Раз праект, два праект…

- 9:27Нам пішуць

Сёння ніхто ўжо дакладна не памятае, з чаго пачынаўся першы праект у Першамайскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. 10 гадоў назад удзельнікаў адукацыйнага працэсу згуртавала ідэя запоўніць шосты школьны дзень справамі, карыснымі і цікавымі для ўсіх. Так узнік праект “Ад суботы да суботы”, які стаў стартам праектнай дзейнасці ў нашай школе.

Ідэйным натхняльнікам, каардынатарам праектаў выступае педагог-арганізатар першай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Сцяпанаўна Дашкевіч. Практычны вопыт набывалі ў ходзе работы. Крок за крокам наша школа станавілася асяроддзем сацыяльнага партнёрства, бо падчас рэалізацыі праектаў мы звярталіся са сваімі ідэямі і прапановамі да мясцовых грамадскіх аб’яднанняў і суб’ектаў гаспадарання. У прыватнасці, не першы год школа плённа ўзаемадзейнічае з рэспубліканскім ландшафтным заказнікам “Котра”. Пачатак супрацоўніцтву паклаў праект “Садружнасць для выратавання”, які адлюстроўваў мадэль узаемадзеяння піянерскай дружыны імя Паўліка Марозава і прыродаахоўных арганізацый Першамайскага сельскага Савета па экалагічным выхаванні. Праект быў разлічаны на вучняў 2—8 класаў, педагогаў школы, работнікаў Першамайскага лясніцтва, заказніка “Котра”. Усяго за 9 месяцаў у праекце прынялі ўдзел 58 чалавек.

Паступова ўдзельнікі праектнай дзейнасці набывалі вопыт сацыяльнага ўзаемадзеяння. Здаецца, нашы 14-гадовыя вучні пасталелі, падраслі, сталі адказнымі і ініцыятыўнымі. Да многіх прыйшло пераасэнсаванне чалавечых каштоўнасцей, змяніліся арыенціры жыцця. Таму зусім натуральна, што 18 удзельнікаў валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” лозунгам для чарговага праекта “Экахваля” выбралі словы нямецкага філосафа Гётэ: “Той, хто нічога не робіць для іншых, нічога не робіць для сябе самога”. Праект задумваўся як сацыяльна значны і практыка-арыентаваны. Ён стаў лагічным працягам праекта “За рэгіён” і быў накіраваны на добраўпарадкаванне прыродных аб’ектаў аграгарадка Першамайска ў вясенні-асенні перыяд. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах праекта прынялі і жыхары аграгарадка, бацькі вучняў, што садзейнічала рэалізацыі адной з задач праекта: прыцягненне розных сацыяльных груп насельніцтва. Было прывычна бачыць валанцёраў на вуліцах Першамайска, у лясным прыдарожным масіве, на тэрыторыі Першамайскага лясніцтва, у заказніку “Котра”. І гэта толькі некаторыя аб’екты дзейнасці вучняў, дзе яны “змагаліся” з бытавымі адходамі, выраблялі і развешвалі кармушкі і сінічнікі, высаджвалі саджанцы, наводзілі парадак у месцах адпачынку.

Аналітычны этап праекта быў накіраваны на падвядзенне вынікаў работы. Было агучана, колькі гектараў лесу пасадзілі, колькі кілаграмаў макулатуры сабралі. Але за гэтымі лічбамі стаяла і нешта значна большае і важнае — радасць ад сумеснай дзейнасці, радасць ад партнёрскіх адносін (калі вучань на роўных выступае са старшынёй сельскага Савета або дырэктарам заказніка “Котра” ).

І так у нас атрымліваецца, што адна добрая справа абавязкова нараджае іншую, адна ідэя знаходзіць працяг і ўвасабленне ў наступных мерапрыемствах, якія не прымушаюць доўга чакаць. Сёння наша школа — пляцоўка для рэалізацыі праекта “Выбар заўсёды за табой”, які накіраваны на фарміраванне ў вучняў свядомых і адказных адносін да свайго здароўя.

Людміла КЛІМЕЦ,
намеснік дырэктара Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.