Расія: замежным студэнтам дазволілі вярнуцца ў краіну

- 12:25Паралелі

Замежным студэнтам, аспірантам, ардынатарам, слухачам падрыхтоўчых факультэтаў дазволена вярнуцца ў Расію для працягу навучання, паведамляе Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. Ведамства ўжо распрацавала парадак уезду студэн­таў з-за мяжы.

Прама цяпер трапіць у Расію для навучання змогуць студэнты з Абхазіі, Азербайджана, Арменіі, Беларусі, В’етнама, Грэцыі, Егіпта, Індыі, Казахстана, Катара, Кіргізіі, Кубы, Мальдыўскай Рэспублікі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Сейшэльскіх астравоў, Сербіі, Сінгапура, Танзаніі, Турцыі, Фінляндыі, Швейцарыі, Эфіопіі, Паўднёвай Карэі, Паўднёвай Асеціі, Японіі — гэта значыць  замежныя грамадзяне толькі тых краін, якія прызнаны Расспажыўнаглядам як эпідэміялагічна небяспечныя.

“Спіс дзяржаў, адкрытых для ўезду ў Расію замежных студэнтаў, рэгулярна абнаўляецца Расспажыўнаглядам, — паведамляе Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. — Ён будзе даводзіцца да навучэнцаў універсітэтамі, у тым ліку праз асабістыя кабінеты на сайтах, афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках і месенджарах”.

Таксама ў ведамстве расказалі пра некалькі важных правіл.

1) Перад прыездам у Расію замежныя студэнты павінны не менш чым за 10 дзён паведамiць па электроннай пошце ва ўніверсітэт пра дату ўезду ў Расійскую Федэрацыю. Пасля адпраўкі электроннага ліста ім прыйдзе інфармацыя пра ўезд.

2) Не раней чым за 3 каляндарныя дні да прыбыцця ў Расію неабходна зрабіць тэст на COVID-19 метадам ПЦР і, калі вынік адмоўны, атрымаць у сваёй краіне адпаведны дакумент на рускай або англійскай мове.

3) На працягу 72 гадзін пасля ўезду на тэрыторыю Расіі замежныя студэнты павінны здаць паўторны ПЦР-тэст. Да атрымання вынікаў ім неабходна выконваць рэжым самаізаляцыі па месцы пражывання. У перыяд ізаляцыі навучанне праходзіць у анлайн-фармаце. Без паўторнага тэста замежныя студэнты не дапускаюцца да вочнага навучання.

4) У выпадку, калі ў перыяд самаізаляцыі ў замежных студэнтаў з’яўляюцца першыя сімптомы вострага рэспіраторнага захворвання (павышаная тэмпература, болі ў горле, насмарк, кашаль), трэба неадкладна паведаміць пра гэта ва ўніверсітэт і выклікаць доктара.

Пакрокавая інструкцыя аб тым, што рабіць замежным студэнтам, аспірантам, ардынатарам, слухачам падрыхтоўчых факультэтаў да прыезду ў Расію і ў першыя тыдні пасля, будзе накіравана ім па электроннай пошце і размешчана на сайтах універсітэтаў і ў сацсетках, — падкрэслілі ў Міністэрстве навукі і вышэйшай адукацыі. Пра гэта паведамляе “Расій­ская газета”.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.