Прадстаўнікі вядучых ВНУ Расіі падвялі вынікі першай хвалі прыёмнай кампаніі. З асноўнымі тэндэнцыямі цяперашняй уступнай кампаніі прапаноўваюць пазнаёміцца “Известия”.
Найбольшай папулярнасцю ў гэтым годзе карыстаюцца прыродазнаўчанавуковыя напрамкі — фізіка, хімія, матэматыка і медыцына.
Гуманітарыі выбіраюць паліталогію і журналістыку. Аднымі з топавых па суадносінах колькасці бюджэтных месцаў і колькасці пададзеных заяў сталі факультэт сусветнай палітыкі і факультэт глабальных працэсаў МДУ, дзе конкурс склаў 52 чалавекі на месца. Конкурс на факультэт міжнародных адносін МДІМА — 83 чалавекі на месца. Таксама ў ВНУ адзначылі рост сярэдняга бала АДЭ ў абітурыентаў. Так, агульны бал сярод залічаных студэнтаў у РУДН у 2016 годзе складаў 65,82. У 2017-м — ужо 71,12.
У пачатку жніўня прайшла асноўная хваля залічэнняў у ВНУ. Па яе выніках была размеркавана львіная доля бюджэтных месцаў. Напрыклад, у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава бюджэтныя месцы запоўнены на 80%.
— Усяго ў Маскоўскі ўніверсітэт пададзена каля 30 тысяч заяў. У верасні студэнтамі МДУ стануць дзесяць тысяч таленавітых хлопцаў і дзяўчат, якіх мы навучым думаць. Нягледзячы на тое, што мы адчуваем наступствы дэмаграфічнага спаду канца 90-х, сярэдні конкурс у МДУ стабільна расце. У гэтым годзе ён дасягнуў 7,3 чалавека на месца, — сказаў рэктар МДУ Віктар Садоўнічы.
Рэктар адзначыў, што, як і ў мінулым годзе, вялікай папулярнасцю карыстаюцца прыродазнаўчанавуковыя напрамкі. Але вялікі конкурс захоўваецца і сярод гуманітарных спецыяльнасцей: філасофія, псіхалогія, журналістыка. Добрыя лічбы прыёму “даў новы факультэт касмічных даследаванняў”.
Першае месца па папулярнасці заняў факультэт фундаментальнай фізіка-хімічнай інжынерыі (конкурс павялічыўся на 33%). На другім месцы — факультэт вылічальнай матэматыкі і кібернетыкі (рост конкурсу на 29%) і факультэт глебазнаўства (на 21%). Сярод гуманітарных напрамкаў прырост паказалі філасофскі факультэт (на 15%), факультэт псіхалогіі (на 11%) і факультэт журналістыкі (на 10%).
Адказны сакратар прыёмнай камісіі МДІМА Ігар Пуцінцаў расказаў “Известиям”, што сярэдні бал АДЭ тых, хто паступіў на бюджэтную форму навучання, у гэтым годзе склаў 95, на дагаворную — каля 80. У мінулым годзе бал на бюджэт быў 94.
— Амаль палова залічаных у МДІМА (45%) — залатыя медалісты. У МДІМА паступілі абітурыенты з 77 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, з іх 46% жывуць за межамі Масквы. 126 чалавек (амаль 30% бюджэтнага набору) залічаны ва ўніверсітэт без экзаменаў па выніках алімпіяд, — сказаў Ігар Пуцінцаў.
У РУДН больш за ўсё заяў было пададзена на факультэт “Лячэбная справа” (больш за 4 тысячы), “Стаматалогія” (больш за 2,5 тысячы) і “Фармацыя” (больш за 2 тысячы). У МДІМА ўжо традыцыйна самымі запатрабаванымі сталі факультэт міжнародных адносін, міжнародна-прававы факультэт, факультэт міжнародных эканамічных адносін, факультэт міжнароднай журналістыкі. Так, конкурс на бюджэтныя месцы на праграму “Міжнародныя адносіны” склаў 83 чалавекі на месца.
Усяго на праграмы бакалаўрыята МДІМА МЗС Расіі ў 2017 годзе паступілі 1378 абітурыентаў (на 50 чалавек больш, чым у мінулым годзе). У Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэце “Известиям” расказалі, што самы вялікі конкурс у гэтым годзе назіраўся ў Інстытуце журналістыкі, камунікацый і медыяадукацыі. Конкурс склаў 35 чалавек на месца.
— Конкурс у Інстытуце замежных моў — 25 чалавек на меца, у Інстытуце філалогіі — 11 чалавек на месца. Гэта самыя запатрабаваныя на цяперашні момант напрамкі падрыхтоўкі, — сказала начальнік упраўлення па арганізацыі прыёму паступаючых у МПДУ Вольга Князева. — Таксама высокім попытам карыстаюцца праграмы традыцыйнага для нас напрамку падрыхтоўкі — педагагічнай адукацыі. Яны ёсць у кожным з 15 вучэбных падраздзяленняў — інстытутаў і факультэтаў.
Кіраўнік прэс-службы МПДУ Міхаіл Цімафееў паведаміў, што сёння запоўнена 80% бюджэтных месцаў. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце на вочную форму — 19 чалавек на месца, на вочна-завочную — 8 чалавек на месца. Сярэдні бал АДЭ склаў 72.