Развіваем слоўнік праз лексічныя практыкаванні

- 11:58Метадычная скарбонка

Якасць і ўзровень развіцця мовы чалавека залежаць ад таго, наколькі багаты яго слоўнікавы запас. Але для большасці дзяцей нашай краіны першай мовай, якую яны чуюць ад бацькоў, з’яўляецца руская. На жаль, родная мова з яе трапнымі выразамі, каларытам не становіцца мовай дзіцячага мыслення. З усіх ведаў і ўменняў, якімі павінен авалодаць сучасны вучань, адным з самых важных і неабходных для далейшай паспяховай дзейнасці з’яўляецца ўменне дакладна, лагічна выказваць свае думкі, будаваць зносіны ў залежнасці ад сітуацыі, захоўваць змястоўнасць, правільнасць моўнага выказвання, уменне прыгожа гаварыць.

На кожным уроку дзеці сутыкаюцца з новымі словамі, але часцей гэта знаёмства носіць сітуатыўны характар. Сустрэлася незразумелае слова — настаўнік або вучні растлумачылі яго. Аднак такі падыход да слоўнікавай работы не забяспечвае трывалага і эфектыўнага папаўнення лексікону дзяцей.

Паспяховаму развіццю слоўніка малодшых школьнікаў садзейнічае паэтапнае і паслядоўнае выкарыстанне лексічных практыкаванняў, змест якіх залежыць ад напрамку работы, характару лексічнага матэрыялу, падрыхтаванасці класа, а таксама ад тых мэт і задач, што стаўлю перад сабой у кожным канкрэтным выпадку.

Вылучаюцца асноўныя напрамкі развіцця слоўніка малодшых школьнікаў на лексічным узроўні.

  1. Узбагачэнне слоўніка адбываецца праз засваенне значэння новых слоў, засваенне новых значэнняў ужо вядомых слоў.

Асноўнымі прыёмамі работы ў гэтым напрамку з’яўляюцца:

словаўтваральны аналіз слова; тлумачэнне значэння слова праз кантэкст;

уключэнне новага слова ў кантэкст; тлумачэнне значэння слова па слоўніку;

паказ прадмета, малюнка або дэманстрацыя дзеяння; разгорнутае апісанне;

пераклад слова; увядзенне тэматычных груп слоў.

  1. Удакладненне слоўніка адбываецца пры ўдакладненні значэння слоў, пры рабоце з сінонімамі, антонімамі, мнагазначнымі словамі, фразеалагізмамі праз выкарыстанне наступных прыёмаў: уключэнне слова ў кантэкст; супастаўленне і параўнанне значэння слова з іншымі; знаходжанне сінонімаў у тэксце, пабудова сказаў з сінонімамі; падбор і замена сінонімаў; складанне сінанімічных радоў; падбор антонімаў да пэўнага слова; замена антонімаў у сказе; падбор антонімаў да мнагазначных слоў; знаходжанне слоў, якія маюць некалькі значэнняў; падбор сінонімаў (антонімаў) да кожнага значэння; пабудова сказаў з мнагазначнымі словамі; знаходжанне фразеалагізмаў у сказах; замена адпаведнымі сінонімамі; разгорнутае тлумачэнне фразеалагізмаў; ужыванне фразеалагізмаў у мове.
  2. Актывізацыя слоўніка — гэта працэс пераносу слоў са слоўніка пасіўнага ў слоўнік актыўны, выкарыстанне розных па значэнні слоў у новай, нестандартнай сітуацыі моўных зносін.

Актывізацыі слоўніка дзяцей садзейнічаюць прыёмы: выбар патрэбнага па сэнсе слова з шэрага прапанаваных; рэдагаванне тэксту; самастойны падбор і выкарыстанне ў тэксце патрэбных слоў; складанне сказаў з патрэбнымі па значэнні словамі.

  1. Выкараненне нелітаратурных слоў ажыццяўляю праз перанос слоў з актыўнага слоўніка ў пасіўны. Арганізуецца работа па знаходжанні і замене нелітаратурных слоў літаратурнымі адпаведнікамі, вядзецца рэдагаванне тэксту.

Асноўныя цяжкасці актыўнага пазнання роднай мовы звязаны перш за ўсё з вельмі нізкім узроўнем развіцця ў дзяцей слоўнікавага запасу. Значна палепшыць гэтую сітуа­цыю дазваляюць так званыя лексічныя хвілінкі — некалькі хвілін у структуры ўрока беларускай мовы, якія прысвячаю ўзбагачэнню і актывізацыі лексічнага запасу вучняў. Амаль усе заданні прапаную ў займальнай форме, што выклікае цікавасць у дзяцей і імкненне актыўна працаваць.

Прыкладная тэматыка лексічных хвілінак

Незвычайнае падарожжа ў лес (на раку, у бібліятэку, у іншую краіну).

На ўзлеску расце высокае дрэва. Пазналі яго? На ствале сасны — заданне: адшукайце пары антонімаў сярод прапанаваных слоў. (Словы размешчаны на галінках.)

“Збярыце ў кошыкі садавіну”: таполя, сліва, ячмень, груша, рамонак, баравік, яблык, вішня, морква.

Разгадайце філворд, крыжаванку на пэўную тэму.

Лексіка засвойваецца больш трывала, калі новыя словы ўводзіць тэматычнымі блокамі. Прыклады заданняў з тэматычнымі групамі слоў: малюнкавы дыктант, стварэнне калажаў, выкарыстанне скорагаворак, лічылак, загадак на пэўную тэму.

Сінонімы з’яўляюцца сродкам узбагачэння слоўнікавага запасу вучняў, дазваляюць пазбегнуць паўтораў, манатоннасці і аднастайнасці мовы. У першым класе практыкую заданні ў падборы сінонімаў да слоў, якія абазначаюць дзеян­не, таму што дзеяслоў вызначаецца багаццем семантыкі і здольнасцю набываць пераносныя значэнні. У 2 класе вучні падбіраюць групы з 2—3 сінонімаў. У 3 і 4 класах работа з сінонімамі прадугледжвае сістэмнае паўтарэнне і замацаванне матэрыялу, а таксама самастойнае выкарыстанне сінонімаў у моўнай практыцы.

Прыкладныя практыкаванні

Вызначце сінонімы.

Крычаў — гукаў, крычаў — маўчаў, змог — здолеў, згубіў — знайшоў.

Выберыце патрэбнае слова-сінонім.

Дужы — … (вялікі, цяжкі, моцны, цвёрды).

Знайдзіце і выпішыце лішняе слова.

Аснова, дарога, падстава, фундамент. Бадзёры, жыццярадасны, прыўзняты, песенны. Ашукаць, падмануць, прадбачыць, перахітрыць.

Замяніце сказ іншым, які падыходзіць па сэнсе.

Сёння сонечны дзень. — Стаіць ясны дзень.

Для азнаямлення вучняў з антонімамі на пачатковым этапе выкарыстоўваю словы, якія абазначаюць якасці прадметаў, найбольш выразна паказваюць палярнасць пэўных прымет: арол вялікі, а верабей маленькі; дарога шырокая, а сцежка вузкая; лета цёплае, а зіма халодная.

Работу з антонімамі, як і з сінонімамі, пачынаю з аналізу моўнага матэрыялу, паступова ўскладняю.

Прыкладныя практыкаванні

Працягніце пачаты сказ антонімамі.

У казках заўсёды дабро перамагае … . Не хваліся пачаткам, а хваліся … .

Знайдзіце антонімы ў прыказках.

Горкая часам праца, ды хлеб ад яе салодкі. Лепш дзесяць прыяцеляў, чым адзін вораг. Умеў пачынаць, умей і канчаць.

Замяніце словы антонімамі.

Мама купіла чэрствы (мяккі) бохан хлеба. Усё лета стая­ла яснае дажджлівае (сухое) надвор’е.

Складзіце паралельныя антанімічныя рады.

Стары, слабы — малады, дужы.

Упершыню з мнагазначнасцю слоў дзеці сустракаюцца ў перыяд навучання грамаце. Асновай работы над мнагазначнасцю ў гэты час з’яўляецца аналіз слоў з прачытанага тэксту, размежаванне іх значэння.

Мароз малюе ўзоры на вокнах. Месяц паказаўся з-за хмары.

Работа з мнагазначнымі словамі ідзе паралельна з вывучэннем граматыкі і працягваецца ў 2—4 класах. Паступова моўны матэрыял ускладняецца.

Прыкладныя практыкаванні

Падбярыце словы, якія б мелі па 2—3 значэнні. На кожнае значэнне складзіце сказ. Растлумачце значэнні слоў.

Параўнайце значэнні лексічных адзінак у спалучэннях слоў.

Ідзе гадзіннік — ідуць дзеці — ідзе будаўніцтва.

Складзіце словазлучэнні або кароткія сказы з мнагазначнымі словамі.

Гісторыя, корань, халодны, плысці.

Знайдзіце мнагазначнае слова ў кантэксце і растлумачце яго значэнне.

Падарожнік ідзе

(шмат дарог ён прайшоў),

І машына ідзе

З поўным кузавам дроў.

А дарога ідзе

То праз лес, то праз поле.

На дарогу ж ідзе

І гадзіна, і болей.

Наступным сродкам папаўнення слоўнікавага запасу вучняў з’яўляюцца фразеалагізмы. Малодшыя школьнікі часта не разумеюць значэння ўстойлівых словазлучэнняў, не ўмеюць выкарыстоўваць іх у мове. Тлумачэнне значэння фразеалагізмаў праводжу не толькі шляхам замены адпаведнымі сінонімамі, але і шляхам разгорнутага тлумачэння.

Прыкладныя практыкаванні

Знайдзіце ў сказе фразеалагізмы.

Іван быў ціхім і спакойным чалавекам. Усе казалі, што ён і мухі не пакрыўдзіць.

Дапоўніце фразеалагізмы.

Выйсці сухім з … . Таўчы … ў ступе. Цішэй …, ніжэй травы. Абвесці вакол … .

Лексічная хвілінка “Калі мы так гаворым?”.

Язык без касцей… (празмерна балбатлівы, гаворыць лішняе). Язык добра падвешаны… (умее прыгожа гаварыць). Язык праглынуў… (змоўк, аб страве — вельмі смачна).

Адным з эфектыўных спосабаў засваення значэння новых слоў, фарміравання ўмення разумець асаблівасці іх ужывання з’яўляюцца лексіка-семантычныя практыкаванні, якія ўключаюць розныя заданні.

— Практыкаванні на выпрацоўку ўмення раскрываць сэнс слова і ўводзіць яго ў кантэкст (растлумачыць значэнне слоў папараць, самотны, каласіцца, растлума­чыць выдзеленыя словы: У сасновым бары зямлю ўсцілае шэрая ігліца. Прыемна адпачыць у спякотны дзень пад дрэвам. Сонца ў небе ясна ззяе, шчодра лье сваё цяпло).

— Практыкаванні на актывізацыю і пашырэнне слоўніка вучняў па дадзенай тэме (запісаць словы па тэме “Школа”, “Лес”, “Вясна”; разгледзець сюжэтны малюнак і назваць як мага больш схаваных там слоў).

— Практыкаванні на развіццё механізма адбору дакладнага і выразнага слова (да назваў прымет па ўзоры дапісаць 2—3 назвы прадметаў, змяніць прыметнікі, як патрабуе сэнс: васільковы, блакітны, беласнежны, барвовы, аранжавы; калючы, палахлівы, пушысты, магутны, стройны (узор: беласнежная сарочка, беласнежны абрус), па прыметах назваць прадметы і запісаць іх (напрыклад: густы, дрымучы (лес), сцюдзёная, марозная, лютая (зіма).

Логіка-лексічныя практыкаванні дапамагаюць асэнсаваць унутраны бок слова, яго значэнне, фарміруюць найпрасцейшыя лагічныя паняцці і прывучаюць карыстацца імі. Практыкаванні прадугледжваюць групаванне прадметаў, прымет, дзеянняў, іх абагульненне, параўнанне, супрацьпастаўленне.

Прыкладныя практыкаванні

Выпішыце спачатку назвы пор года, затым з’яў прыроды, потым пачуццяў чалавека.

Лета, гарачыня, восень, туман, зіма, мароз, радасць, вясна, сум.

Падбярыце да прапанаваных слоў словы з блізкім значэннем.

Бяжыць, ходзіць; сябар, праца.

Да наступных слоў падбярыце словы з процілеглым значэннем.

Радасць — …, шум — …, малады — … , шырокі — …

Замест кропак устаўце патрэбныя словы.

На дзяўчынцы шапка (якая?) … . На стозе шапка  (якая?) … . На дзвярах ручка (якая?) … . У дзіцяці ручка (якая?) … . Пішуць ручкай (якой?) … .

Растлумачце, якія значэнні маюць наступныя словы.

Нос, ліст, іголка, лісічка, кран.

Неабходнай умовай актывізацыі слоўніка з’яўляецца арганізацыя маўленчай практыкі вучняў, у працэсе якой выпрацоўваецца ўменне дакладна ўжываць словы ў сказе, правільна спалучаць лексічныя адзінкі. Для гэтага  выкарыстоўваю лексіка-стылістычныя практыкаванні.

Прыкладныя практыкаванні

Слова, якое паўтараецца, замяніце іншым.

Зрабілі шпакоўню. Зрабілі снежную крэпасць. Зрабілі каток. Птушкі зрабілі гняздо. Вучні зрабілі заданне. (Словы для выкарыстання: пабудавалі, звілі, выканалі, змайстравалі, залілі.)

Знайдзіце сэнсавыя неадпаведнасці. Выпраўце тэкст.

Восенню (вясной)

Дні сталі кароткія. Сонца мала грэе. Трава на лугах зелянее. З палёў звезлі збожжа. Дрэвы стаяць голыя. Птушкі прыляцелі з выраю.

Выберыце патрэбнае па сэнсе слова з шэрага прапанаваных.

Дзіма мяў у руках (пластыр, пластылін) і ляпіў вожыка. Бабуля частавала нас (сытым, сытным) абедам. Сцежка вяла турыстаў высокім (каменным, камяністым) берагам.

Знайдзіце і выпраўце моўныя недахопы.

Клёвую (цікавую, новую, незнаёмую) кнігу ўзяў Мікіта ў бібліятэцы. Мама не дазваляе Даніку доўга сядзець за кампом (працаваць за камп’ютарам, гуляць у камп’ютарныя гульні). Хлопчыкі гучна ржалі (смяяліся, рагаталі)  над жартам Паўліка.

Вынікі маёй працы цяжка вымераць лічбамі. Але калі дзіця прыгожа і правільна размаўляе па-беларуску, разумее значэнне слова, знаходзіць і адрознівае лексічныя адзінкі, дакладна ўжывае новыя словы ў кантэксце, то  гэта ўжо добры вынік.

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.