Рэалізоўваць свае самыя смелыя задумы ў стыльныя вобразы пры дапамозе тканіны, прычоскі і макіяжу вучаць у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гістарычная даведка
Брэсцкі каледж быў створаны 4 жніўня 1986 года як прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Першымі яго навучэнцамі сталі 120 чалавек, якія авалодвалі прафесіямі краўца, закройшчыка, радыёмеханіка па рамонце і абслугоўванні радыётэлевізійнай апаратуры. Праз некаторы час была адкрыта падрыхтоўка сакратароў-машыністак.
У 1998 годзе Брэсцкае ПТВ было пераўтворана ў Брэсцкае вышэйшае прафесійнае вучылішча бытавога абслугоўвання. На базе прафесіі сакратара-машыністкі пачалі рыхтаваць па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”. Абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база, кваліфікаваны педагагічны калектыў і назапашаны вопыт сталі асновай для адкрыцця падрыхтоўкі па кваліфікацыях “тэхнік-тэхнолаг” і “мадэльер-канструктар” на ўзроўні ССА па спецыяльнасці “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”.
З 2002 года вучылішча перайменавана ў Брэсцкі прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання, а яшчэ праз год — у каледж сферы абслугоўвання. У 2004 годзе адкрылася чарговая запатрабаваная спецыяльнасць на ўзроўні ССА — “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” з прысваеннем кваліфікацыі “мастак-мадэльер”. У 2013 годзе каледж набыў сучасную назву.
Прафесіі на ўсе часы
Сённяшнія школьнікі выбіраюць прафесіі, якія дадуць ім магчымасць ужо заўтра прымяніць свае навыкі на практыцы, атрымаць стабільную работу пры любых змяненнях на рынку працы і ўпэўнена глядзець у будучыню. Усё гэта дае навучанне ў Брэсцкім каледжы сферы абслугоўвання, таму не дзіўна, што з кожным годам колькасць юнакоў і дзяўчат, якія імкнуцца паступіць сюды, нязменна расце.
Дарэчы, каледж набірае выпускнікоў як 9-х, так і 11-х класаў. На ўзроўні ССА адзінаццацікласнікам прапаноўваюць авалодаць спецыяльнасцямі “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў (па напрамках)” і “Вытворчасць швейных вырабаў”. Праз 2,5 года яны атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-тэхнолаг” і прафесіі швачкі і краўца. Таксама на базе агульнай сярэдняй адукацыі можна паступаць на спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” — праз 2 гады выпускнікам прысвойваюцца кваліфікацыі “мастак-мадэльер” з прафесіямі цырульніка і візажыста і “бухгалтар” з прафесіяй кантралёра-касіра.
А вось дзевяцікласнікаў запрашаюць на спецыяльнасць “Мадэляванне, канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”. Праз 3 гады і 10 месяцаў ім прысвояць кваліфікацыю “мадэльер-канструктар. Тэхнік-тэхнолаг” і рабочыя прафесіі краўца і закройшчыка. Яшчэ на аснове агульнай базавай адукацыі прапаноўваюць спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, на якой давядзецца вучыцца 3 гады.
— З кожным годам колькасць жадаючых паступіць у наш каледж расце. Прыязджаюць да нас і з Брэсцкай вобласці, і з Мінскай, Гродзенскай, Гомельскай. Сярод найбольш запатрабаваных прафесій — цырульнік і мастак-мадэльер. Сёлета мы вырашылі набіраць выпускнікоў 9-х класаў і не памыліліся ў гэтым рашэнні. Да нас прыйшлі вельмі матываваныя навучэнцы з высокім сярэднім балам дакумента аб адукацыі, у многіх ён склаў 7,5 — 8,5, — паведаміў дырэктар каледжа Юрый Прасмыцкі.
На ўзроўні ПТА да цырульніцкіх і швейных спецыяльнасцей дабаўляюцца “Мантаж і эксплуатацыя ахоўна-пажарнай сігналізацыі” і “Мантаж і тэхнічнае абслугоўванне ахоўнай і пажарнай сігналізацыі” з атрыманнем прафесіі электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі.
— Зараз у каледжы на ўзроўні ССА вучацца амаль 210 навучэнцаў, а на ўзроўні ПТА — 143. Увогуле крэатыўных і стандратных прафесій у нас пяцьдзясят на пяцьдзясят. Мы пачалі па-іншаму працаваць з заказчыкамі кадраў, каб зразумець, якога спецыяліста яны хацелі б атрымаць ад нас. Разумеючы задачы сучаснасці, мы працуем і над фарміраваннем умоў для навучання. Так, навучэнцы ў майстэрнях каледжа могуць атрымаць уяўленне, якім павінен быць сучасны салон прыгажосці з цырульніцкай і манікюрнай заламі. Мы стараемся працаваць комплексна з нашымі крэатыўнымі прафесіямі, бо павінны навучыць не толькі таму, як, напрыклад, рабіць прычоску, але і разуменню, як яна ўпішацца ў вобраз і стыль чалавека, — дадаў Юрый Мікалаевіч.
У Брэсцкім каледжы сферы абслугоўвання выдатна разумеюць, што якасць адукацыі забяспечваюць педагогі. А таму пытанням іх метадычнага суправаджэння, самаадукацыі, павышэння кампетэнцыі ўдзяляецца шмат увагі.
— Калі не будзе сучаснага вучэбна-вытворчага асяроддзя, то мы, хоць і захопім навучэнцаў крэатыўнымі ідэямі, але адстанем ад вытворчасці. Каб гэтага не адбылося, трэба развіваць і педагогаў, для якіх мы таксама ствараем вельмі спрыяльныя ўмовы працы, дзякуючы чаму таленавітая моладзь застаецца ў нас, — расказаў дырэктар установы.
Так, сёлета да работы прыступіла прадстаўніца маладога пакалення выкладчыкаў Ганна Грачанік, майстар вытворчага навучання цэнтра кампетэнцый:
— Калі паступала ў каледж, была пераканана: прафесія мастака-мадэльера цырульніцкага мастацтва — гэта вельмі запатрабаваная і перспектыўная прафесія з добрым заробкам. Пасля заканчэння спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” мяне запрасілі застацца працаваць, і я з радасцю пагадзілася. Стаць цырульнікам я марыла з дзіцячага сада, потым у школе мне хацелася стаць настаўніцай, і вось зараз я магу сумяшчаць дзве любімыя прафесіі, будучы майстрам вытворчага навучання. Мне вельмі падабаецца выкладаць! Між іншым наш курс цырульніцкага мастацтва ўключае ўвесь спектр паслуг: стрыжкі і прычоскі, афарбоўку і таніроўку валасоў.
Думаю, што такія педагогі, як Ганна, становяцца прыкладам для навучэнцаў каледжа і натхняюць іх на пакарэнне новых вышынь. Яны дапамагаюць ім авалодаць рознымі тэхнікамі і сакрэтамі цырульніцкага мастацтва, вучаць ствараць непаўторныя вобразы, надаючы кожнаму кліенту ўнікальнасць і элегантнасць.
Б’юці-майстры
З 2016 года ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання функцыянуе цэнтр кампетэнцый па напрамку “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”.
За апошняе дзесяцігоддзе прадпрыемствы бытавога абслугоўвання правялі значнае тэхнічнае пераўзбраенне. Яны набылі сучасную тэхніку, якая патрабуе высокакампетэнтных спецыялістаў. Гэта і стала перадумовай стварэння ў Брэсцкай вобласці адпаведнага рэсурснага цэнтра, які змог бы ажыццяўляць інфраструктурную падтрымку мадэрнізацыі адукацыі па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, рыхтаваць кадры ў апераджальным рэжыме па кваліфікацыях “цырульнік”, “майстар па манікюры” і “візажыст” не толькі для сваёй вобласці, але і для ўсёй краіны.
Цэнтр кампетэнцый эфектыўна супрацоўнічае з работадаўцамі, установамі прафесійнай адукацыі, цэнтрамі занятасці насельніцтва, фізічнымі асобамі. Тут праводзіцца вытворчае навучанне моладзі і стажыроўка выкладчыкаў і майстроў.
— У нашым цэнтры вядзецца апераджальная падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў ва ўмовах фарміравання канкурэнтаздольных і інавацыйных напрамкаў у сферы цырульніцкіх паслуг шляхам сеткавай формы рэалізацыі адукацыйных праграм. Мы ўзаемадзейнічаем з профільнымі ўстановамі Брэсцкай вобласці: Баранавіцкім дзяржаўным каледжам тэхналогіі і дызайну, Пінскім дзяржаўным каледжам тэхнікі і тэхналогій, кобрынскімі дзяржаўным прафесійным каледжам сферы абслугоўвання і політэхнічным каледжам. У хуткім часе пачнём супрацоўнічаць з гродзенскім і гомельскім каледжамі. Усяго за год навучанне ў нашым цэнтры праходзяць каля 500 чалавек, — паведаміў Юрый Прасмыцкі.
Акрамя таго, цэнтр кампетэнцый выступае пляцоўкай для правядзення адукацыйных мерапрыемстваў і конкурсаў прафесійнага майстэрства, а таксама майстар-класаў, семінараў-практыкумаў для педагогаў, пасяджэнняў творчых груп выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”. А яшчэ тут рыхтуюць удзельнікаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсу прафмайстэрства WorldSkills.
— Дзякуючы ўдаламу сумяшчэнню тэорыі і практыкі, мы маем поспехі ў розных конкурсах. У нас становяцца прафесіяналамі. У маі ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” наша Настасся Раговіч узяла “золата” на V Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства ProfSkills-2023. А ў лістападзе на XVI Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў HAIR — 2023” нашы прадстаўнікі таксама выступілі годна. Іх перамогі накладваюць яшчэ большую адказнасць на нас. Мы ўжо не можам зніжаць планку, таму будзем імкнуцца пацвярджаць званне адных з лепшых у краіне, — падкрэсліў дырэктар установы.
Ён прызнаўся, што канцэпцыя развіцця каледжа шматвектарная: будзе стварацца электронны каледж, наладжвацца больш шчыльнае супрацоўніцтва са знешнімі партнёрамі і заказчыкамі кадраў.
— Мы будзем як удасканальваць традыцыйныя спецыяльнасці, так і адкрываць новыя. Увогуле я перакананы, што каледжы сёння могуць скласці канкурэнцыю ўніверсітэтам. Бо калі ўстанова мае спрыяльныя бытавыя і сацыякультурныя ўмовы, то абітурыент і яго бацькі пачынаюць задумвацца над тым, што навучанне — гэта інвестыцыі. Калі яны расцягнутыя ў часе, то становяцца неэфектыўнымі. А каледжы даюць магчымасць атрымаць прафесію хутка і пайсці на свой хлеб. Таму сёння варта даходліва тлумачыць паступаючым, якія бонусы яны атрымаюць пасля атрымання пэўнай прафесіі менавіта ў каледжы. На гэта ў нас накіравана ў тым ліку і дапрафесійная падрыхтоўка школьнікаў, якая арганізоўваецца ў вучэбных майстэрнях цэнтра кампетэнцый праз такія формы, як прафесійныя пробы і іншыя квазіпрафесійныя формы, — рэзюмаваў Юрый Прасмыцкі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара