створана картатэка элементарных доследаў і эксперыментаў для дзяцей дашкольнага ўзросту, праведзены семінар-практыкум для педагогаў “Абсталяванне для гульняў з паветрам, вадой, пяском”, практыкум для бацькоў “Нетрадыцыйны дыдактычны матэрыял для гульняў з вадой і пяском”, “Выхоўваем юных даследчыкаў”.У гульнях з пяском выхавальнікі не абмяжоўваюцца традыцыйным наборам дыдактычнага матэрыялу: лапатка, вядзерца, формачкі. Добра, вядома, калі ёсць стацыянарны басейн або іншая ёмістасць, якую не трэба прыбіраць, але мы выкарыстоўваем і разнастайныя тазікі, ванначкі, вёдры і г.д. Галоўнае, каб у іх была вада, бо дзеці могуць гуляць з ёй доўгі час.
Дзякуючы бацькам, было набыта цікавае і карыснае абсталяванне для гульняў з вадой і пяском: пластмасавыя кубкі, лейкі, шумоўкі і лыжкі, апалонікі, пластыкавыя кантэйнеры і іншае. Зараз гэтае нетрадыцыйнае абсталяванне выкарыстоўваецца для арганізацыі гульняў з вадой і пяском.
Дзеці малююць на пяску, будуюць масты, замкі, капаюць каналы. Знаёмячыся з уласцівасцямі пяску, яны спасцігаюць прыёмы будаўніцтва з яго. У выніку ў выхаванцаў развіваюцца творчыя, даследчыя, канструктарскія здольнасці, эстэтычны густ. Пад кіраўніцтвам выхавальнікаў дзеці праводзяць самыя простыя доследы і эксперыменты: “Параўнанне мокрага і сухога пяску па вазе”, “З чаго складаецца пясок”, “Пясочныя гадзіннікі”, “Тоне-не тоне”, “Падводная лодка з яйка”, “Кветкі лотаці”, “Зловім паветра” і інш.
Лета дае магчымасць аб’яднаць усе віды дзейнасці, усе бакі выхавання ў даследчай дзейнасці, тым самым развіць у дашкольнікаў назіральнасць і дапытлівасць, імкненне да пазнання свету, пазнавальныя здольнасці, уменне вынаходзіць, а ў выніку — творчую асобу. У нашай дашкольнай установе гэтую магчымасць педагогі імкнуцца не прапусціць.

Марыя ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Ваўкавыска.