Разгрузачны ўрок, здароўезберагальны ўрок

- 11:25Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Галіна Яскель — настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў музыкі. Яе педагагічны стаж складае 26 гадоў, а ў творчым даробку распрацоўка такіх майстар-класаў, як “Развіццё вакальна-харавых навыкаў у малодшых школьнікаў на ўроках музыкі”, “Мастацтва як сродак выхавання чалавека”, “Сістэмны падыход у развіцці творчых здольнасцей сродкамі інтэграцыі розных відаў мастацтва на ўроках музыкі” і інш. Вось якімі думкамі напярэдадні Рэспубліканскай педагагічнай нарады Галіна Мар’янаўна падзялілася з нашым карэспандэнтам.

— Выхаванне музыкай… А што гэта значыць — выхоўваць музыкай? Хто павінен і хто можа гэта рабіць? Калі, пры якіх умовах выхаванне музыкай можа адбыцца? Як выхаваць музыкай? Нарэшце, што гэта — цяжкая праца або ўзлёт душы?

Музыка ў вялікай сям’і мастацтва займае асаблівае месца дзякуючы яе непасрэднаму комплекснаму ўздзеянню на чалавека. Шматвяковы вопыт і спецыяльныя даследаванні паказалі, што музыка ўплывае і на псіхіку, і на фізіялогію чалавека, што яна можа аказваць заспакаяльнае і ўзбуджальнае ўздзеянне, выклікаць станоўчыя і адмоўныя эмоцыі. Знакаміты ўкраінскі педагог Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі сцвярджаў: “Музыка абуджае ўяўленне, фантазію дзіцяці, абвастрае ўспрыманне навакольнага свету, паглыбляе ўяўленне аб прадметах і з’явах, гэта значыць, актывізуе творчыя сілы розуму”.

Сапраўды, музыка аптымізуе творчыя здольнасці і сілы чалавека, развіццё яго фантазіі, уяўлення, артыстычнасці, інтэлекту, гэта значыць, фарміруе ўніверсальныя чалавечыя здольнасці, важныя для любых сфер дзейнасці. Яшчэ англійскі філосаф Джон Лок казаў: “Ніхто не ведае сілы сваіх здольнасцей, пакуль не выпрабаваў іх”. У 1994 годзе такой пляцоўкай для развіцця творчых здольнасцей стала ашмянская сярэдняя школа № 3. Ужо 22 гады дзеці развіваюць свае здольнасці на занятках музычнай, мастацкай, харэаграфічнай накіраванасці.

У апошнія гады чуецца шмат разважанняў пра неабходнасць існавання заняткаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у розных відах мастацтва. Як толькі не называлі гэтыя заняткі: класы з агульнаэстэтычным ухілам, спецыяльныя вучэбныя прадметы музычнай, харэаграфічнай накіраванасці і г.д. Але ад змены назвы змест не мяняецца, асабліва калі для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў ствараюцца ўсе ўмовы, а развіваюць гэтыя здольнасці таленавітыя, крэатыўныя настаўнікі.

Настаўнік павінен стаць лідарам, сапраўдным творцам, які разумее ўсё высокае мастацкае прызначэнне ўрокаў музыкі. У нашай школе штогод заняткі музычнай, мастацкай, харэаграфічнай накіраванасці наведваюць 200—230 вучняў (30% навучэнцаў установы). Вынікам творчага супрацоўніцтва настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў сталі поспехі на конкурсах усіх узроўняў. У школе класы з музычнай накіраванасцю праводзяць актыўную пазакласную дзейнасць: тэматычныя тыдні (дзень інструментальнай музыкі, дзень музычных перапынкаў, дзень харавой музыкі, дзень харэаграфіі), бацькоўскія сходы са справаздачнымі канцэртамі дзяцей, музычныя гасцёўні па класе баяна, цымбалаў, фартэпіяна для бацькоў, традыцыйнае свята “Пасвячэнне ў эстэты”, тэматычныя канцэрты для навучэнцаў іншых школ, экскурсіі ў музеі, паездкі ў тэатры Мінска і г.д.

Гордасцю школы з’яўляюцца два ўзорныя калектывы: дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль” (кіраўнік Н.Ф.Проніна) і дзіцячы ўзорны хор “Тоніка” (кіраўнік Л.М.Эмір). У 2010 годзе гэтыя калектывы былі ўключаны ў нацыянальную энцыклапедыю “Культура Беларусі”.

Але, на вялікі жаль, месца музыкі ў школах нашай краіны няўстойлівае, адчувае пастаянную тэндэнцыю да ўсё большага звужэння, да страты самастойнай каштоўнасці. У школе прадмет “Музыка” вывучаецца толькі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для даведкі: у суседняй Прыбалтыцы прадметы “Музыка” і “Выяўленчае мастацтва” выкладаюцца да 10 класа, у пачатковай школе — па два ўрокі на тыдзень. У нас жа навучэнцы 5—8 класаў элементарна не ведаюць і не маюць магчымасці ведаць творчасць беларускіх кампазітараў (гэты матэрыял проста не закладзены ні ў адной праграме па прадметах). Мы шмат гаворым і разважаем пра нагрузку навучэнцаў, пра перагружанасць, але менавіта ўрок музыкі з’яўляецца тым самым разгрузачным урокам, здароўезберагальным урокам. Гэта той урок, на якім навучэнцы спяваюць, слухаюць музыку, іграюць на музычных інструментах, выконваюць музычна-рытмічныя рухі пад музыку і адпачываюць.

У сельскіх школах з такой нагрузкай (усяго толькі 4 гадзіны ў тыдзень) настаўнікі музыкі перакваліфікаваліся ў настаўнікаў выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання, АБЖ па сумяшчальніцтве (адсюль і якасць выкладання).

Неабходна вяртаць урок музыкі ў вучэбныя планы, хоць бы да 7 класа. У працэсе шматгранных зносін з музыкай як цэласным арганізмам навучэнец акунаецца ў свет музычных адкрыццяў, пачуццёвага пазнання, атрымлівае вялікую колькасць уражанняў, асэнсоўвае, перапрацоўвае і рэалізоўвае іх у сваёй творчай дзейнасці, развівае мастацка-эстэтычныя патрэбы, здольнасць разумення прыгожага, фарміруе свой светапогляд, музычны густ.

Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.