Разам у прафесіі і жыцці

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Педагогіка, праца выхавальнікам для супрацоўніц ясляў-сада № 19 Крычава Таццяны Петушковай і Алены Цярэшчанка — не проста любімая справа, а сапраўднае жыццёвае прызначэнне, стан душы. Сёстры-двайняты — яны з дзяцінства ўсюды разам. І прафесію таксама выбралі аднолькавую. У дашкольную адукацыю прыйшлі больш за 20 гадоў назад і за гэты працяглы час здолелі дасягнуць у любімай справе добрых працоўных вынікаў.

— Мы з дзяцінства заўсёды разам. Інтарэсы ў нас таксама супадалі. Што ж да прафесійнага выбару, то і тут рашэнне прынялі аднолькавае: ісці ў педагогіку. Таму, скончыўшы школу, падалі дакументы ў тагачасны Магілёўскі педагагічны каледж. Пасля працягнулі адукацыю ў МДУ імя Куляшова, — расказваюць Алена Уладзіміраўна і Таццяна Уладзіміраўна.

Атрымаўшы дыпломы кваліфікаваных выхавальнікаў, сёстры адправіліся працаваць на малую радзіму — у Крычаў. Першапачаткова займаліся выхаваннем малых у розных дзіцячых садках горада. Але вось ужо больш за 20 гадоў у іх працоўных кніжках аднолькавы запіс — яслі-сад № 19. Працу ў гэтай дашкольнай установе сёстры пачыналі ў якасці выхавальнікаў. Потым Таццяна Уладзіміраўна прайшла адпаведную перападрыхтоўку і зараз працуе на пасадзе педагога-псіхолага, а Алена Уладзіміраўна стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці.

У сваёй рабоце па развіцці і навучанні дзяцей сёстры актыўна выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі, сучасныя падыходы, методыкі. Яны актыўна займаліся рэалізацыяй ва ўстанове рэспубліканскіх эксперыментальных праектаў “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей ранняга ўзросту як умова першаснай сацыялізацыі” і “Укараненне мадэлі эфектыўнага бацькоўства як умова сацыяльнага дабрабыту выхаванцаў”. Сваімі педагагічнымі напрацоўкамі Таццяна Уладзіміраўна і Алена Уладзіміраўна дзеляцца з калегамі, пастаянна прымаючы ўдзел у рознаўзроўневых семінарах, канферэнцыях, фестывалях.

— Наш галоўны педагагічны прынцып — любоў да выхаванцаў. Да кожнага малыша мы імкнёмся знайсці індывідуальны падыход, стараемся, каб дзень, праведзены ў дзіцячым садзе, стаў для іх напоўненай радаснымі момантамі падзеяй, — адзначае Таццяна Петушкова.

— Роднасная сувязь і работа ў адным калектыве дапамагаюць нам вырашаць штодзённыя прафесійныя задачы, удасканальваць педагагічнае майстэрства, — дадае Алена Цярэшчанка.

Іх плённая праца неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі мясцовых і абласных выканаўчых улад. Але яны працягваюць прафесійнае развіццё. Падтрымліваючы адна адну, імкнуцца адпавядаць у рабоце сучасным адукацыйным методыкам, каб зрабіць выхаваўчы працэс у сваёй дашкольнай установе яшчэ больш якасным.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Таццяны ПЕТУШКОВАЙ і Алены ЦЯРЭШЧАНКА.