Родныя россыпы жамчужных славес

- 15:30Нам пішуць

У кожнага вучня ёсць свой любімы прадмет, які ён наведвае з задавальненнем і хоча для сябе адкрываць кожны дзень штосьці новае. А кожны настаўнік жадае прывіць любоў менавіта да свайго прадмета не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочнай дзейнасці. Таму ў Геранёнскай сярэдняй школе вялікая ўвага ўдзяляецца прадметным тыдням. І кожны настаўнік ператварае гэты тыдзень у свята свайго прадмета, свята для вучняў, апантаных прагай да ведаў, творчасці, адкрыццяў.

Менавіта такое свята рускай мовы і літаратуры праходзіла з 20 па 25 лістапада ў Геранёнскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Настаўнікі рускай мовы і літаратуры Ірына Аляксандраўна Авярушка і Наталля Восіпаўна Сасноўская выбралі філалагічны квест для правядзення прадметнага тыдня, каб зацікавіць вучняў. Да работы актыўна падключыліся і ўсе настаўнікі пачатковых класаў.

“Вялікая, магутная руская мова” адкрывала прадметны тыдзень. З самай раніцы праводзілася агітацыйная акцыя “З кнігай у XXI стагоддзе”, калі вучні і настаўнікі, уваходзячы ў школу, клас, называлі свае любімыя творы, аўтараў, чыталі радкі любімых вершаў. У кабінеце рускай мовы і літаратуры і ў бібліятэцы была прадстаўлена выстава кніг-юбіляраў, якую вучні маглі наведаць на працягу тыдня. У фае школы размяшчаўся стэнд з газетамі, плакатамі, конкурсамі, прысвечанымі прадметнаму тыдню. Інфармацыя ўвесь час абнаўлялася. На інфармацыйных гадзінах аматары рускай мовы пазнаёмілі ўсіх з цікавымі фактамі па прадмеце.

Другі дзень адводзіўся “Родным россыпам жамчужных славес”. Вучні 1—4 класаў прынялі ўдзел у конкурсе “На што падобна літара”. Лепшыя работы прадставілі Ангеліна Грынюк (4 клас), Агнешка Аніська (3 клас), Паліна Зінкевіч (3 клас), Ангеліна Юруш (2 клас), Сабіна Шаталава (2 клас). На стэндзе былі размешчаны пранумараваныя ілюстрацыі вучняў да літаратурных твораў. Вучні адгадвалі назву і аўтара твора.

Рускай класіцы прысвечаны трэці дзень тыдня, на працягу якога гучалі “стихов пленительные строки…”, праводзіліся літаратурныя віктарыны.

“Лінгвістычныя раскопкі” здзяйснялі навучэнцы школы разам з настаўнікамі ў чацвер. І раскапалі “скарбонку мудрых думак”, пераможцаў у каліграфічнай дыктоўцы “Пішу прыгожа” Беату Уляш, Ксенію Курыла і Ангеліну Грынюк, пераможцаў у конкурсе на лепшы сшытак па рускай мове Сабіну Шаталаву (2 клас), Сямёна Батрашэвіча і Ягора Халупка (3 клас), Ігната Макаўчука (4 клас), Вікторыю Ціткову (5 клас). Вельмі многіх навучэнцаў здзівіла мноства памылак, якія сустракаюцца на рэкламнык шчытах, таму яны актыўна ўключыліся выконваць заданне “Выпраў рэкламшчыка”.

У “Літаратурнай гасцёўні” адбыўся літаратурны рынг. Перамагла каманда 11 класа “Трыкс”. У гэты ж дзень вучні 8—11 класаў адправіліся ў завочные экскурсіі ў музеі-сядзібы рускіх пісьменнікаў.

У заключны дзень тыдня прайшоў турнір знаўцаў рускай мовы і літаратуры сярод вучняў 6—8 класаў “Што? Дзе? Калі?”, у якім перамагла каманда 7 класа NIKS.

Падведзены вынікі тыдня. Самыя лепшыя і актыўныя атрымалі ўзнагароды. І так хочацца, каб гэты запал панаваў на працягу года!

Наталля САСНОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Геранёнскай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.