Разам з амерыканскімі сябрамі

- 14:30Навіны рэгіёнаў

З мэтай далейшага развіцця шматбаковага супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі, павышэння мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава наведала дэлегацыя студэнтаў з Wayne State University (Дэтройт, штат Мічыган, ЗША).

Госці сустрэліся з рэктарам універсітэта Аляксеем Ягоравым, азнаёміліся з жыццём філалагічнага факультэта і работай філіялаў яго кафедр ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, наведалі лекцыйныя і практычныя заняткі. Для паглыблення ў моўнае асяроддзе, па просьбе амерыканскага боку, пражыванне было арганізавана ў сем’ях віцебскіх студэнтаў. Насычаная культурная праграма ўключала мноства мерапрыемстваў, у тым ліку экскурсіі па Віцебшчыне, наведванне аграсядзібы, гульню ў лазертаг і традыцыйны паказ “Паэтычнага тэатра на філалагічным”. Госці з ЗША былі настолькі ўзрушаны шчырым прыёмам, а таксама спектаклем, што не ўтрымаліся і падрыхтавалі сюрпрыз у адказ: прачыталі перад поўнай залай любімыя вершы на рускай і англійскай мове.

— Замежным сябрам вельмі важна бачыць, дзе мы жывём, як мы жывём, чым мы дыхаем, — падзялілася ўражаннямі студэнтка філалагічнага факультэта Анастасія Жукоўская. — Уражанняў вельмі шмат, і толькі добрых. Мы маем зносіны на англійскай і рускай мове, паляпшаем навыкі адно аднаго, карэкціруем сваё вымаўленне, нават просім нас выпраўляць.Такія абмены вельмі важныя. Трэба вывучаць мову не толькі ў тэорыі, але і кантактаваць з носьбітам мовы ў яго асяроддзі, культуры. Нечакана пазнаваць нешта новае пра Беларусь вачыма жыхароў іншай краіны. Вы толькі ўявіце: моладзь з Амерыкі сядзіць на кухні, мае зносіны з маімі бацькамі… Гэта неверагодна!

Сустрэча стала магчымай дзякуючы ініцыятыве студэнтаў філалагічнага факультэта ВДУ. Як расказаў яго дэкан Сяргей Нікалаенка, з верасня мінулага года на працягу некалькіх месяцаў юнакі і дзяўчаты, а потым і іх выкладчыкі размаўлялі ў фармаце Skype-канферэнцый, выконвалі сумесныя групавыя заданні і праекты, здымалі відэаролікі, абмяркоўвалі праблемы, што хвалююць равеснікаў у абедзвюх краінах, задавалі пытанні і адказвалі на іх. У выніку з’явілася ідэя паездкі ў Віцебск — дарэчы, ВДУ ажыццяўляе маштабнае міжнароднае супрацоўніцтва, але студэнты з ЗША наведалі ўніверсітэт упершыню. Вельмі зацікавіла гасцей арганізацыя работы філіялаў кафедр універсітэта ў школах. І ціка­васць была ўзаемнай.

— На нашай базе дзейнічаюць філіялы кафедр філалагічнага факультэта, — адзначыў дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў. — Акрамя таго, мы многа працуем у напрамку развіцця міжнароднага супрацоўніцтва і з’яўляемся вядучым лінгвістычным рэсурсным цэнтрам, на базе якога ажыццяўляецца, у прыватнасці, падрыхтоўка каманды вобласці да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах. Таму круглы стол з удзелам амерыканскіх гасцей мы ўключылі ў пра­граму вучэбных збораў для ўдзельнікаў алімпіяды. Лічу, удала атрымалася: для іх гэта вельмі каштоўная магчымасць зносін з носьбітамі мовы і развіцця камунікатыўных навыкаў. Як і, несумненна, для ўсіх, хто ўдзельнічаў у сустрэчы: навучэнцаў і педагогаў гімназіі, студэнтаў і выкладчыкаў ВДУ.

У ходзе сустрэчы прадстаўнікамі Wayne State University і ВДУ імя П.М.Ма­шэрава падпісаны мемарандум і вызначаны шляхі далейшага супрацоўніцтва.

НА ЗДЫМКАХ: амерыканскія госці прачыталі любімыя вершы на англійскай і рускай мовах; знаёмства з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў гімназіі № 2 Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.