“Разумны дом” для аўтаматызацыі гукаў

- 14:01Портфолио

Важнае месца ў рабоце настаўніка-дэфектолага займае карэкцыя гукавымаўлення, паколькі гукі, з’яўляючыся матэрыяльнай базай маўлення, фарміруюць усе кампаненты мовы.

Карэкцыя гукавымаўлення ў вучняў з маўленчымі парушэннямі — даволі складаны працэс. Як вядома, пра­цэс аўтаматызацыі пастаўленага гука характарызуецца частатой паўтарэнняў правільна вымаўленага гука для станоўчага выніку. З мэтай эфектыўнага замацавання пэўнага пастаўленага гука я стварыла шматфункцыянальны аўтарскі дапаможнік “Разумны дом”, які вылучаецца актуальнасцю, функцыянальнасцю і эстэтычнасцю. Яго можна выкарыстоўва­юць у індывідуальнай, падгрупавой і групавой рабоце не толькі з малодшымі вучнямі, але і з дашкольнікамі.

“Разумны дома“ дапамагае аўтаматызаваць пастаўленыя гукі, дыферэнцыраваць апазіцыйныя гукі, вызначаць месца гука ў слове (пачатак, сярэдзіна, канец), колькасць гукаў і складоў у слове, развіваць уменне злучаць гукі і фанематычнае ўспрыманне.

Дапаможнік уяўляе сабой домік, выраблены з будаўнічага (фанеры, пенаплексу) і прыроднага (жалудоў, каменьчыкаў) матэрыялу. Працуе ад батарэйкі і тумблера.

Зададзеная літара, калі гэтага патрабуе гульнявое заданне, размяшчаецца на верхнім балконе (адасоблена). Вучні падбіраюць ці называюць карцінкі, запаўняючы астатнія акенцы. Пры правільным выкананні заданняў акенцы запальваюцца зялёнымі агеньчыкамі. Педагог сочыць за выкананнем практыкаванняў і ўключае, калі неабходна, тумблер. Дапаможнік утрымлівае таксама дыдактычны маўленчы матэрыял.

Прапаную азнаёміцца з гульнявымі заданнямі.

“Рассялі жыхароў па кватэрах”

Мэта: развіццё фанематычнага ўспрымання, аўтаматызацыя гукаў [с], [з], [ц], [ш], [ж], [л], [р].

Ход гульні: на верхнім паверсе размяшчаецца пэўная літара, вучні рассяляюць карцінкі на зададзены гук у акенцах, замацоўваючы неабходны гук.

“Выберы жыхароў на зададзены гук”

Мэта: дыферэнцыяцыя апазіцыйных гукаў.

Ход гульні: на верхнім паверсе размяшчаецца пэўная літара, вучні рассяля­юць карцінкі толькі на зададзены гук.

“Дзе схаваўся гук?”

Мэта: вызначэнне месца гука ў слове (пачатак, сярэдзіна, канец).

Ход гульні: 1 варыянт — на верхнім паверсе размяшчаецца зададзеная літара, вучні ўстаўляюць у акенцы толькі тыя карцінкі, у назве якіх гук знаходзіцца ў пачатку (сярэдзіне, канцы);

2 варыянт — вучні рассяляюць на першым паверсе карцінкі, у назве якіх гук знаходзіцца ў пачатку, на другім — у сярэдзіне, на трэцім — у канцы слова.

“Падбяры карцінку на апошні гук у слове”

Мэта: развіццё фанематычнага ўспрымання.

Ход гульні: на верхнім балконе размяшчаецца карцінка, на апошні гук якой вучні прыдумваюць новае слова.

“Падбяры слова з пэўнай колькасцю складоў”

Мэта: развіццё складовай структуры слова.

Ход гульні: на верхнім балконе размяшчаецца пэўная лічба, вучні змяшчаюць у акенцы толькі тыя карцінкі, у назве якіх — зададзеная колькасць складоў.

“Утвары склад”

Мэта: замацаваць уменне чытаць склады.

Ход гульні: на верхнім балконе размяшчаецца пэўная зычная літара, а ў акенцы ўстаўляюцца галосныя літары, якія плаўна зліваюцца з зычнай.

“Утварэнне слоў са складоў”

Мэта: развіццё складовай структуры слова і фанематычнага ўспрымання.

Ход гульні: у акенцах размяшчаюцца склады, з якіх утвараюцца словы.

Таццяна САЛАВЕЙКА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 2 Драгічына.