Развітанне з удзячнасцю

- 12:08Навіны рэгіёнаў

На рэспубліканскім “Апошнім званку” ў Бабруйску сярод дзвюх тысяч выпускнікоў з усёй краіны Гомельшчыну прадстаўлялі звыш 90 школьнікаў. Яны прыехалі з чатырох лепшых па выніках мінулага навучальнага года раёнаў: Светлагорскага, Калінкавіцкага, Ельскага і Савецкага раёна Гомеля.

Ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці ў гэтым годзе вучылася больш як 158 тысяч чалавек. У тым ліку 7,5 тысячы выпускнікоў і 13,5 тысячы дзевяцікласнікаў. У галоўным упраўленні адукацыі аблвыканкама расказалі, што ў гарадскіх навучальных установах было больш за 129 тысяч дзяцей, а ў сельскіх — больш за 29 тысяч. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў сёлета вітаў выпускнікоў Мазырскага абласнога ліцэя:

— Выбірайце сваю прафесію, вучыцеся годна, каб стаць адукаванымі ўрачамі, настаўнікамі, інжынерамі…

Ганаровымі граматамі і падзякамі ўзнагародзілі работнікаў установы і самых актыўных выпускнікоў, якія праславіліся ў конкурсах, алімпіядах, навукова-даследчых работах. Дырэктар Мазырскага абласнога ліцэя Іна Лагун нагадала ўжо дарослым дзецям, што апошні званок завяршыў іх гісторыю ліцэйскага жыцця, але пачаў новую старонку:

— Якой яна будзе — залежыць толькі ад вас. Але наша ліцэйскае братэрства застанецца для вас апорай на ўсё жыццё. Памятайце, што чалавек —гэта цэлы свет, сям’я — самая вялікая каштоўнасць, а Беларусь — лепшае месца на зямлі!

Практычна ўсе выпускнікі Мазырскага абласнога ліцэя паступаюць ва УВА. Сёлета Мазырскі ліцэй з медалём скончылі 33 выпускнікі. Штогод конкурс пры паступленні ў ліцэй — ад паўтара да трох чалавек на месца. Апошнім часам змяніўся знешні выгляд установы. Летась з абласнога бюджэту на яго капітальны рамонт было выдаткавана больш за 900 тысяч рублёў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Юліі ПРАШКОВІЧ.