Рэкамендуецца да прымянення: лепшы вопыт інавацыйнай дзейнасці прадставілі сталічныя педагогі

- 10:04Образование

У межах ІІ адкрытай гарадской навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Педагагічная навука — школе ХХІ стагоддзя: новыя інструменты і фарматы адукацыі» былі падведзены вынікі «Панарамы паспяховага вопыту інавацыйнай дзейнасці» і прадэманстраваны лепшыя метадычныя напрацоўкі ўстаноў адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як адзначыла начальнік цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі МГІРА Людміла Венцарава, 55 устаноў адукацыі Мінска (з іх 12 — дашкольнай адукацыі, 36 — агульнай сярэдняй адукацыі, установы спецыяльнай адукацыі, прыватныя ўстановы адукацыі) прымаюць удзел у эксперыментальнай дзейнасці. Апрабацыя праектаў ажыццяўляецца па 12 тэмах. На гэты момант ужо сфарміраваны заяўкі па адкрыцці эксперыментальных пляцовак на наступны навучальны год. Яны, дарэчы, ужо ўзгоднены ў камітэце па адукацыі. Заяўлена 8 новых тэм, у якія будуць уключаны яшчэ 38 устаноў адукацыі. Тэматыка праектаў разнастайная: дапрофільная і профільная падрыхтоўка навучэнцаў, спецыфіка работы з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектра, мадэлі падрыхтоўкі да прымянення метадаў электроннага навучання, сеткавага ўзаемадзеяння, развіццё дзіцячай адоранасці ў дашкольным узросце і г. д.

Што тычыцца інавацыйнай дзейнасці, то 98 устаноў адукацыі сталіцы (13 %) працуюць па 26 інавацыйных тэмах. Падрыхтаваны заяўкі на рэалізацыю інавацыйных праектаў у новым навучальным годзе. Плануецца адкрыццё 39 новых пляцовак па 7 тэмах.

Проста пачні з сябе!

З 2020 па 2023 год у гімназіі № 5 Мінска імя героеў сустрэчы на Эльбе рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі і дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў». У межах яго быў распрацаваны лакальны праект «Проста пачні з сябе».

Праект уключае 9 сацыяльных падпраектаў. Усе яны створаны на аснове грамадскіх ініцыятыў гімназістаў. Так, падпраект «Сацыяльны тэатр «Каманда № 5» накіраваны на вырашэнне такой задачы, як дэкларатыўны характар здаровага ладу жыцця падрастаючага пакалення. На вырашэнне спрадвечнага канфлікту бацькоў і дзяцей накіравана дзейнасць «Школы сямейнага даўгалецця». Сутнасць падпраекта «ІТ-START «Я сам…» — мабільнае навучанне камп’ютарным і інтэрнэт-тэхналогіям пажылых людзей.

Праект даў магчымасць кожнаму дзіцяці падумаць пра сябе, навучыцца адрозніваць добрае ад дрэннага, зразумець, што няма тых, хто лепшы альбо горшы за іншага, і ад кожнага чалавека залежыць, якім будзе свет вакол яго. Калі хочаш змяніць свет, пачні з чалавека ў люстэрку, проста пачні з сябе, — адзначыла метадыст гімназіі Людміла Васілевіч.

Захапляльная вучоба

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 27 Мінска Алена Дзявятчанка асновы матэматычнай функцыянальнай адукаванасці ў навучэнцаў 3—4-х класаў фарміруе з дапамогай мультымедыйнай кнігі «Увлечеба. Задачи на движение».

Дапаможнік створаны з дапамогай канструктара інтэрактыўных электронных кніг Book Creator. Скарыстацца ім можна, зайшоўшы на сайт гімназіі ва ўкладку «Інфармацыйныя рэсурсы». Раздзелы кнігі адпавядаюць праграмнаму зместу прадмета «Матэматыка» і прадугледжваюць паэтапнае вывучэнне тэмы «Задачы на рух».

Дапаможнік змяшчае інтэрактыўныя заданні, накіраваныя на развіццё ўменняў рашаць тэкставыя задачы, выконваць арыфметычныя дзеянні над лікамі, адрозніваць матэматычныя тэрміны і велічыні, карыстацца імі ў канкрэтнай сітуацыі. Прадугледжаны і інтэрактыўныя заданні па развіцці ўменняў знаходзіць інфармацыю для рашэння вучэбна-практычных задач, аналізаваць, ацэньваць, абагульняць, інтэрпрэтаваць, пераўтвараць яе рознымі спосабамі. На літаратурных старонках размешчаны казкі, якія знаёмяць школьнікаў з новымі паняццямі, дапамагаюць устанаўленню адносін і сувязей паміж велічынямі, садзейнічаюць развіццю ўяўлення і мыслення.

— Дзякуючы разнастайнасці заданняў фарміруецца ўяўленне пра тое, што матэматыка падмацоўваецца прыкладамі з рэальнага жыцця, а працэс выканання дапамагае кожнаму дзіцяці дасягнуць станоўчых вынікаў, — падкрэсліла настаўніца.

Дрэвы добрых спраў

Сёлета завяршаецца інавацыйны праект па фарміраванні тэхналагічнай культуры навучэнцаў у сталічнай сярэдняй школе № 52. У межах яго рэалізоўваецца сацыяльны стартап «Дзеці — дзецям».

Ён уяўляе сабой канкрэтную практыка-арыентаваную справу, — заўважыла дырэктар школы Аксана Цуран. — Пры суправаджэнні настаўнікаў дзіцячыя інавацыі пераўтвораны ў рэальныя адукацыйныя прадукты. Галоўная ідэя заключаецца ў неабходнасці навучыць школьнікаў ствараць тое, што будзе карысна іншым людзям, выкарыстоўваючы магчымасці лічбавай адукацыі.

На ўроках працоўнага навучання, інфарматыкі, на дадатковых занятках дзеці працуюць над дызайнам школы. Ля ўваходу ў холе, дзе размешчаны кабінеты працоўнага навучання, з’явілася тэхналагічнае дрэва, крону якога ўпрыгожвае абсталяванне для ручной працы, што выкарыстоўваецца вучнямі на ўроках. «Поварешкино» дрэва з дэкаратыўнымі кухоннымі элементамі размешчана каля сталовай. Дрэва з прыродных матэрыялаў, лазы, галінак і лёну ўпрыгожвае адміністрацыйны блок. У бібліятэцы «расце» кніжнае дрэва, створанае дзяўчатамі. Ёсць і спартыўнае дрэва, і музычнае.

У холе з кабінетамі, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школьнікі разам з настаўнікамі працоўнага навучання Васілём Няверам і Арцёмам Кароткім змайстравалі дрэва добрых спраў. На галінках размешчаны палічкі, дзе пачаткоўцы пакідаюць прадметы, якімі яны хочуць падзяліцца, — кнігі, цацкі, дапаможнікі.

Навучэнцы профільных класаў прымалі актыўны ўдзел у стварэнні сенсорнага пакоя, неабходнага для дзяцей з малодшых класаў. Галоўны атрыбут гэтага памяшкання — васьміног, выкананы на ўроках працоўнага навучання з фанеры рознай таўшчыні. Кантрасныя паверхні канструкцыі садзейнічаюць развіццю сенсорнага ўспрымання і тактыльнага інтэлекту.

Укараненне ў практыку работы адытыўных тэхналогій дазваляе ўстанове пашыраць межы зместу навучання ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі.

Акадэмічныя анлайн-сезоны

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны Наталля Целяпун прадставіла вопыт акадэмічных анлайн-сезонаў.

Ідэя іх правядзення нарадзілася дзякуючы нашаму ўдзелу ў інавацыйным праекце, і сёння яна працягвае працаваць, дапамагаючы настаўнікам гімназіі, раёна, горада, кіраўнікам ісці ў нагу з часам, быць мабільнымі, валодаць усімі кампетэнцыямі сучаснага педагога, — расказала суразмоўніца.

Што ўяўляюць сабой анлайн-сезоны (асенні, зімовы, вясновы. — Заўвага аўт.)? Гэта цыкл разнапланавых тэматычных заняткаў па павышэнні кваліфікацыі, кампетэнтнасці педагогаў і кіраўнікоў. Тэматыка прадыктавана запытамі педагогаў, нарматыўнымі дакументамі, рэкамендацыямі інструктыўна-метадычных пісем і інш. Напрыклад, калі быў уведзены факультатыўны курс «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», Людміла Кушнярова ў асеннім сезоне правяла заняткі, падчас якіх дала метадычныя рэкамендацыі па яго правядзенні. Карыснымі былі заняткі Таццяны Яфімавай і Святланы Дзяшук па фарсайт-тэхналогіі.

— Калі мы гаворым пра ідэю акадэмічных анлайн-сезонаў, то трэба ўлічваць асаблівасці тэхнічнага аснашчэння ўстановы адукацыі і тое, што час не стаіць на месцы і трэба рухацца наперад, павышаць лічбавую кампетэнтасць педагогаў шляхам арганізацыі ўнутранага аўдыторнага навучання, развіваць кампетэнцыі, звязаныя з пастаянным маніторынгам сеткі, з пошукам прадукцыйнага вопыту выкарыстання сеткавых інструментаў, стымуляваць асабістую ініцыятыву педагогаў, — адзначыла Н. Целяпун.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара