Раз талент, два талент…

- 14:39Культура, Рознае

Днямі ў мастацкай галерэі “Палац” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў рамках праекта “Маладыя таленты сталіцы” адбылося адкрыццё выставы 18-гадовага Паўла Аўчарова. Увазе наведвальнікаў галерэі было прадстаўлена 15 работ, зробленых з шамотавай масы.

Павел з’яўляецца ўдзельнікам многіх конкурсаў, якія праводзяцца ў сістэме адукацыі. У прыватнасці, ён станавіўся лаўрэатам і пераможцам знакамітай Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”, лаўрэатам гарадскіх выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Традыцыі і сучаснасць”, “Граматыка” і інш.
Малады мастак пачаў займацца любімай справай у 2009 годзе ў аб’яднанні па інтарэсах “Мастацкая кераміка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска пад кіраўніцтвам Максіма Валер’евіча Калтыгіна. Яго асноўнай тэхнікай з’яўляецца тэхніка ручной лепкі з выкарыстаннем такіх народных тэхналогій, як абвары, дымленні, частковая глазуроўка.
Персанальная выстава ў Паўла Аўчарова першая. На вітрынах і паліцах галерэі можна ўбачыць работы на самыя розныя тэмы: арыгінальныя керамічныя вазы, дэкаратыўныя талеркі, побач казачны кот-баюн, тут жа прыселі жар-птушкі… Кожны, хто зазірнуў сюды, па-сапраўднаму трапіў у казку, бо суправаджалася адкрыццё выставы незвычайным майстар-класам, які малады майстар прапанаваў сваім юным сябрам. 5 лістапада адзначаюць Дзень Якава (у царкоўным праваслаўным календары — Дзень памяці апостала Іакава), які звязаны ў народзе са шматлікімі прыкметамі і павер’ямі. У гэты дзень праводзілі восень: удосталь елі мёду і гулялі ў так званыя пчаліныя гульні, імітуючы гудзенне пчол. Лічылася, што чым больш мёду з’есць гаспадар і чым гучней ён будзе гудзець, тым лепш будуць раіцца вясной пчолы і тым больш мёду можна будзе сабраць у наступным годзе. Падчас майстар-класа яго ўдзельнікі ляпілі з пластыліну пчолак, а паcля заканчэння работы частаваліся яблыкамі і мёдам.
Цікава, што такі творчы чалавек, як Павел, вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і захапляецца айкідо, ушу, варкаўтам. Нездарма кажуць: таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім.
Выстава працягнецца да 30 лістапада, таму ва ўсіх, хто жадае, яшчэ ёсць магчымасць трапіць у казачны свет Паўла Аўчарова.

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.