Расія: усерасійская лабараторная работа “прапампавала” мазгі студэнтаў і школьнікаў

- 11:34Паралелі

У Маскве, Санкт-Пецярбургу, Новасібірску і іншых гарадах Расіі 22 красавіка прайшла татальная пазнавальная акцыя — лабараторная работа. Што можа рухацца хутчэй святла? Ці можа соль змяшчаць ГМА? Колькі важыць зрэнка кіта? Ці бачны з Зямлі цёмны бок Месяца? Гэтыя пытанні могуць здацца дзіцячымі, але разважаць над імі давялося па-даросламу.

У навуковым суботніку ўдзельнічала некалькі тысяч студэнтаў, школьнікаў, іх бацькоў і проста прыхільнікаў папулярызацыі навуковых ведаў. Юным лабарантам не спатрэбіліся прыборы, колбы і рэактывы. Усе эксперыменты віртуальныя і абмежаваны толькі фантазіяй удзельнікаў. Гэта тэст і гульня, прычым гульня вельмі цікавая. Мэта — патрэніраваць мозг і нагадаць, адкуль мы з’явіліся, як уладкавана прырода і чаму працуе тэхніка.

Сонечная радыяцыя, пратоны і нейтроны, генетыка чалавека, Міжнародная касмічная станцыя, глабальны клімат, сучасныя працэсары, вуглевадароды — спектр тэм надзвычай шырокі. У дапамогу студэнту не толькі розум і інтуіцыя — на лабараторнай рабоце можна карыстацца інтэрнэтам. Але лепш памятаць, што правяраеш сябе, а не Google.

Ілжывыя ідэі перадаюцца ад чалавека да чалавека, як вірусы, і напаўняюць наш мозг глупствам, лічаць арганізатары навуковага суботніка. І калі слова “лухта” (па-руску “чепуха”) напісаць ад рукі, а потым прачытаць так, быццам надпіс зроблены лацінкай, атрымаецца “рэнікса”. Менавіта гэтым словам савецкі фізік Аляксандр Кітайгародскі паўстагоддзя назад назваў кнігу пра псеўданавуковыя памылкі. З тых часоў колькасць глупства ў галовах не зменшылася. Гэтай тэме прысвечана адно з самых цікавых заданняў лабараторнай работы.

Трэба вызначыць: факт перад вамі або рэнікса. Вось самыя распаўсюджаныя з такіх памылак: “Калі чарвяка разрэзаць напалову, атрымаецца два чарвяка”, “Грыбы нельга вырваць з коранем, каб не пашкодзіць грыбніцы”, “Харчавацца ГМА небяспечна, таму што ў іх змяшчаюцца гены”. Пералічваць можна доўга.

“З аднаго боку, сёння некампетэнтнасць, невуцтва ў цэлым становіцца агульнай бядой, таму спадзяюся, што гэтае мерапрыемства праб’е сцяну не вельмі сур’ёзных адносін да ведаў, — гаворыць прарэктар па навуцы і інавацыях Нацыянальнага даследчыцкага тэхнічнага ўніверсітэта “МІСіС” Міхаіл Філонаў. — З іншага боку, вельмі прыемна назіраць, што ўсё больш людзей верыць у тое, што веды — сіла”.

НДТУ “МІСіС” стаў цэнтральнай пляцоўкай Усерасійскай лабараторнай работы. Тут усе ўдзельнікі маглі паспрабаваць свае сілы ў лічбавым праектаванні і выразаць лазерам уласную бірульку — рандамайзер (універсальны генератар адказаў: круціш міні-рулетку, задаеш пытанне — і табе выпадковым чынам выпадае варыянт “так”, “не”, “пазней” ці “забудзься”).

Папулярызацыя навукі можа стаць адным са шляхоў вырашэння надзвычай актуальнай сёння праблемы — арганізацыі дадатковай адукацыі дзяцей. Не менш за 75% школьнікаў павінна хадзіць у гурткі і секцыі, займацца ў студыях і майстэрнях.

“Нам неабходна да 2020 года паэтапна перазагрузіць сістэму адукацыі для дзяцей: гэта азначае, што ў любым рэгіёне кожнае дзіця павінна атрымаць доступ да сучаснай і якаснай адукацыі і магчымасць самастойна выбіраць патрэбныя яму кампетэнцыі”, — расказаў намеснік міністра адукацыі і навукі Веньямін Каганаў.

У Расіі будуць адкрыты кванторыумы — навукова-забаўляльныя цэнтры, дзе дзеці змогуць прыняць удзел у эксперыментах, доследах, арганізаваць уласныя даследаванні. Лабараторыі і цэхі кванторыумаў аснасцяць сучасным абсталяваннем, каб школьнікі маглі вывучаць прыродныя і фізічныя з’явы, рашаць рэальныя інжынерныя задачы. У кванторыумах ніхто не будзе смяяцца з дзіцяці, якое спытае: “А што будзе, калі пасыпаць туман соллю або зрабіць у акварыуме маленькую дзірку?”

Што тычыцца ВНУ, то Міністэрства адукацыі і навукі прапануе 60-і з іх стварыць на сваіх пляцоўках цэнтры інавацыйна-тэхнічнага і сацыяльнага развіцця. “Да чэрвеня мы павінны арганізацыйна скласці мадэль, аб’явіць яе і запрасіць універсітэты”, — падзялілася планамі намеснік міністра адукацыі і навукі Людміла Агародава.

Пры складанні спіса ВНУ Мінадукацыі возьме за аснову вынікі маніторынгу эфектыўнасці. Пры гэтым ВНУ павінна мець у сваёй інфраструктуры тэхнапарк, інжынірынгавы цэнтр або бізнес-інкубатар. “Палова ўніверсітэтаў гэта мае, а значыць, мае і мадэлі кіравання, каманды, якім можна ставіць агульныя, больш глабальныя для тэрыторыі задачы”, — удакладніла намеснік міністра.

Усе ўніверсітэты павінны мець дачыненне да рэгіянальных кластараў, спецыяльных эканамічных зон. Напрыклад, у Прыморскім краі 8 ВНУ маюць добрыя паказчыкі ў маніторынгу эфектыўнасці. Гэта, напрыклад, Уладзівастоцкі дзяржуніверсітэт эканомікі і сэрвісу, Ціхаакіянскі дзяржаўны медуніверсітэт. У Краснадарскім краі 18 ВНУ паказалі сябе ў маніторынгу як эфектыўныя. Сярод іх — Кубанскі дзяржаўны ўніверсітэт, Кубанскі медыцынскі і тэхналагічны дзяржуніверсітэты. У Свярдлоўскай вобласці сярод эфектыўных — 22 ВНУ.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што ў навуковым суботніку ўдзельнічала шмат студэнтаў-тэхнароў, адзін з самых высокіх балаў атрымала Кацярына Руднева — 10-класніца з Міціна, якая плануе паступаць у РДУ нафты і газа.