Расія: настаўнікі не падтрымалі заклікі адмяніць вынікі АДЭ па хіміі

- 12:55Паралелі

Адзіны дзяржаўны экзамен па хіміі разлічаны на профільны ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў і распрацаваны ў рамках кадыфікатара заданняў АДЭ. Нягледзячы на тое, што заканчэнне навучальнага года прайшло ў дыстанцыйным рэжыме, ніякага паслаблення ў заданнях сёлета не было і чакаць іх таксама было не варта. Пра гэта “Расійскай газеце” паведаміла кіраўнік Асацыяцыі настаўнікаў і выкладчыкаў хіміі Людміла Левіна. Яна пракаменціравала петыцыі аб адмене вынікаў АДЭ, якія з’явіліся ў інтэрнэце.

“Казаць пра тое, што ўсе заданні АДЭ архіскладаныя, нельга. Іх аўтары вельмі добра ведаюць, што ёсць у падручніках па хіміі, а чаго ў іх няма. Большасць заданняў у параўнанні з мінулым годам не змянілася, у некаторых выпадках змяніліся іх фармулёўкі, аднак тып заданняў захаваўся. І толькі адно заданне — нумар 34 — змянілася сур’ёзна. Яно заўсёды было самым складаным (гэта разліковая задача, якая патрабуе ведаў і па матэматыцы), але ў гэтым годзе было больш арыентавана на глыбокае разуменне і веданне хіміі, на аналіз, уменне разважаць, выбудоўваць лагічныя сувязі. Для яго рашэння недастаткова выкарыстання стандартных алгарытмаў, на якія можна вымуштраваць практычна любога вучня.

Каб паступіць у ВНУ, і тым больш на профільныя напрамкі, выпускнікі ўсё ж такі павінны ведаць хімію не на рэпрадуктыўным узроўні. На першых курсах ВНУ выкладчыкі павінны абапірацца на глыбокае веданне студэнтамі прадмета, а не ладзіць ім лікбез.

Мне тэлефануюць калегі з рэгіёнаў і пытаюцца: “Як жа так? У нас у старшых класах на хімію адводзіцца ўсяго адна-­дзве га­дзіны на тыдзень. Як жа мы можам навучыць дзіця за гэты час рашаць такія складаныя заданні?”

На гэта я магу адказаць так: АДЭ па хіміі не з’яўляецца абавязковым, яго здаюць толькі тыя, хто паступае ў адпаведныя ВНУ. Вядома ж, заданні высокага ўзроўню складанасці разлічаны на профільнае навучанне, на навучэнцаў тых класаў, у якіх на вывучэнне хіміі адводзіцца 5—6 гадзін на тыдзень. За дзве гадзіны на ты­дзень немагчыма прывесці выпускніка да высокага выніку. Больш за тое, нават выкладанне хіміі на профільным узроўні не можа гаранта­ваць паспяховую здачу экзамену ўсімі выпускнікамі, паколькі ўсе дзеці розныя, з рознымі здольнасцямі і матывацыяй. І гэтага нельга патрабаваць ад настаўнікаў. Але гэта не значыць, што трэба зніжаць планку і казаць: “Раз не ўсе спраўляюцца з заданнямі — давайце мы зробім іх прасцейшымі”. Гаворка ўсё ж такі ідзе пра адбор у ВНУ самых падрыхтаваных абітурыентаў.

Больш за тое, сёння Асацыяцыя настаўнікаў і выкладчыкаў хіміі змагаецца за тое, каб хімія стала абавязковым прадметам для ўсіх дзяцей у старшай школе, а не прадметам “па выбары дырэктара”, каб яна не заставалася на задворках вучэбных планаў. Хімію можна прыбраць са школы, але яе немагчыма прыбраць з жыцця.

У заключэнне хачу адзначыць, што, нават калі камусьці экзамен здаўся вельмі складаным, гэта не падстава панікаваць, паколькі ўсе выпускнікі знаходзяцца ў аднолькавай сітуацыі і паступаць у ВНУ ўсе будуць па выніках адных і тых жа АДЭ. А калі ў гэтым годзе ў нас будзе менш стабальнікаў — нічога страшнага, гэта адэкватная ацэнка не самай лепшай сітуацыі з навучаннем хіміі ў адукацыйных арганізацыях краіны. Давайце без істэрык дачакаемся вынікаў і толькі тады правядзём іх сур’ёзны аналіз”, — сказала яна.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.