Ратаванне — у музыцы і педагогіцы

- 14:57Апошнія запісы, Людзі адукацыі, Рознае

Свой аповед пра вайну Ганна Дзмітрыеўна Мартыновіч пачынае з таго, як яна трапіла ў палон. Памяць дзевяностагадовай настаўніцы дасюль трымае той жахлівы момант: “Мы з мамай былі на рэчцы, я ёй дапамагала мыць бялізну. Да нас прыехаў Мікіта Шэраш. Ён быў нашым аднавяскоўцам, але прадажным: падаўся да немцаў. Пасадзіў ён мяне ў воз і павёз у Нароўлю. А там я ўбачыла павешанага хлопца. Ён не хацеў падпарадкоўвацца загадам немцаў”, ―— пачала ўспамінаць Ганна Дзмітрыеўна. Хаця мінула многа гадоў, голас яе дрыжаў. Успаміны зноў захапілі яе ў палон.

У Нароўлі давялося затрымацца на два дні. Напэўна, немцы збіралі моладзь па ўсёй акрузе. Ішоў 1942 год, і фашысцкія канцлагеры патрабавалі новай працоўнай сілы. У Нароўлі ж сабралі падводы, пасадзілі ў іх палонных і папярэдзілі, што калі хто хоць крок зробіць, каб збегчы, то адразу ж раздзеліць лёс таго павешанага хлопца. Трэба адзначыць, што тады, каб запалохаць людзей, у Нароўлі адбываліся паказальныя пакаранні. Успамінаць той жах нават цяпер Ганна Дзмітрыеўна без слёз не можа.
“Ведаеце, тады, едучы ў падводзе, мне было вельмі страшна. Найперш ад таго, што не ведала, што будзе далей. Акрамя таго, я ніколі нікуды не ездзіла. Мы з бацькамі жылі ў вёсцы Завойць, а ў Наролю ездзілі толькі ў бальніцу. Давезлі нас тады да нейкай рэчкі, а да поезда ў Калінкавічы ішлі пешшу. Затым пасадзілі ў вагоны таварнага поезда. Усіх разам — і хлопцаў, і дзяўчат. Ехаць было цяжка, нават немагчыма, бо трымалі нас у нечалавечых ўмовах. Не было як схадзіць у туалет, таму ўсё даводзілася рабіць у вагоне. Прыкрываліся хусткамі.
Ехалі доўга. Прывезлі нас у нямецкі горад на Балтыйскім моры, дзе расфарміравалі па лагерах. Затым нас перавезлі ў Мюнстэр, бо ў папярэднім месцы пачаліся абстрэлы. І немцы, адыходзячы, расстрэльвалі самых нямоглых і закопвалі іх на тэрыторыі лагера. А некаторыя яшчэ дыхалі, і было адчуванне, што зямля варушыцца. Гэта было жахліва і невыносна.
У Мюнстэры, напэўна, да нас размяшчаліся немцы. Вакол не было калючага дроту, і баракі былі надта ж чыстыя і ўтульныя. Рабілі тое, што загадвалі. Расчышчалі дарогі пасля бамбёжак, будавалі новыя баракі для палонных.
Затым быў Білефельд, дзе нас зноў засталі бамбёжкі, прычым вельмі моцныя і працяглыя. А аднойчы так бамбілі, што немец, які загадваў нашым баракам, дазволіў перачакаць у сваім бункеры. І вось, нарэшце, сціхла. А затым мы пачулі: “Выходзьце, вы вольныя!” Нас вызвалілі саюзнікі, амерыканцы. І было гэта 4 красавіка 1945 года, але на радзіму я вярнулася толькі ў верасні 1945 года”, — успамінае Ганна Дзмітрыеўна.

Пасляваеннае жыццё таксама было няпростым, але мая гераіня была вельмі прагнай да вучобы, хоць у той час, каб выжыць, трэба было шмат працаваць. Ганну прынялі ў 7 клас. Вучылася яна ў Нароўлі ў Надзеі Карпаўны. Вучыцца было складана, тым больш што дзяўчына была старэйшай за сваіх аднакласнікаў і, зразумела, шмат чаго прапусціла. Але жаданне вучыцца дапамагло пераадолець усе перашкоды. Настаўніца беларускай мовы нават у прыклад ставіла Ганну, якая некалькі гадоў не тое што кнігу ў руках не трымала, а нават простага алоўка. А дыктанты пісала на “чацвёркі”.
Наступным пасляваенным этапам Ганны Дзмітрыеўны стала паступленне ў Мазырскае педагагічнае вучылішча. Бацька сумняваўся, што дачка “з-за педагагічнай навукі зможа хлеб есці”. А яна паехала. Паехала і паступіла. Але і тут вучыцца было няпроста. Падручнікаў, кніг не было, таму даводзілася ўважліва слухаць выкладчыкаў і ўсё старанна запісваць у канспект. Фізіка Ганне Дзмітрыеўне не давалася, але выкладчык ставіўся да гэтага з разуменнем. На другім курсе Ганне давялося дэманстраваць свае педагагічныя здольнасці на практыцы. І быў гэта ўрок спеваў, які прайшоў проста бліскуча.
Да таго часу Ганна Дзмітрыеўна здолела авалодаць скрыпкай. Як прызналася мая гераіня, музыка ёй давалася з самага дзяцінства. А выкладчык музыкі ў педагагічным вучылішчы проста адшліфаваў яе прыродныя задаткі. І пакуль аднакурснікі зубрылі хімію і фізіку, Ганна Дзмітрыеўна адточвала сваё музычнае майстэрства. Яна, дарэчы, і ў лагеры спявала ў хоры. Як жа былі рады тыя дзеці, куды са сваім першым урокам прыйшла маладая настаўніца! Ганна Дзмітрыеўна распланавала ўвесь урок, прычым зрабіла гэта сама, без дапамогі выкладчыкаў. Тое, што ўрок прайшоў удала, стала зразумела, калі празвінеў званок. Дзеці абступілі настаўніцу і прасілі прыходзіць да іх яшчэ.
Затым, ужо на трэцім курсе, неабходна было прайсці праз педагагічную практыку. Ганна Дзмітрыеўна выбрала сваю вёску. Тыднёвая практыка аказалася паспяховай. Ёй зноў удалося здзівіць і захапіць сваіх вучняў. Да музычных здольнасцей дадаліся гімнастычныя. Маладая настаўніца лёгка магла сесці на шпагат, зрабіць “мосцік” ці “ластаўку” і праяўляла сябе падчас стварэння так званых пірамідак, калі дзяўчаты станавіліся на плечы адна адной, утвараючы піраміду.
І вось, нарэшце, дарослае прафесійнае жыццё, якое Ганна Дзмітрыеўна пачала ў вёсцы Крупка Лельчыцкага раёна. Менавіта туды яе размеркавалі пасля вучылішча. І менавіта там яна стварыла сваю сям’ю. Мужам Ганны Дзмітрыеўны стаў Іван Нікіціч Мартыновіч. Яны разам вучыліся ў педвучылішчы. Іван Нікіціч заглядаўся на спрытную Ганну яшчэ падчас навучання. Ён, дарэчы, падчас вайны служыў у партызанах, што, канечне, загартавала яго характар, але ад цяжкасцей не ўратавала.

У вёсцы яны чакалі маладых настаўнікаў з першага дня. Крупка на той момант была самай звычайнай пасляваеннай вёскай, без электрычнасці, добрых дарог, уладкаваных хат. Усё было ў працэсе аднаўлення. І маладым настаўнікам школу давялося аднаўляць практычна з нуля. Пад школу была аддадзена лазня. А гэта, самі разумееце, збудаванне невялікае. Прыехаўшы ў школу, Ганна Дзмітрыеўна ўбачыла невялікую дошку, на якой папярэдняя настаўніца пісала вугальком. Але маладыя педагогі рукі не апускалі — за працу ўзяліся з вялікім энтузіязмам. Ганна Дзмітрыеўна вучыла першы і трэці класы, а Іван Нікіціч —― другі і чацвёрты. На дваіх выходзіла 58 дзяцей. У такіх умовах настаўнікі прапрацавалі амаль 14 гадоў.
У 1962—1964 гадах пад кіраўніцтвам Івана Нікіціча ішло будаўніцтва новай школы. Ён быў, як тады лічылася, загадчыкам пачатковай школы. Іван Нікіціч прывёз у школу новыя парты, дошкі. Колькі было радасці і ў дзяцей, і ў настаўнікаў! Кіраваў новай школай Іван Нікіціч яшчэ каля дзевяці гадоў. Затым перайшоў у школу-інтэрнат суседняй вёскі, а Ганна Дзмітрыеўна засталася ў вёсцы Крупка і сумяшчала дзве пасады: настаўніцы пачатковых класаў і загадчыцы школы. І трэба адзначыць, што гэта ў яе выдатна атрымлівалася.
Парадак быў усюды — і ў класах, і ў школе. На сценах віселі прыгожыя павучальныя плакаты, а ў спартыўнай зале былі вельмі дэфіцытныя ў той час маты. Ганна Дзмітрыеўна па праве ганарыцца той сваёй школай, дзе былі створаны ўсе ўмовы для навучання і выхавання. Бацькі імкнуліся аддаваць сваіх дзяцей менавіта да Ганны Дзмітрыеўны, бо ведалі, што яна дасць трывалыя веды. А настаўніца аддавалала ўсю сябе сваім вучням. Яна і цяпер памятае сваіх выдатнікаў па імёнах. Тады ж, працуючы ў школе, імкнулася і сваім вучням прывіць тую цягу да вучобы, якую мела сама.
Ганна Дзмітрыеўна ведала ўсіх сваіх будучых першакласнікаў, запрашала іх на ўсе школьныя святы, прывучаючы тым самым да школы. І дзеці не баяліся сядзець за партай. Наадварот, яны беглі ў школу з вялікім задавальненнем, бо там іх чакала любімая настаўніца. І Ганна Дзмітрыеўна чакала кожнага вучня. Канечне, усе яны былі розныя: цікаўныя і раўнадушныя, паслухмяныя і нястрыманыя непаседы, але настаўніца мела ключык да кожнага. Сваю работу педагог будавала зыходзячы з магчымасцей кожнага дзіцяці.
Да кожнага ўрока заўсёды рыхтавала план-канспект, дзе дакладна ўказвала віды самастойнай работы, іх працягласць, выкарыстанне наглядных дапаможнікаў, дадатковы матэрыял да падручніка, практычныя заданні і практыкаванні для паўтарэння. І, дарэчы, дасюль такую падрыхтоўку лічыць апраўданай. А працаваць ёй даводзілася ў двух класах адначасова. Разам з тым улічвала розны тэмп работы дзяцей. Для больш моцных падбірала дадатковы матэрыял у выглядзе картак з заданнямі, прыкладамі, граматычнымі практыкаваннямі, заданнямі творчага характару, а для слабейшых ―— індывідуальныя заданні.

Ганна Дзмітрыеўна заўсёды належала да тых настаўнікаў, якія лічаць, што дробязей у педагагічнай працы не бывае. Менавіта таму да абсталявання школьнага класа заўсёды ставілася сур’ёзна. Заўсёды дбала пра дадатковую літаратуру. Вучыла дзяцей самастойнасці. Часта на ўроках звярталася да мясцовага матэрыялу. Напрыклад, на ўроках матэматыкі прапаноўвала вучням складаць задачы на аснове сваіх жыццёвых назіранняў. Але, напэўна, самімі любімымі ўрокамі для школьнікаў былі спевы, дзе яны не проста выконвалі дзіцячыя песенькі, а вучылі нотную грамату.
Трэба адзначыць, што ўзрост маёй гераіні ніяк не паўплываў на яе здольнасці. Падчас нашай сустрэчы Ганна Дзмітрыеўна проста ашаламіла мяне свамі прыгожымі спевамі. Больш за тое, некалькі песень яна праспявала нотамі!
Педагагічнай дзейнасці Ганна Дзмітрыеўна Мартыновіч аддала 48 гадоў. Яна была не толькі настаўніцай і загадчыцай. Яшчэ Ганна Дзмітрыеўна была метадыстам, які ахвотна дзяліўся сваімі напрацоўкамі з калегамі, і дэпутатам сельскага савета, які заўсёды цікавіўся патрэбамі сваіх выбаршчыкаў. Канечне, такая плённая праца заўсёды адзначалася граматамі і падзякамі, а яе муж Іван Нікіціч Мартыновіч за сваю асветніцкую дзейнасць быў удастоены звання “Заслужаны настаўнік БССР”.
Але самая галоўная падзяка — гэта поспехі яе вучняў, якія памятаюць сваю настаўніцу па сённяшні дзень і тэлефануюць ёй, дбаючы пра здароўе. Гэтак жа, як і яна некалі турбавалася пра кожнага свайго выхаванца, нават тады, калі ён заканчваў пачатковую школу і ішоў вучыцца далей. Ганна Дзмітрыеўна заўсёды ўважліва сачыла за тым, як яе вучні займаюцца далей. Сама часта наведвала Буйнавіцкую сярэднюю школу, удзельнічала ў рабоце педагагічнага савета, метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў.
Сваю працяглую педагагічную дзейнасць Ганна Дзмітрыеўна тлумачыць вельмі проста: “Я вельмі любіла сваю работу, дзяцей і школу. Я ніколі не сварылася на сваіх вучняў, і ў мяне ніколі не было праблем з дысцыплінай. Я заўсёды чытала шмат метадычнай літаратуры, а самае галоўнае ―— вучылася ў сваіх калег, сапраўдных майстроў педагагічнай працы”, ― адзначыла Ганна Дзмітрыеўна.
Яна і сама здолела стаць сапраўдным майстрам, мэтанакіраванасці і ўпартасці якога можна толькі пазайздросціць. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, Ганна Дзмітрыеўна здолела захаваць жыццярадаснасць, дабрыню, шчырасць і веру ў людзей. І дапамаглі ёй у гэтым музыка і педагогіка, якія сталі ратаваннем і сапраўдным маяком у жыцці. Ганна Дзмітрыеўна здолела выхаваць траіх дзяцей, такіх жа жыццялюбаў, як і яна сама.
Напярэдадні свята — 70-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — Ганна Дзмітрыеўна Мартыновіч атрымала ўзнагароду, прымеркаваную да гэтай памятнай даты. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і пажаданняў здароўя, якія гучаць гэтымі днямі для ўсіх удзельнікаў той жахлівай вайны. А яшчэ мы хочам сказаць ім дзякуй. Дзякуй за памяць, за тыя ўспаміны, якія робяць нас больш адказнымі і вучаць цаніць чалавечае жыццё.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота з сямейнага архіва Ганны МАРТЫНОВІЧ.