Раз хваінка, два хваінка

- 11:08Навіны рэгіёнаў

Кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама прыняло ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”. Начальнік упраўлення Руслан Смірноў і паплечнікі займаліся пасадкай хвой і бяроз у складзе каманды Гомельскага аблвыканкама.

Не ўпершыню ў акцыі ўдзель­нічае намеснік на­чальніка аддзела галоўнага ўпраўлення адукацыі Дзмітрый Чорненькі, які падкрэсліў важнасць таго, каб лясы заставаліся нашчадкам:

— Важна, што да такіх акцый далучаюцца людзі розных пакаленняў і ўзростаў. Прыемна, што ўсе хочуць і ў будучыні бачыць нашу краіну з багатымі лясамі.

Сёлета падчас акцыі “Чысты лес” у Гомельскай вобласці высаджана больш за 500 тысяч саджанцаў. Увогуле, гэтай восенню на Гомельшчыне запланавана пасадзіць новы лес на плошчы звыш 3,5 тысячы гектараў. Да таго ж будзе праве­дзена дапаўненне лясных культур на плошчы больш за 6 тысяч гектараў. У мінулыя гады хваёвыя лясы ў Паўднёва-ўсходнім рэгіёне Беларусі значна пацярпелі ад караеда. Таму апошнім часам на высечаных тэрыторыях ідзе актыўнае аднаўленне лясных культур, традыцыйных для мясцовых зямель. Там, дзе глебы бяднейшыя, вырошчваюць хвою і бярозу. Дзе лепшыя — высаджваюць дуб і чорную алешыну.

Дарэчы, акцыя “Чысты лес” прайшла ва ўсіх раёнах вобласці. Акрамя пасадак, добраахвотнікі займаліся ачысткай лесу ад смецця, рамонтам месцаў адпачынку, добраўпарадкаваннем памятных пахаванняў… У першых радах — прадстаўнікі сістэмы адукацыі. Цяперашняя акцыя, прынамсі, прымеркавана да Года народнага адзінства. У ёй актыўны ўдзел прынялі органы ўлады, грамадскія аб’яднанні, дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі, школы, установы вышэйшай адукацыі. Да ініцыятывы на Гомельшчыне далучыліся звыш 8 тысяч чалавек.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.