Развіваем творчыя здольнасці з дапамогай праектнай дзейнасці

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Настаўніца абслуговай працы Надзея Генадзьеўна Шчэбет з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава лічыць, што праектная дзейнасць дазваляе развіваць не толькі пазнавальныя, але і творчыя здольнасці вучняў, выяўляць найбольш таленавітых з іх, рыхтаваць да паспяховай сацыялізацыі.

— Метад праектаў арыентаваны на самастойную работу школьнікаў, якія вылучаюц­ь пэўную праблему і вырашаюць яе падчас працоўнай дзейнасці, ствараючы пано, швейныя вырабы і вырабы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ці даследаванняў, — расказвае Н.Г.Шчэбет. — Такім чынам, дзеці раскрываюць свае здольнасці ў пэўным відзе тэхналагічнай дзейнасці. Для гэтага звяртаюся да прадукцыйнага дыялогу, гутаркі, мазгавога штурму, рашэння тэхналагічных задач, пацвярджэння ці абвяржэння вылучаных гіпотэз, стварэння аб’ектаў працы, доследна-эксперыментальнага апрабавання, майстар-класаў.

Па словах педагога, праектная дзейнасць вучыць дзяцей не толькі самастойна мысліць, прагназаваць вынікі і вырашац­ь праблемы, абапіраючыся на набытыя ўменні і веды з розных галін, але і арыентавацца ў свеце прафесій. Дзякуючы праектнай дзейнасці, фарміруюцца тэхналагічная культура і творчыя адносіны да працы.

Сваю работу настаўніца будуе з улікам патрэб, інтарэсаў, схільнасцей і магчымасцей дзяцей. Да рэалізацыі праектаў далучае бацькоў. Так, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з мамай дзевяцікласніцы В.Л.Балаболавай, майстрам вытворчага навучання Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту.

— Вельмі важна правільна размеркаваць ролі ўдзельнікаў праектнай дзейнасці, — гаворыць Н.Г.Шчэбет. — Так, настаўнік кансультуе, матывуе, назірае і стымулюе, вучні —ацэньваюць і прымаюць рашэнне, бацькі — кансультуюць і матывуюць.

Школьнікі выконваюць праекты на ўроках і ў пазаўрочны час. Яны могуць быць індывідуальнымі, парнымі, групавымі ці калектыўнымі і выконваюцца на працягу пэўнага часу.

Даволі цікавым атрымаўся праект дзевяцікласніц Марыі Балаболавай і Марыны Шах “Даследаванне асаблівасцей выкарыстання другаснай сыравіны пры стварэнні пано ў тэхніцы кінусайга ў афарм­ленні інтэр’ера”. Дзяўчаты прааналізавалі навуковую, метадычную і спецыяльную літаратуру, правялі анкетаванне сярод вучняў 5—9 класаў і педагогаў, азнаёміліся з гісторыяй развіцця аплікацыі і яе відамі, у прыватнасці з абрэзкавай тэхнікай пэчворк і кінусайга, вывучылі магчымасці выкарыстання другаснай сыравіны, тэхналагічны працэс вырабу ў тэхніцы кінусайга, зладзілі майстар-клас на занятках аб’яднання па інтарэсах “Рукадзельніца” і вырабілі пано для афармлення інтэр’ера. Для абароны творчага праекта школьніцы падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю і невялікі даклад, паказаўшы каштоўнасць сваёй ідэі не толькі для сябе, але і для іншых. Вучнёўскі праект быў прадстаўлены на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” і ІV Абласным конкурсе даследчых праектаў “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры”. Акрамя таго, сумесныя распрацоўкі дзяўчат і настаўніцы па тэме праекта знайшлі практычнае прымяненне падчас серыі навучальных майстар-класаў і выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, пры стварэнні наглядных дапаможнікаў, афармленні інтэр’ера, вывучэнні асобных тэм па абслуговай працы.

На рахунку выхаванак Н.Г.Шчэбет шмат узнагарод, атрыманых па выніках творчых конкурсаў і выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.