Рыхтуемся да конкурса прафесійнага майстэрства

- 11:05Нам пішуць

Кожны разумее, што удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” — гэта не толькі пачэсная справа, але і вельмі адказная. Конкурс патрабуе многа душэўных, фізічных і псіхалагічных сіл. Таму так важна быць падрыхтаваным да ўдзелу ў ім. У рамках падрыхтоўкі да такога важнага мерапрыемства ў Воранаўскім раёне па ініцыятыве загадчыка метадычнага кабінета Ірыны Генрыхаўны Зубель быў праведзены метадычны дэсант “Педагог года – педагогу”. 

Мерапрыемствы праводзіліся на працягу двух дзён раённай творчай групай намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце і членамі раённага клуба “Пошук”, членамі якога з’ўляюцца педагогі, што маюць вопыт удзелу ў такім конкурсе. Педагогі, жадаючыя прыняць удзел у конкурсе, былі не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў.

У першы дзень група пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Радунскай школы-інтэрната Г.А.Дудко падрыхтавала міні-ўрок на сцэне. Тэма ўрока “Марское падарожжа” з першай хвіліны выклікала цікавасць у удзельнікаў. К.М.Рак (пераможца раённага этапу конкурса “Педагог года – 2014”) прапанавала прысутным разгадаць загадку, суаднесці часткі карабля (адгадкі) з пэўнымі этапамі ўрока. Затым педагогі разважалі, што такое карабель ведаў і куды ён павінен плысці.

Другое мерапрыемства — майстар-клас — было прадстаўлена групай пад кіраўніцтвам Г.Э.Станкевіч, намесніка дырэктара Паляцкішскай сярэдняй школы. Напрыканцы майстар-класа групы атрымалі заданне: зыходзячы з пэўнага пункту погляду (педагогі-кансерватары, педагогі актыўныя, перагогі “ў рамцы”, педагогі-наватары), скласці калаж па тэме “Майстар-клас”.

Другі дзень быў прысвечаны ўроку. Вучні 5 класа Рудунскай школы вывучалі тэму “Ураўненне” пад кіраўніцтвам незнаёмай настаўніцы Вольгі Генрыхаўны Шчэрба, настаўніцы Воранаўскай сярэдняй школы (пераможцы раённага этапу конкурса “Педагог года – 2014”). І.В.Удаева, намеснік дырэктара Радунскай школы, са сваёй групай расказалі прысутным аб патрабаваннях да ўрока ў незнаёмым класе і асаблівасцях яго самааналізу, правялі дзелавую гульню.

Апошняе мерапрыемства метадычнага дэсанта — публічнае выступленне. Група Т.Ю.Клімовіч (намесніка дырэктара Жырмунскай сярэдняй школы) і Н.І.Ненартовіч (намесніка дырэктара Пагародзенскай сярэдняй школы) падрыхтавалі патрабаванні да публічнага выступлення, прапанавалі прагляд відэа выступленняў з аналізам убачанага.

Галіна СТАНКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.