Розум аб розум востраць

- 11:25Суразмоўца

Педагогаў у парламенце заўсёды працавала многа. Звычайна яны засяроджваліся ў сваёй профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы. Але асаблівасцю дэпутацкага складу гэтага склікання з’яўляецца тое, што многія з дэпутатаў, якія прыйшлі з адукацыйнай галіны, разышліся, як кажуць, па камісіях іншых профіляў. Так атрымалася і ў Ганны Валянцінаўны Старавойтавай, вядомай асобы ў сістэме сталічнай адукацыі, чыё імя звязваюць сёння ў парламенце з міжнароднай дзейнасцю парламентарыяў. Працуючы ў складзе Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, Ганна Валянцінаўна па-ранейшаму часты госць у навучальных установах свайго Фрунзенскага раёна сталіцы. Але на гэты раз не Ганна Валянцінаўна завітала да мінскіх школьнікаў, а яны наведалі рабочае месца свайго педагога. Наша газета далучылася да гэтай сустрэчы і пагутарыла з Ганнай Валянцінаўнай Старавойтавай.

— З педагагічнай дзейнасцю звязана 30 гадоў майго жыцця. Пасля педагагічнага інстытута я прыйшла працаваць настаўнікам матэматыкі ў цяпер вельмі вядомую мінскую гімназію № 13, якая тады была звычайнай школай. Менавіта тады адбыўся мой прафесійны рост і я нават стала фіналісткай гарадскога конкурсу “Настаўнік года”. Пазней мне захацелася рэалізаваць сябе ў кіраўніцкай дзейнасці і далейшыя мае жыццёвыя прыступкі былі звязаны менавіта з кіраўніцтвам на розных узроўнях, пачынаючы ад намесніка дырэктара школы і кіраўніка навучальнай установы да намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Ганаруся званнем “Выдатнік адукацыі”.

— А як вы звязалі сваё жыццё з дэпутацкай дзейнасцю?

— Была патрэба ў гэтым. Хацелася пашырыць межы сваёй працы, рэалізоўваць сябе ў грамадскай дзейнасці, зрабіць свой уклад, падзяліцца з калегамі вопытам, сваімі думкамі, новымі ідэямі, ініцыятывамі і, магчыма, у далейшым іх укараніць у жыццё на карысць нашага горада, грамадства, сістэмы адукацыі. Сваю педагагічную дзейнасць я звязала з работай у Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, што дазволіла прымножыць мае справы, якія тычыліся развіцця адукацыі ў нашым горадзе, выхавання моладзі, развіцця алімпіяднага руху сярод школьнікаў.

На працягу 6 гадоў працы ў Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў я ўзначальвала камісію па адукацыі, навуцы, культуры і спорце і цесна працавала з дарослым насельніцтвам горада, з моладдзю і школьнікамі. У маёй дэпутацкай скарбонцы шмат спраў, якія я і цяпер працягваю. Па-ранейшаму вельмі цесна працую з Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў, Мінгарвыканкамам, і той вопыт, які я назапасіла раней і які звязаны з выбудоўваннем узаемадзеяння розных галін улады, і сёння з карысцю выкарыстоўваю. Гэта стасункі з грамадскімі арганізацыямі, удзел у шматлікіх мерапрыемствах, нарадах, якія тычацца інтарэсаў нашага насельніцтва. Усё гэта дазваляе наладжваць усё большае ўзаемадзеянне, жывы дыялог з маімі выбаршчыкамі.

— Чым насычана сёння ваша дэпутацкая работа?

— Нягледзячы на тое, што я працую не ў профільнай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, а ў камісіі па міжнародных справах, я не адмежавана ад пытанняў развіцця адукацыйнай галіны, а актыўна ўдзельнічаю ў абмеркаванні новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, Закона аб навуковай дзейнасці. Я практык, маю вопыт, свае меркаванні, магу прымяніць іх пры абмеркаванні гэтых законапраектаў і ў цэлым у заканатворчай дзейнасці.

Свае ідэі па развіцці адукацыі спрабую рэалізоўваць і ў камісіі па міжнародных справах. Я лічу, што вельмі важна сёння падтрымліваць здольных і таленавітых дзяцей, што і вельмі актыўна праводзіцца ў нашай краіне. Прыйшла на памяць фраза аднаго з філосафаў аб тым, што розум аб розум востраць. Гэта значыць, трэба кантактаваць з разумнымі, ініцыятыўнымі людзьмі, што дазваляе ўзбагаціць адно аднаго, пашырыць сваю эрудыцыю, камунікабельнасць. Вось і я імкнуся збіраць юных эрудытаў разам. Для мяне яны маленькія зорачкі, яркасць якіх трэба падтрымліваць і распальваць далей. Мы робім сумесныя візіты ў Нацыянальную акадэмію навук, у Парк высокіх тэхналогій, у Нацыянальную бібліятэку, у музеі, тэатры, удзельнічаем у шматлікіх мерапрыемствах. Сёння я сабрала разам у парламенце каля 40 школьнікаў з усіх устаноў адукацыі Фрунзенскага раёна, сярод якіх — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцы і прызёры міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Я хацела б, каб дзеці сваю адоранасць прымянілі не толькі ў прафесійнай дзейнасці. Адораны чалавек — гэта ўсебакова развітая асоба, якая можа стаць вялікім палітыкам, прынесці свой багаты ўнутраны свет у грамадскую дзейнасць. Таму пабываць у парламенце — гэта як зыходны пункт у лёсе, магчыма, і для нашых юных наведвальнікаў.

Трэба сказаць, што ў Мінску дынамічна развіваецца алімпіядны рух, у які прыцягнута ўсё больш і больш школьнікаў. Расце і колькасць узнагарод, якія заваёўваюць школьнікі на алімпіядах. І сёння важна не толькі зберагчы гэты каштоўны патэнцыял, а выгадаваць нашы таленты на карысць нашай краіны. Як вядома, сёння ёсць факты, калі наша моладзь аддае перавагу іншай краіне ў атрыманні адукацыі. Мы павінны павярнуць сітуацыю так, каб да нас прыязджалі вучыцца з іншых краін. Гэтую задачу мы ставім перад сабой як члены камісіі па міжнародных справах. Мы шукаем найбольш дзейсныя спосабы папулярызаваць нацыянальную сістэму адукацыі, вышэйшую школу, якая мае высокую якасць навучання, рыхтуе ва ўніверсітэтах спецыялістаў па інавацыйных, высокатэхналагічных спецыяльнасцях, якія патрэбны ў большасці краін свету. Важна адзначыць, што нашы ўніверсітэты маю ць прафесійны склад выкладчыкаў, навукоўцаў, база аснашчана самым сучасным абсталяваннем, навучанне носіць практыка-арыентваны характар. Мы нядаўна заключылі дамоўленасць аб супрацоўніцтве з Польшчай, дзе ўнесена норма аб узаемадзеянні дзвюх краін у сферы адукацыі. Міжпарламенцкае супрацоўніцтва, якое мы плануем развіваць у найбліжэйшы час, таксама будзе скіравана на развіццё адукацыйнай галіны.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.