Ратуем караблі

- 11:27Портфолио

Элементы займальнасці, гульня, усё незвычайнае, нечаканае выклікаюць у дзяцей багатае сваімі вынікамі пачуццё здзіўлення, жывую цікавасць да працэсу пазнання.

У працэсе гульні на ўроку матэматыкі незаўважна для сябе навучэнцы выконваюць розныя практыкаванні, дзе ім даводзіцца параўноўваць мноствы, выконваць арыфметычныя дзеянні, трэніравацца ў вусным лічэнні, рашаць задачы. Гульня ставіць вучняў ва ўмовы пошуку, абуджае цікавасць да перамогі, а адсюль — імкненне быць хуткім, сабраным, знаходлівым, умець дакладна выконваць заданні, прытрымлівацца правіл гульні. У гульнях, асабліва калектыўных, фарміруюцца і маральныя якасці асобы, развіваецца пачуццё адказнасці, калектывізму, выхоўваецца воля, характар. Гульня неабходна і для захавання пераемнасці паміж дзіцячым садам і школай. Усё гэта патрабуе творчага падыходу ў рабоце настаўніка. Так, на этапе вуснага лічэння выкарыстоўваю гульнявыя і займальныя заданні, дыдактычныя гульні: “Збяры букет”, “Матэматычная рыбалка”, “Хто хутчэй?”, “Маўчанка”, “Матэматычная эстафета”, “Размясці лікі і адгадай слова” і г.д.

Работу імкнуся арганізаваць так, каб вучэбны матэрыял станавіўся прадметам актыўных дзеянняў вучняў. Ад таго, наколькі ўсвядомлена, творча, з жаданнем будуць вучыцца дзеці ў пачатковай школе, зале­жыць у далейшым самастойнасць іх мыслення, уменне звязваць тэарэтычны матэрыял з практычнай дзейнасцю.

Найбольш эфектыўныя сродкі развіцця цікавасці да вучэбнага прадмета, якія выкарыстоўваюцца на ўроку, — дыдактычная гульня, лагічныя заданні, задачы павышанай цяжкасці, самастойная работа. Сістэматычнае выкарыстанне матэматычных дыктантаў дапамагае актывіза­ваць разумовую дзейнасць дзяцей, трэніруе памяць і ўвагу. Пашыраюць кругагляд, дапамагаюць лепш арыентавацца ў патоку інфармацыі, які пастаянна ўзрастае, крыжаванкі. З лёгкасцю дзеці запамінаюць вясёлыя вершаваныя радкі і прымяняюць іх пры выкананні
заданняў:

  •   Калі шукаем ШЫРЫНЮ,

Дзелім плошчу на даўжыню.

  •    Знайсці хочаш ДАЎЖЫНЮ —

Падзялі на шырыню.

Урокі будую такім чынам, каб кожны навучэнец быў заняты вырашэннем якой-небудзь праблемы, ствараю сітуацыю выбару: прапаную дыферэнцыраваныя заданні рознай ступені складанасці, што дае магчымасць вучню паверыць у свае сілы і стварыць сітуацыю поспеху.

Па-мойму, правільней будзе не дзя­ліць дзяцей на “слабых” і “моцных”, а аднесці іх да трох умоўных груп. Гэтыя групы не пастаянныя, іх склад можа мяняцца:

1 група — дзеці, здольныя якасна спраўляцца з матэрыялам за кароткі тэрмін і аказваць дапамогу іншым;

2 група — дзеці, здольныя справіцца самастойна;

3 група — дзеці, якія патрабуюць пастаяннай дадатковый дапамогі.

Асаблівыя цяжкасці ў вывучэнні матэматыкі ў пачатковай школе выклікае работа над тэкставай задачай. Каб выклі­каць цікавасць навучэнцаў з розным узроўнем навучанасці да такога віду дзейнасці і рэалізаваць дыферэнцыяцыю пошукавай актыўнасці пры рашэнні задач, выкарыстоўваю на ўроках індывідуальныя карткі, якія змяшчаюць сістэму заданняў, звязаную з аналізам і рашэннем адной і той жа задачы, але на розных узроўнях. З этычных меркаванняў у прапанаванай вучню картцы узровень не пазначаю, а адрозненне варыянтаў адзначаю кружочкамі рознага колеру ў верхнім вуглу карткі ці паласой.

Работа над тэкставай задачай на ўроку з дапамогай апісаных картак-заданняў арганічна ўпісваецца ў ход урока, зручная ў арганізацыі, павышае самастой­насць навучэнцаў, дазваляе фарміраваць у іх уменні рашаць тэкставыя матэматычныя задачы на даступным узроўні складанасці. Работа па індывідуальных картках арганізуе вучняў на поўную самастой­насць, кожны можа сябе ацаніць і вызначыць свае недахопы ў ведах. Кожны вучань ведае, што ўсё залежыць ад яго стараннасці.

Спосаб дыферэнцыяцыі па ўзроўні складанасці прадугледжвае або ўскладненне, або спрашчэнне заданняў для асобных груп навучэнцаў. У якасці ўскладнення матэрыя­лу прапаную дзецям больш складаны лікавы матэрыял, выкарыстанне ў заданнях літар замест лікаў, павелічэнне колькасці дзеянняў у задачы, выразе, выкарыстанне адваротнага задання замест прамога.

Узровень складанасці задання можна падаць у гульнявой форме. Напрыклад: “Ратуем караблі, што трапілі ў шторм! (“Прыбіраем ялінкі”, “З балота ратуем бегемотаў” і інш.). Цяжэй за ўсё, дзеці, вам будзе выратаваць вялікі карабель, але нават калі вы бу­дзе­це ратаваць самы маленькі, усё роўна бу­дзе карысць”.

Умелае выкарыстанне матэрыялу павышае эфектыўнасць вучэбнага працэсу, выхоўвае цікавасць да матэматыкі, да рашэння неардынарных задач, развівае імкненне пазнаваць і прымяняць свае веды на практыцы.

Надзея ПАПОВА, 
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Нароўлі.