Развіваем маўленне ў гульнях

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Гульнявы фальклор — надзейны захавальнік народных традыцый і роднай мовы. Гэта вельмі важна для моўнага развіцця дашкольнікаў, паколькі не ўсе з іх могуць дакладна і разгорнута адказваць на пытанні і задаваць іх па змесце пачутай казкі ці апавядання, выказваць свае думкі. У многіх дзяцей бедны слоўнікавы запас і маўленне знаходзіцца пад моцным уплывам рускай мовы, а пра камунікатыўныя здольнасці і гаварыць не прыходзіцца. 

Родную мову немагчыма вывучыць прымусова. Каб дзеці размаўлялі на ёй, неабходна спалучаць такія формы работы, якія не прымушалі б завучваць словы, а падштурхоўвалі да іх усвядомленага запамінання. Беларускія народныя гульні — добры сродак развіцця маўлення дашкольнікаў.

Звяртаюся да гэтых гульняў у спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці. Знаёмячы дзяцей з гульнёй, імкнуся, каб пачутыя словы не толькі ўвайшлі ў актыўны слоўнік выхаванцаў, але і вымаўляліся ў правільнай граматычнай форме. Услухоўваючыся ў рытмічнае спалучэнне слоў, дзеці лёгка запамінаюць іх, а выкананне гульнявога правіла “спачатку слова і толькі потым — дзеянне” дапамагае ім хутка і трывала засвоіць маўленчыя нормы, граматычныя, фанетычныя і лексічныя сродкі. 

Гульні з мастацкім словам ажыўляюць заняткі па развіцці маўлення і навучанні пісьму. Прапаную дзецям розныя заданні па гукавымаўленні. Так, тэкст гульні “Прэла-гарэла” выкарыстоўваю для замацавання чыстага вымаўлення зычнага гука [р], а тэкст гульні “Дзядуля-Ражок” — для [ж] і [р]. 

Знаёмячы дзяцей з фармулёўкай пытання з дапамогай часціцы “ці”, звяртаюся да гульні “Макі-маковачкі”, у ходзе якой увесь час задаюцца пытанні “Ці ўзышоў мак?”, “Ці зацвіў мак?”, “Ці паспеў мак?”. Выхаванцы не толькі чуюць прыклад фармулёўкі пытання, але і шмат разоў паўтараюць яго ў цікавай для іх дзейнасці. 

Мастацкая аснова народных гульняў дапамагае засвойваць моўныя формы. Так, у гульні “Бярозка” дзеці паўтараюць “Бярозка белая, макаўка зялёная, летам махнаценькая, зімой сукаваценькая”. Неаднаразовыя прагаворванні гэтых радкоў прыводзяць да неўсвядомленага засваення вобразных эпітэтаў, якія ўваходзяць у актыўны слоўнік дзяцей.

Пры наяўнасці ў гульнявым тэксце незразумелых ці незнаёмых слоў (чарада, стог, гарлачык, брод, гладыш) абавязкова тлумачу іх. Такім чынам дзеці атрымліваюць новы маўленчы матэрыял і потым ужываюць яго ў зносінах.

Не абыходжу ўвагай лічылкі і заклічкі, якія вылучаюцца рытмам, лаканічнасцю і камічнасцю, што вельмі падабаецца дзецям. Лічылкі і заклічкі ўпісваюцца ў агульны сюжэт любой рухавай гульні і з’яўляюцца эфектыўным сродкам маўленчага развіцця. 

Гульні сярэдняй і малой рухавасці (“Конікі”, “Вяроўка-змейка”, “А мы проса сеялі”, “Лянок”, “Блін гарыць” і інш.) прымяняю ў якасці фізкультхвілінак.

Беларускія народныя гульні — асноўны матэрыял для арганізацыі фізкультурных мерапрыемстваў, вольнага часу, забаў і свят. Вельмі цікава праходзяць народныя святы Калядкі, Масленіца, Гуканне вясны, Вялікдзень, Купалле, Дажынкі і інш., дзе ў вершах і песнях гучыць роднае слова. Не менш цікавыя і народныя танцы і гульні “Іванка і Марылька”, “Каляда”, “Каза”, “Мядзведзь”, “Журавель”, “Блін гарыць”, “Біццё яек”, “Перапёлка”, “Залатыя вароты”, “Лянок” і інш. Падчас іх правядзення дзеці праяўляюць вялікую моўную актыўнасць.

Арганічнае спалучэнне мастацкага слова з рознымі рухамі ў гульнях прываблівае дзяцей, а займальны сюжэт і вобразнае слова робяць гульні яркімі і запамінальнымі, выклікаюць жаданне гуляць у іх не толькі ў дашкольнай установе, але і дома. 

Таццяна ШЫКУЛА,
выхавальніца Хомскага ясляў-сада Драгічынскага раёна.