Сельская, сучасная, канкурэнтаздольная

- 17:13Суразмоўца

Пачынаць новы навучальны год заўсёды вельмі хвалююча і адказна. Для педагогаў Жарабковіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці гэтыя хваляванні і адказнасць узрастаюць у разы. Сёлета за свае дасягненні ўстанова занесена ў галерэю славы Ляхавіччыны, а таму трэба працаваць яшчэ больш напружана, трымаць марку і паказваць прыклад іншым. Пра тое, што дазволіла школе дасягнуць такога выніку, пра перадвераснёвыя клопаты па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, святочны настрой і планы мы гутарым з яе дырэктарам Вольгай Іванаўнай БУРАК.

— Вольга Іванаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Як даўно кіруеце школай?

— Працаваць у школе — гэта мая мара дзяцінства. Старэйшая сястра заўсёды была для мяне прыкладам для пераймання. Калі яна вучылася ў Нясвіжскім педагагічным каледжы, я з цікавасцю назірала, як яна рыхтуецца да заняткаў, піша планы-канспекты, ходзіць на практыку. Закончыўшы базавую школу, пайшла па яе слядах — у тым жа каледжы атрымала спецыяльнасць “Пачатковыя класы. Гуртковая работа”. Потым разам з мужам у якасці маладых спецыялістаў па размеркаванні мы трапілі ў Слонім, дзе я працавала ў дзіцячым садку № 14. Праз некаторы час вярнуліся ў Ляхавіцкі раён: спачатку была выхавальніцай ва Ураджайнінскім дзіцячым садку, а затым стала загадчыцай гэтай установы. Нягледзячы на тое, што скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, мне здавалася, што кіраўніцкіх ведаў не хапае. Для самаразвіцця і прафесійнага росту паступіла ў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў і спецыялістаў адукацыі БДПУ імя Максіма Танка на факультэт менеджменту ў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які скончыла з адзнакай. Усё гэта дазволіла мне рухацца па кар’ернай лесвіцы. Пасля мяне прызначылі кіраўніком Падлескага дзіцячага сада — базавай школы, і з ліпеня 2016 года я дырэктар Жарабковіцкай сярэдняй школы.

Шчыра прызнаюся, спачатку было складана, боязна, вельмі хвалююча прыйсці ва ўстанову з заваяваным аўтарытэтам, традыцыямі. У школе вучыцца больш за 100 вучняў, працуе каля 40 работнікаў, з якіх 24 — педагогі. Аднак усё атрымалася. Я люблю сваю работу, бо яна нясумная, неаднастайная. Гэта заўсёды новыя перспектывы, гэта зносіны, як з педагогамі, так і з дзецьмі, выніковасць, рух наперад, самаадукацыя. У сябе ў кабінеце я зрабіла куточак, дзе размясціла выказванні вядомых вучоных, паэтаў, празаікаў. І калі трэба разняволіцца, пераключыць увагу, то гэта своеасаблівы фітнес для мозга. Мне вельмі падабаюцца словы Эдуарда Асадава: “Жаданне — гэта мноства магчымасцей, а нежаданне — мноства прычын”. Працаваць, рухацца наперад, не спыняцца на дасягнутым — гэта маё. Мяне нават на папярэдняй рабоце назвалі лакаматывам, які вядзе за сабой. Можа, не зусім прыгожае параўнанне, але гэта так.

— Што дазваляе вашай установе быць канкурэнтаздольнай?

— Жарабковіцкая сярэдняя школа лічыцца адной з моцных сельскіх школ на Ляхавіччыне. І перш за ўсё яна вызначаецца высокакваліфікаванымі кадрамі. На сёння тут працуе каля 90% настаўнікаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Я з гонарам магу сказаць, што ў мяне выкладаюць вопытныя педагогі, майстры сваёй справы: настаўніца біялогіі Галіна Сігізмундаўна Бунель, настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Мікалаеўна Навумік, настаўніца фізікі Ірына Вячаславаўна Дробат, настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Іванавіч Мікуліч. Вынікова і творча працуюць настаўніца пачатковых класаў Аксана Леанідаўна Каляда, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Анатольеўна Пальчык, вучні якіх паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. У сваёй дзейнасці педагогі выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі, праблемнае навучанне, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, праектную тэхналогію і інш. У кожнага настаўніка ёсць свае педагагічныя знаходкі, свае фішкі, якія ён выкарыстоўвае ў рабоце.

Нашы вучні дэманструюць добрыя вынікі ў алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. Дыплом ІІ ступені абласной алімпіяды па грамадазнаўстве заваявала Вольга Войтуль (настаўніца Святлана Анатольеўна Пальчык). Дар’я Каляда на абласным конкурсе эколага-біялагічных работ адзначана дыпломам ІІ ступені, на абласной навукова-практычнай канферэнцыі па біялогіі — дыпломам І ступені (настаўніца Галіна Сігізмундаўна Бунель).

Чатыры гады запар мы атрымліваем дыпломы Рэспубліканскага конкурсу “Квітней, мой лес!”. Сёлета Дар’я Каляда на Рэспубліканскім конкурсе “Тэхнаінтэлект” адзначана дыпломам ІІ ступені. Удала паўдзельнічалі мы ў рэгіянальным конкурсе інавацыйных педагагічных ідэй “Воспитание без наступания”, на якім свае ідэі прадставілі 60 удзельнікаў. Па выніках конкурсу наш праект “Практыка-арыентаваная бізнес-адукацыя школьнікаў у пазаўрочны час” быў адзначаны дыпломам абсалютнага пераможцы ў намінацыі “Лепшая ідэя арганізацыі вольнага часу навучэнцаў”. Дарэчы, у нас у школе працуе вучэбная бізнес-кампанія.

— Раскажыце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна. Як вы прыйшлі да стварэння бізнес-кампаніі? Чаму звярнуліся менавіта да эканамічнай адукацыі?

— З мінулага навучальнага года наша школа рэалізоўвае рэспубліканскі інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”. Мэта праекта — павышэнне ўзроўню ўсвядомленага выбару выпускнікамі школ будучай прафесіі, падрыхтоўка іх да самастойнага жыцця, фарміраванне свабоднай камунікатыўнай і інфармацыйнай прасторы паміж удзельнікамі праекта (а яго рэалізоўваюць 7 устаноў адукацыі вобласці), стварэнне пляцоўкі для распрацоўкі і ўкаранення міждысцыплінарных праектаў і г.д.

Пагадзіцеся, кожны чалавек сутыкаецца з праблемамі эканомікі не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў асабістым жыцці. Сучасны вучань павінен валодаць навыкамі планавання і арганізацыі сваёй работы, асабістага бюджэту, прыбыткаў і выдаткаў сям’і, разумна ставіцца да выкарыстання вольнага часу. І эканамічная адукацыя, і выхаванне павінны быць творчымі, а не фармальнымі.

Мы правялі вялікую падрыхтоўчую работу, наведалі майстар-клас па стартапе ў Брэсце “Як пачаць бізнес з нуля”. І на сёння ва ўстанове існуе вучэбная бізнес-кампанія “Няхітрыя вырабы”. Гэта дзелавая гульня, падчас якой вучні набываюць практычныя навыкі. На ўроках працы і ў пазакласны час навучэнцы шыюць насоўкі, хустачкі, кухонныя фартухі, ручнікі, вырабляюць магніты, бірулькі і інш. Наш канёк — паштовыя канверты. Мы распрацавалі іх для ўсіх арганізацый раёна з лагатыпамі і адрасам. Дзецям гэтым займацца цікава, незвычайна, а ў нашым раёне — яшчэ і эксклюзіўна. Гэта спатрэбіцца навучэнцам у жыцці.

У мінулым навучальным годзе на базе школы створаны рэсурсны цэнтр па эканамічным выхаванні навучэнцаў у пазаўрочны час. Ён аказвае метадычную падтрымку класным кіраўнікам і іншым катэгорыям работнікаў устаноў адукацыі раёна па ўкараненні ў практыку іх работы новых выхаваўчых тэхналогій і форм арганізацыі эканамічнага выхавання; павышае прафесійную кампетэнтнасць педагогаў па пытаннях новага зместу прафарыен-тацыйнай работы, авалоданні новымі формамі работы з навучэнцамі. Плануем, што ў перспектыве рэсурсны цэнтр стане каардынацыйнай структурай прасторы ўстановы і будзе прадастаўляць матэрыяльную базу для ажыццяўлення эфектыўнага эканамічнага выхавання ў школе, рэгіёне, вобласці. Мы распрацавалі шэраг метадычных веснікаў і гатовы дзяліцца вопытам.

Для ўдасканалення работы ў шосты школьны дзень і арганізацыі вольнага часу навучэнцаў пачаў рэалізоўвацца праект шостага школьнага дня “Падарожжа ў краіну Эканоміку”, які дапамагае вучням набыць новыя веды ў галіне эканомікі. У гэтым нам дапамагаюць спецыялісты Белаграпрамбанка Ляхавіч. Трэцяя субота месяца — субота эканамічнай адукацыі. Усе ўнутрышкольныя мерапрыемствы маю ць эканамічную накіраванасць.

З мэтай павышэння эканамічнай культуры школьнікаў на базе ўстановы былі арганізаваны факультатыўныя заняткі эканамічнай і прававой накіраванасці. Цікавасць дзяцей да школьных факультатыўных заняткаў падштурхнула нас да думкі стварэння міжшкольнага факультатыву. Дзеці з іншых школ раёна па суботах адзін раз у месяц прыязджаюць у нашу ўстанову. Заняткі міжшкольнага факультатыву праводзіць кандыдат эканамічных навук, дэкан факультэта эканомікі і права БарДУ, дацэнт Вікторыя Аляксандраўна Бязуглая. На мой погляд, далейшае развіццё эканамічнага практыка-арыентаванага асяроддзя з’яўляецца найбольш перспектыўнай формай эканамічнага выхавання навучэнцаў.

Вольга Іванаўна, як я зразумела, у вашай школе ўдзяляецца павышаная ўвага дапрофільнай падрыхтоўцы і прафарыентацыі.

— Гэта сапраўды так. Выбар прафесіі і напрамку прафесійнай адукацыі — адзін з найважнейшых этапаў станаўлення асобы маладога чалавека. Ад таго, наколькі гэты выбар будзе адпавядаць схільнасцям, асаблівасцям асобы і характару, здольнасцям навучэнца, залежыць не толькі тое, як будзе вучыцца малады чалавек у каледжы ці УВА, ці будзе паспяховай яго кар’ера, але і яго здароўе, у канчатковым выніку — шчасце. Бо шчасце, па меркаванні многіх псіхолагаў, гэта калі ў чалавеку супадаюць яго “хачу” (інтарэсы і схільнасці), “магу” (здольнасці) і “павінен” (накіраванасць асобы, маральныя ўстаноўкі). Вось чаму так важна забяспечыць магчымасць своечасовай прафесійнай арыентацыі яшчэ на стадыі выбару профілю навучання.

Мы заключылі дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў адукацыйнай і навуковай сферы на сумесную дзейнасць, развіццё, пераемнасць з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам і Клецкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэем. З імі мы цесна супрацоўнічаем па арганізацыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў, па напісанні навукова-даследчых работ, бізнес-планаў, па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і конкурсаў. Плануем таксама заключыць дагавор з Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжам, куды нашы вучні таксама ахвотна паступаюць.

— Як падрыхтавалася школа да новага навучальнага года?

— Сёлета на падрыхтоўку ўстановы адукацыі да новага навучальнага года з раённага бюджэту было выдаткавана 1440 рублёў, якія накіраваны на замену школьнай агароджы. 1403 рублі бацькоўскай дапамогі пайшлі на дзверы ў вучэбных кабінетах. Мы прадоўжылі правядзенне рамонту ў вучэбных кабінетах. Прадметныя кабінеты ў нас аформлены ў сваёй колеравай гаме, мы імкнуліся іх зрабіць адметнымі і сімвалічнымі. Напрыклад, у кабінеце англійскай мовы — лонданскі Біг-Бэн і сцяг, у кабінеце роднай мовы і літаратуры — васільковы колер і беларускі арнамент.

У гэтым годзе ўпор быў зроблены на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Мы зрабілі шмат малых архітэктурных форм: плот, калодзеж, воз. Пры ўваходзе ў школу паставілі кнігу, на якой распісана гісторыя школы. Выстава ў фае навучальнай установы, арганізаваная намаганнямі настаўнікаў працы — нашых залатых ручак Аляксандра Іванавіча Мікуліча і Алены Вячаславаўны Рагаўцовай, сёлета папоўнілася новымі экспанатамі.

У нас цудоўны спонсар — ААТ “Жарабковічы”. Штогод на Дзень ведаў ён дорыць школе падарункі. Так, летась мы атрымалі ад яго інтэрактыўную дошку, а сёлета — мультымедыйны праектар.

1 верасня за школьныя парты сядуць 13 першакласнікаў. Для горада гэта несур’ёзная лічба, а для сельскай школы — немалая. У гэтым класе будзе выкладаць Яўгенія Дзмітрыеўна Юнік, малады педагог, творчы і натхнёны.

— Вольга Іванаўна, чаго чакаеце ад новага навучальнага года? З якім настроем яго сустракаеце?

— 1 верасня заўсёды чакаю з нецярпеннем і хваляваннем. З прыўзнятым святочным настроем, як, дарэчы, і мае калегі, заўсёды спяшаюся ў школу. З радасцю ад сустрэчы з пасталелымі вучнямі, з верай у сваіх выхаванцаў і калег, з надзеяй на новыя праекты і перамогі. Упэўнена, што работа калектыву будзе па-ранейшаму выніковай, плённай. Я сама не люблю працаваць пад прэсам, таму хочацца, каб ініцыятыва зыходзіла ад педагогаў. У новым навучальным годзе ў планах — трапіць на фестываль бізнес-кампаній у Мінск. Самая запаветная мара — выйсці з нашай бізнес-кампаніяй на міжнародны ўзровень.

Калегам пажадаю разумных і таленавітых, неардынарных і крэатыўных вучняў, якія б радавалі сваімі поспехамі і дасягненнямі, бацькоў, якія разумеюць і актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці. Заставайцеся заўсёды цікавымі для сваіх вучняў! Ідзіце ў нагу з часам, а магчыма, нават крыху наперадзе! Наша работа — нялёгкая, аднак хочацца, каб яна прыносіла як мага больш эмацыянальнага задавальнення, усмешак. Простага чалавечага шчасця вам, натхнення, аптымізму, новых перамог і, самае галоўнае, сібірскага здароўя!

— Вялікі дзякуй за размову! Няхай задуманае спраўдзіцца!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.