Сем арыенціраў для самапазнання

- 11:23Навіны рэгіёнаў

У ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі інкультурацыі асобы школьніка на аснове асяроддзевага падыходу” педагагічны калектыў нашай школы вывучыў метадалагічныя і тэарэтычныя асновы арганізацыі культуратворчага працэсу, асэнсаваў перспектывы ўласнага культурнага развіцця, адэкватнага культурнай сітуацыі класа, вызначыў эфектыўныя формы і метады дзейнасці.

У аснову паспяховага працэсу інкультурацыі была пакладзена сінхранізацыя сямі прыярытэтаў развіцця, сямі арыенціраў: “Я і мае інтарэсы”, “Я і мой калектыў”, “Я і маё сузор’е”, “Я і прырода”, “Я і культура” , “Я і Радзіма”, “Я і творчасць”.

Мэта кожнага арыенціра — фарміраванне патрэбнасці ў вывучэнні гісторыі і культуры, фальклору і этнаграфіі; выхаванне патрыятызму і інтэрнацыяналізму. Навучыць дзяцей цікавіцца гісторыяй свайго краю, месца, дзе яны жывуць, далучацца да духоўных і нацыянальных традыцый, авалодваць ведамі пра культуру папярэдніх пакаленняў дапамаглі музейныя ўрокі, тэматычныя інтэрактыўныя экскурсіі “Бабулін куфэрак”, “Школа: учора і сёння”, паходы і экскурсіі “Пазнаем Радзіму”, конкурс відэасюжэтаў “Я пазнаю свой край”.

Арыенцір “Я і мае інтарэсы” накіраваны на фарміраванне жыццёвых прыярытэтаў, імкнення да самаразвіцця. З гэтай мэтай педагогамі праводзіліся трэнінгавыя заняткі на развіццё лідарскіх якасцей, была арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Лідары новага пакалення”.

Мэта арыенціра “Я і калектыў” — выхаванне ў дзяцей міралюбнасці, умення жыць у калектыве і лічыцца з грамадскай думкай. Выніковымі ў гэтым напрамку былі практыкумы “Прыгажосць, натуральнасць”, “Стандарты паводзін: знаёмства на працоўным месцы, у працоўным калектыве, за мяжой, у грамадскім месцы” і інш.

Работа па кірунку “Я і маё сузор’е” накіравана на фарміраванне ў дзяцей этычных норм, у аснове якіх ляжаць такія паняцці і прынцыпы, як далікатнасць, дабрыня, увага да навакольных, сям’і. Гэтаму спрыяла правядзенне цыкла заняткаў “Культура+”, урокі ў школе добрых манер, свята “Святло матчыных вачэй”, свята сям’і “Сямейныя культурныя традыцыі”.

Змест арыенціра “Я і прырода” накіраваны на выхаванне беражлівых адносін да прыроды, фарміраванне адказнасці за лёс планеты ў цэлым. Вынікова прайшлі акцыі па добраўпарадкаванні “Чысты аграгарадок — чыстая Беларусь”, “Квітней, мой край!”, “Пажылы чалавек жыве побач”, конкурс агітбрыгад “У абарону матухны Зямлі”, прэзентацыя даследчых праектаў “Дзеля жыцця на Зямлі …”

Арыенцір “Я і культура” накіраваны на фарміраванне ў дзяцей пачуцця прыгожага, развіццё іх творчага мыслення, мастацкіх здольнасцей, свядомае прыняцце нацыянальных каштоўнасцей. Такія мерапрыемствы, як квест-гульня “Традыцыі беларусаў”, фестываль “Беларусь культурная”, навукова-практычныя канферэнцыі, круглы стол “Культурная спадчына Астравеччыны”, работа ў праектах “Дзяды”, “Каляды”. “Новы год”, “Гуканне вясны. Саракі”, былі накіраваны на выкананне пастаўленых мэт.

У ходе рэалізацыі праекта нашы навучэнцы атрымалі дакладнае ўяўленне пра культуру як каштоўны вопыт папярэдніх пакаленняў. Вынікі дыягностыкі паказалі, што на першым месцы ў вучняў такая каштоўнасць, як здароўе, на другім і трэцім — шчасце ў сям’і і сяброўства. Назіранні за навучэнцамі паказалі, што ў іх адбываецца ўсведамленне каштоўнасці ўласных інтарэсаў, густаў, ацэнак і набыццё вопыту разнастайных культурных практык.

Вольга КАТКОЎСКІС,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гервяцкай сярэдняй школы Астравецкага раёна.