Самыя спартыўныя абаронцы Айчыны — у Віцебскай вобласці

- 13:05Спартыўныя падзеі

Днямі на спартыўных базах Наваполацка завяршыліся фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай спартакіяды па праграме зімняга мнагаборства “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту ў рамках Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь-2015.

На першым этапе масавых спаборніцтваў спартакіяды прынялі ўдзел больш за 109 тысяч навучэнцаў, што складае 66,7 працэнта ад агульнай колькасці юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту. На другім (раённым) этапе спаборнічалі 2836 каманд, а гэта 17,5 тысячы навучэнцаў. Да трэцяга (абласнога) этапу дайшлі 205 каманд з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 1013 навучэнцаў.
У фінале за перамогу спаборнічалі лідары абласных этапаў спаборніцтваў. У малодшай узроставай групе (15—16 гадоў) абсалютнай пераможцай стала каманда Віцебскай вобласці, на другім месцы — Магілёўская, на трэцім — Мінская вобласць.
У старэйшай узроставай групе (17—18 гадоў) першае месца зноў заняла каманда Віцебскай вобласці, другое месца ў каманды Мінскай вобласці, трэцяе — у каманды Магілёўскай вобласці.
У выніку лідарам агульнакаманднага заліку стала каманда Віцебскай вобласці, а каманда Магілёўскай вобласці, уступіўшы камандзе Мінскай вобласці 16 ачкоў, замкнула тройку лідараў. Турнірную ж табліцу замыкае каманда Мінска.
У асабістым заліку сярод малодшых юнакоў лідарамі сталі Кірыл Цюрын (Віцебская вобласць), Валерый Грыбайла (Магілёўская вобласць), Ілья Сальнікаў (Віцебская вобласць). Сярод старэйшых юнакоў у ліку пераможцаў Андрэй Лішанкоў (Магілёўская вобласць), Марат Баран (Мінская вобласць), Кірыл Белайчук (Гомельская вобласць).

Наталля АЛЁХІНА.