Асоба Якуба Коласа цікавая і непаўторная і для многіх пакаленняў беларусаў будзе ўзорнай не адзін дзясятак гадоў. З нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў нашым ВПК прайшоў літаратурны вечар “Роднай нівы мы мільённая часцінка”.
Мерапрыемства падрыхтавана і праведзена работнікамі Макранскай сельскай бібліятэкі Марынай Аляксандраўнай Мельнікавай і Аленай Мікалаеўнай Кавалёвай з вучнямі 5 класа. Бібліятэкары расказалі, што пісьменнік з сялянскага асяроддзя стаў песняром усяго беларускага народа. Дзве зімы вучыўся ў “дарэктара” — вясковага хлопчыка, які меў адукацыю пачатковых класаў. Дзецям цікава было даведацца, што першы верш пісьменнік напісаў у дванаццаць гадоў. Сваё дзяцінства ён душэўна апісвае ў паэме “Новая зямля”, якая з’яўляецца сапраўднай энцыклапедыяй сялянскага жыцця. Другая значная паэма пісьменніка называецца “Сымон-музыка”. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе Якуб Колас тры гады прасядзеў у Мінскім астрозе. Вялікая Айчынная вайна разлучыла пісьменніка з родным краем, і ён напісаў верш, у якім адчуваецца боль і туга па Радзіме:
Я чую голас несціханы —
Зямля мая мяне заве
І кроіць сэрца мне на раны…
Усе творы Якуба Коласа гэтага перыяду прасякнуты болем, трывогай за лёс Беларусі. Дзяцей асабаліва крануў такі факт з жыцця пісьменніка: у гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце загінуў яго сын Юрый. Жонка пісьменніка вельмі перажывала гібель сына, цяжка захварэла і памерла праз два тыдні пасля заканчэння вайны. У снежні 1944 года Якуб Колас вярнуўся ў Мінск.
Бібліятэкары правялі агляд кніг Якуба Коласа, расказалі пра найбольш цікавыя з іх. Вучні таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі ад прачытаных імі твораў пісьменніка.
Жыццё Я.Коласа — унікальная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. Наш зямляк — шматгранная асоба. Ён паэт, празаік, вучоны, публіцыст, грамадскі дзеяч. А беларуская літаратура, дзякуючы Якубу Коласу, па-сапраўднаму заззяла на небасхіле сусветнай літаратуры.
Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.