Развіццё з прыстаўкай “арт”

- 11:37Дашкольная адукацыя

На занятках з дзецьмі педагог-псіхолаг ясляў-сада № 397 Мінска Юлія Іванаўна Кароль выкарыстоўвае розныя віды творчасці і выяўленчага мастацтва. Асаблівую ўвагу яна ўдзяляе казкатэрапіі. Юлія Іванаўна з’яўляецца аўтарам карэкцыйна-развіццёвых казак. У іх аснове — цікавыя гісторыі з жыцця выхаванцаў, якія яны расказваюць або самі, або гэта робяць іх бацькі. Вопыт работы Ю.І.Кароль па выкарыстанні метаду арт-тэрапіі для развіцця і карэкцыі эмацыянальна-валявой сферы выхаванцаў старшага дашкольнага ўзросту адзначаны ў 2017 годзе прэміяй Мінгарвыканкама. Па выніках гарадскога конкурсу матэрыялаў навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ў сферы адукацыі Юлія Іванаўна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені за распрацоўку карэкцыйна-развіццёвай праграмы.

Ад тэорыі — да практыкі

“Зносіны з людзьмі ў мяне заўсёды былі даверлівымі і прыносілі карысць як мне, так і ім, — расказвае Юлія Іванаўна. — Калі вучылася ў школе, пастаянна аказвала псіхалагічную падтрымку аднакласнікам, яны даволі часта звярталіся да мяне з пытаннямі рознага характару. Атрымала спецыяльнасць “Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі” ў Маскоўскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце (філіял у Мінску). Як і многія педагогі-псіхолагі, выхоўвалася на ідэях класікаў Льва Выгоцкага, Данііла Эльконіна, зачытвалася кнігамі Юліі Гіпенрэйтэр і Лідзіі Бажовіч. Пазнаёмілася з работамі Аляксандра Капыціна, які зрабіў першую ў Расіі спробу абагульнення асноўных прынцыпаў і прыёмаў выкарыстання арт-тэрапіі ў рабоце з дзецьмі і падлеткамі. Прайшла падрыхтоўку на адпаведных курсах у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Свае тэарэтычныя веды падмацоўвала і ўдасканальвала на практыцы”.

На занятках з дзецьмі Юлія Кароль пачала выкарыстоўваць элементы музычнай тэрапіі, гульнятэрапіі, пясочнай тэрапіі, мандалатэрапіі, кінезатэрапіі, казкатэрапіі і драматэрапіі. Гэтыя кірункі садзейнічаюць большай самарэалізацыі малышоў, надаюць ім упэўненасць у сваіх сілах, з’яўляюцца крыніцай атрымання новых уяўленняў і ўменняў.

Сёння Юлія Іванаўна — кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Маскоўскага раёна Мінска, актыўна дзеліцца вопытам работы з калегамі праз удзел у семінарах-практыкумах, майстар-класах і канферэнцыях, размяшчае інфармацыю ў інтэрнэце. Яна з’яўляецца складальнікам праграмы развіцця і карэкцыі эмацыянальна-валявой сферы выхаванцаў старшага дашкольнага ўзросту “Я і свет вакол мяне”, якая ўключае апісанне розных сродкаў арт-тэрапіі, мадыфікаваныя аўтарам гульні, практыкаванні, арт-тэхнікі, што дазваляюць абудзіць эмоцыі ў дзецях, разняволіць іх, адкрыць багацце пачуццяў, схаваных у кожным выхаванцы.

Мяняем дрэнны настрой на добры

Юлія Іванаўна сустракае дзяцей з усмешкай і ў добрым настроі. Яе задача — ствараць добразычлівую атмасферу для свабодных зносін і гульняў, захапіць сваіх выхаванцаў рознымі відамі творчасці. Да пачатку заняткаў і ў канцы дзеці заўсёды становяцца або садзяцца ў круг і паведамляюць пра свой настрой.

Прастора кабінета педагога-псіхолага арганізавана такім чынам, каб быў умоўны падзел на зоны — асобныя месцы для прадукцыйнай дзейнасці, свабоднага перамяшчэння падчас фізкультхвілінак, танцаў, рэлаксацыйных практыкаванняў і прэзентацыі работ. Пасля кожных заняткаў арганізоўваецца выстава прадуктаў творчасці (малюнак, пластылінавая кампазіцыя і г.д.).

“Мы шмат малюем, часцей за ўсё гуашшу. Малышы любяць прарысоўваць свой настрой, фантазіі, — гаворыць Юлія Іванаўна. — Густая кансістэнцыя надае гэтым фарбам тэрапеўтычныя якасці. Гуаш падыходзіць і для работы ў тэхніцы манатыпія, глас-арт. Для гэтага замацоўваем на падстаўцы аргшкло, дзеці садзяцца насупраць адно аднаго — і кожны са свайго боку пачынае ствараць карціну на шкле, напрыклад, вясёлку. Праз шкло дзіця бачыць, як кладуцца фарбы ў сябра, і імкнецца сінхранізаваць з ім свае дзеянні.

Для правядзення пасіўнай рэлаксацыі прымяняюцца медытатыўныя гульні і практыкаванні. Працуем з рознымі відамі пяску (звычайны, кінетычны, кварцавы), ствараем мандалы — узоры ў крузе. Дзецям прапаноўваюцца гатовыя шаблоны мандал, якія яны самастойна выбіраюць, размалёўваюць, ствараюць пры дапамозе трафарэта. Можна паспрабаваць зрабіць мандалу на люстэркавай плоскасці з эфектам калейдаскопа. Гэта прыстасаванне зроблена з трох люстэркаў памерам 30 на 30 сантыметраў. Пад гучанне рэлаксацыйнай музыкі выкладваем мандалы дэкаратыўнымі каменьчыкамі: я паказваю малышу, як выкласці контур круга, а ён глядзіць у люстэркі і бачыць у адлюстраванні цэласную карціну, якую запаўняе каменьчыкамі на свой густ”.

Асаблівую ўвагу Юлія Іванаўна ўдзяляе фарміраванню эмоцый малышоў. Яна вучыць іх таму, што не бывае дрэнных пачуццяў, ёсць толькі дрэнныя ўчынкі. Адмоўныя эмоцыі можна пагасіць або трансфармаваць у карысныя. Важна толькі навучыцца распазнаваць эмоцыі ў сабе і ў іншых людзях, назіраючы за іх мімікай, рухамі, слухаючы голас. Юлія Іванаўна дэманструе падборку фотаздымкаў з асноўнымі эмацыянальнымі станамі дзяцей. Сярод іх ёсць каляровыя і чорна-белыя карткі, што крыху ўскладняе распазнаванне. Але чорна-белы здымак не заўсёды хавае адмоўныя пачуцці. На занятках педагог працуе з кубікамі настрою, з мяккімі модулямі з выявамі піктаграм пэўных эмоцый. Дзеці падбіраюць да піктаграм адпаведныя фотаздымкі або, гледзячы на фота, складваюць свае піктаграмы.

“Выкарыстоўваем таксама тэхніку арт-тэрапеўтычнай маскі, — адзначае Юлія Іванаўна. — Даю дзецям шаблон маскі, які трэба размаляваць. Гэта можа быць маска радасці або страху. Дзіця прымярае яе і пад музыку паказвае, як з маскай трэба рухацца, гаварыць. Пасля адбываецца рытуал зняцця масак і рэлаксацыя.
Як хутка змяніць дрэнны настрой на добры? Я прадугледзела для гэтага шкляначку для крыку і скрынку для крыўд. Аднойчы дзіця, якое прыйшло да мяне засмучаным, само прапанавала спосаб памяняць свой настрой. Яно сказала: “Хачу пакрычаць у шклянку і намаляваць сваю крыўду”. Так і зрабіла. Малюнак мы паклалі ў скрынку для крыўд. А адтуль малыш дастаў наклейку — і настрой яго палепшыўся. Дзецям вельмі важна нешта ўзяць з сабой з заняткаў — або прадукт уласнай творчасці, або невялічкі падарунак ад мяне”.

Карэкцыйна-развіццёвыя казкі

“Заняткі з псіхолагам не з’яўляюцца абавязковымі для дзяцей, а носяць карэкцыйна-развіццёвую накіраванасць і праводзяцца як з групай выхаванцаў (з 4—8 чалавек), так і індывідуальна 1—2 разы на тыдзень па 30 хвілін кожныя, — гаворыць Юлія Іванаўна. — Па выніках псіхалагічнай дыягностыкі, што праводжу са згоды бацькоў з дзецьмі сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, я вызначаю малышоў, якім не пашкодзіць мая падтрымка, і запрашаю спачатку іх бацькоў на кансультацыю. Бывае, што мамы і таты першымі звяртаюцца да мяне са сваімі пытаннямі. Іх хвалююць разнастайныя аспекты развіцця дзіцяці, паводзінскія праблемы, а таксама нюансы дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносін. Мая задача заключаецца ў тым, каб супакоіць бацькоў, выпрацаваць у іх даверлівыя адносіны да мяне. Спачатку лепш расказаць штосьці добрае пра іх дзіця, пахваліць яго. Затым акрэсліць тыя пытанні, што знаходзяцца ў полі зроку псіхолага, словы аб дыягназах увогуле не павінны гучаць пры размове. У ненадакучлівай форме трэба прапанаваць бацькам з максімальным разуменнем абмеркаваць праблему дзіцяці, даць неабходныя рэкамендацыі”.

Для лепшай адаптацыі малыша да ўмоў дашкольнай установы Юлія Іванаўна прапануе бацькам разам з дзецьмі стварыць сямейныя арт-альбомы і прынесці іх у сад. Гэта дазваляе педагогам атрымаць больш інфармацыі пра сям’ю, і ў той жа час у дзяцей з’яўляецца ў садзе часцінка свайго дома, якая можа сагрэць у пэўны момант. Гартаючы альбомы разам з выхаванцам, педагог пераключае яго ўвагу, калі яму сумна, гаворыць з ім пра тое, што блізка дзіцяці, супакойвае.

Бацькам Юлія Іванаўна прапануе чытаць, разбіраць і прайграваць разам з дзецьмі казкі. Ёсць у педагога аўтарскія карэкцыйна-развіццёвыя казкі. Адна з іх — “Як зайка пайшоў у дзіцячы сад”. Дзякуючы ёй, можна данесці да дзяцей карысную інфармацыю аб тым, што такое дзіцячы сад, хто там сустрэне малыша, чым ён будзе ў садзе займацца. Казка завяршаецца на станоўчай ноце: зайка баяўся, але рабіў гэта дарэмна. Юлія Іванаўна раздае гэтую казку бацькам, калі яны прыходзяць да яе на лекторый, прысвечаны адаптацыі малышоў да дзіцячага сада, і тлумачыць, як працаваць з творам дома.

“Аднойчы да мяне звярнулася мама пяцігадовай дзяўчынкі, — гаворыць Юлія Іванаўна. — Жанчына была вельмі занепакоена гісторыяй, якая нядаўна адбылася. Дзяўчынка згубілася ў паліклініцы і, не знайшоўшы маму, сама вярнулася дадому. Як растлумачыць дзіцяці, што так рабіць нельга? З гэтай нагоды ў мяне з’явілася казка пра кацяня, якое згубілася, а пасля знайшлося.

Калі мы вывучалі эмоцыі, я напісала яшчэ адну казку — “Планета радасці”, якую мы разглядаем на занятках: разам з дзецьмі малюем планету радасці. Гісторыя такая: на планеце жылі маленькія чалавечкі, што ўмелі па-сапраўднаму радавацца жыццю і маляваць цудоўныя карціны. Пралятаў над планетай злосны вядзьмар, і пазайздросціў ён добраму настрою людзей: наслаў моцны вецер, і яркія фарбы на карцінах пацямнелі… Заклікаю дзяцей: “Давайце дапаможам чалавечкам вярнуць у іх жыццё яркія фарбы!” Далей мы працуем у арт-тэхніцы чароўныя фарбы, калі малышы самі вырабляюць фарбы з мукі, алею, солі, клею ПВА і гуашы. Так дзеці напаўняюць планету прыгажосцю. Мы спалучаем асобныя дзіцячыя работы ў цэласную кампазіцыю. Такім чынам кожны малыш уносіць свой уклад у агульную справу, адчувае сваю значнасць”.

У працэсе росту і развіцця дзеці могуць адчуваць пэўныя страхі. Хтосьці баіцца цемры, а хтосьці — казачных персанажаў, прывідаў, злосных ведзьмароў, хтосьці — насякомых. Неабходна, каб малышы навучыліся перамагаць свае страхі. Так, Юлія Іванаўна чытае выхаванцам сваю казку “Страх”, а пасля прапануе зляпіць з пластыліну свае страхі. Калі работа гатова, у страху ёсць вобраз, ён ужо не такі страшны. Далей трэба штосьці зрабіць са страхам. У педагога-псіхолага заўсёды ёсць варыянты, ён мысліць гібка, ідзе за дзіцяці. Хтосьці лепіць страху падарунак, каб змяніць яго настрой. Або змяняе выгляд твару злепленага персанажа, дадае яму ўсмешку. Юлія Іванаўна прапаноўвае зрабіць рытуал знішчэння страхаў: скамячыць, расплюшчыць, выкінуць. Але ж некаторыя малышы беражліва адносяцца да сваіх работ і хочуць проста ўпрыгожыць іх, дабавіць яркіх фарбаў, зляпіць сяброў для сваіх страхаў, каб ім не было сумна і адзінока. Галоўнае, што настрой у маленькіх творцаў у выніку паляпшаецца. Праз некалькі такіх заняткаў праблемы, звязаныя з бояззю, могуць увогуле знікнуць. Таму, хто пераадолеў негатыў, педагог уручае медалі пераможцаў.

У распрацоўцы Юліі Іванаўны зараз знаходзяцца новыя карэкцыйна-развіццёвыя казкі — пра сон (для дзяцей, у якіх ёсць цяжкасці з засынаннем) і пра ўрача-стаматолага (для маленькіх баязліўцаў).

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.