Разам з камандай

- 11:17Спартыўныя падзеі

Беларускіх спартсменаў, якія выходзяць на старты ў алімпійскім Пхёнчхане, горача падтрымліваюць балельшчыкі на трыбунах. Таксама сотні тысяч беларусаў хварэюць за алімпійцаў дома, у тым ліку і ўдзельнічаючы ў рэспубліканскай акцыі “Разам з камандай”. У рамках акцыі, ініцыіраванай Нацыянальным алімпійскім камітэтам, праходзяць розныя мерапрыемствы, усе жадаючыя размяшчаюць свае лозунгі і пажаданні беларускай камандзе ў сацыяльных сетках з афіцыйнымі хэштэгамі акцыі #разамзкамандай, #NOCBelarus, #TeamBelarus, #OlympicBelarus.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці сваю падтрымку алімпійцам выказалі лыжнымі стартамі — у рамках акцыі “Разам з камандай” прайшло абласное спартыўна-масавае свята. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі і ўпраўленне спорту і турызму Мінскага аблвыканкама. У Рэспубліканскі цэнтр па зімовых відах спорту “Раўбічы” прыехала больш за 600 юных аматараў спорту з усіх раёнаў Міншчыны. Яны спаборнічалі ў лыжных гонках, для кожнай узроставай катэгорыі прапаноўвалася пэўная дыстанцыя.

Гарачыя прывітанні і словы падтрымкі з Раўбіч паляцелі ў далёкі Пхёнчхан. Юныя ўдзельнікі мерапрыемства радаваліся сваім дасягненням і чакаюць магчымасці святкаваць перамогі алімпійцаў.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.