Рубцы нашай памяці

- 10:44Культура

У сталічнай галерэі імя Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава “Рубцы нашай памяці”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Усе мастакі — з творчых аб’яднанняў “Традыцыя”, “Пагоня”, са Студыі ваенных мастакоў — аб’ядналіся… Парукаліся. Абняліся. З нагоды вялікага свята. Паслухаем, што гаварылі яны і арганізатары выставы — дый паглядзім выставу.

Начальнік упраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава: “Сімвалічна, што гэтая выстава адкрываецца напярэдадні галоўнага свята нашай краіны і што яна адкрываецца менавіта ў гэтых залах галерэі народнага мастака Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага… Нам з вамі пашчасціла жыць у краіне, у якой з глыбокай павагай ставяцца да мінулага. І гэтая выстава дазволіць сказаць будучаму пакаленню пра тое, што было”.
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца: “Сёння, напярэдадні галоўнага свята краіны, сапраўды бачыш, наколькі беларусы шануюць сваіх бацькоў. А гэта ж адзін з Божых запаветаў — шануй бацькоў сваіх. І ён мае на ўвазе не столькі цела бацькі, колькі яго духоўныя здабыткі. І ўсе нашы перамогі за нашу тысячагадовую гісторыю, а найперш перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, — гэта менавіта духоўны здабытак, за які наша нацыя заплаціла неверагодную крывавую цану. Кожная наша сям’я, кожны беларус мае дачыненне да гэтай перамогі. Не шанаваць, не заўважаць гэта немагчыма. І вельмі хораша, што галоўнае дзяржаўнае свята паяднала ў сабе памяць, пашану да нашых ахвяр і да тых людзей, якія — дзякуй богу, сёння жывыя — здабывалі гэтую перамогу… А сённяшнюю выставу “Рубцы нашай памяці”, я думаю, нельга абмяркоўваць — падабаецца ці не падабаецца. Тут ужо іншыя крытэрыі. Увогуле, рэалізм становіцца ўсё больш і больш эксклюзіўнай з’явай… На нас насоўваецца тое, што па-за межамі маралі, па-за межамі нашых традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей. І таму мы павінны зрабіць усё, каб сцвярджаць саміх сябе. Бо іначай нам месца проста не будзе ў гісторыі. А гэтая выстава якраз паказвае — мы яшчэ застаёмся на тых пазіцыях, якія нас і вылучаюць у свеце… Бо вельмі лёгка пераўтварыцца ў так званага актуальнага, але, насамрэч, уніфікаванага мастака (сучаснае мастацтва — гэта мастацтва ўніфікацыі). І вельмі цяжка захоўваць свае святыні, дбаць пра свае гістарычныя здабыткі і каштоўнасці. Але мы можам гэта, пра што і сведчыць выстава “Рубцы нашай памяці”.
Начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Уладзімір Макараў: “Сённяшняе свята — гэта свята перамогі жыцця над смерцю… Безумоўна, мы разумеем, што гэтая перамога дасягнута талентам палкаводцаў, у першую чаргу — аперацыі “Баграціён”, якая была матэматычна распрацавана ідэальна, як ніякая іншая за ўсю гісторыю чалавецтва. Перамога дасягнута таксама і лепшымі сістэмамі ўзбраення, напрыклад, рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню “Кацюша”, якіх у той час не было ні ў кога. Але галоўнае ў іншым. Перамога дасягнута агромністай народнай душой. Лепшыя лірычныя песні (гэта ў нацысцкай Германіі яны якраз зніклі з рэпертуару ў 30-х), лепшыя жывапісныя палотны нашых мастакоў — усё гэта таксама рабіла сваю справу на шляху да перамогі… Мы ўпэўнены, што захаваем мір і стабільнасць у будучым. Жыццё паказвае: там, дзе спрабавалі здрадзіць свяшчэнным сімвалам, памяці пра Вялікую Перамогу, там сама гісторыя карае людзей. Наш народ ніколі не дапусціў бы гэтага”.
Кіраўнік секцыі “Традыцыя” Беларускага саюза мастакоў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уродніч: “Мэта жыцця тых людзей, чые творы вы бачыце ў сённяшняй экспазіцыі, — захаваць памяць. Памяць — вось гэта галоўнае. І галоўнае тое, каб разбудзіць у гледачоў гэтую памяць. На нашай зямлі засталося шмат рубцоў, шмат шрамаў ад той вайны. На месцы некаторых з іх узведзены мемарыяльныя комплексы. Але паўстае пытанне: ці каштавала ўсё тое, што мы зведалі ў першай палове 40-х, таго, што мы маем сёння? Доўга шукаць адказ на гэтае пытанне не трэба: сёння наша Беларусь дэманструе, што яе народ і яе палітычнае кіраўніцтва яднаныя, яднаныя найперш у тым, што мы — незалежная дзяржава. І незалежна ад розных ухмылак, якія часам мы бачым у некаторых сродках масавай інфармацыі, мы будуем сваю дзяржаву. Сваю родную і любімую Беларусь. Мы доўга разважалі — рабіць гэтую выставу ці не. Але сумненні зніклі перад вось гэтай ісцінай: колькі мы будзем жыць, мы заўсёды будзем успамінаць нашых бацькоў і дзядоў, будзем схіляць перад імі галовы, а можа, і станавіцца на калені. Яны гэтага заслугоўваюць. А калі некаторыя пакаленні ці асобныя іх прадстаўнікі гэтага пакуль не зразумелі, то пройдзе час, я упэўнены, гэта стане хрэстаматыяй і для іх”.
Старшыня Студыі ваенных мастакоў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Апіёк: “Культура і мастацтва — гэта імунная сістэма грамадства. І таму за імі трэба ўважліва назіраць. З гэтай нагоды хачу сказаць, што сёння падведзены ўжо вынікі конкурсу Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь па выяўленчым мастацтве. Яго лаўрэатамі сталі ў тым ліку яшчэ зусім маладыя мастакі — Антон Вырва і Аляксандр Асядоўскі. Да нас ідзе папаўненне. А гэта значыць, што ў нас ёсць будучыня. І, ведаеце, калі нас сёння не прызнаюць, не рэкламуюць, нічога страшнага. У свой час рэалізм быў актуальны, а мадэрнізм бульдозерамі зграбалі ў кучу. Сёння сітуацыя адваротная. Але прыйдзе час, і сітуацыя зноў памяняецца… Бо прарастуць карані сапраўднага мастацтва, праўдзівага мастацтва. І таму, калі мы хочам захаваць нашу краіну чыстай і празрыстай, якой яна ёсць сёння, давайце берагчы яе — праўду. Праўду — у мастацтве і жыцці”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.