Сем партрэтаў — педуніверсітэту

- 10:40Вышэйшая школа, Рознае

Напярэдадні Дня настаўніка Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і ўвесь яго вялікі педагагічны і студэнцкі калектыў атрымалі шыкоўны падарунак: у калідоры на другім паверсе ў галоўным корпусе гэтай установы ўрачыста адкрылася мастацкая галерэя “Асветнікі зямлі беларускай”.

Гэта была даўняя мара рэктара БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Іванавіча Жука, каб у галоўнай кузні педагагічных кадраў краіны была свая стацыянарная мастацкая экспазіцыя, тэматычна звязаная з ідэямі асветніцтва і адукацыі, патрыятызму і гуманізму, культуры і духоўнасці — усяго таго, што настаўніцтва вызнае сваімі справамі. І вось, нарэшце, гэтая мара стала явай. Сем вялікіх партрэтаў, напісаных нашымі вядучымі мастакамі, выкладчыкамі факультэта эстэтычнага выхавання БДПУ, сябрамі Беларускага саюза мастакоў, — Ефрасінні Полацкай (пэндзля Алены Шлегель), Кірылы Тураўскага (аўтарства Леаніда Гоманава), Міколы Гусоўскага (пэндзля Мікалая Андруковіча), Францыска Скарыны (аўтарства Георгія Лойкі), Сымона Буднага (пэндзля Аляксандра Кошалева), Васіля Цяпінскага (аўтарства Каміля Камала) і Сімяона Полацкага (пэндзля Леаніда Данеліі) — навекі пасяліліся ў педагагічным універсітэце, каб цешыць вока і нагадваць душы пра высокія адвечныя каштоўнасці. Кожны партрэт суправаджаецца невялікай анатацыяй пра канкрэтны ўклад у асвету і культуру таго ці іншага дзеяча.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мастацкай галерэі “Асветнікі зямлі беларускай” рэктар Аляксандр Іванавіч Жук назваў глыбока сімвалічным той факт, што экспазіцыя адкрываецца напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў і ў Год культуры. “Наша краіна мае багатую і слаўную гісторыю і культуру, прадстаўленую славутымі асобамі. Найсвяцейшая Ефрасіння Полацкая, златавуст Кірыла Тураўскі, гуманіст Мікола Гусоўскі, тытан эпохі Адраджэння Францыск Скарына, рэфарматар Сымон Будны, асветнік Васіль Цяпінскі, педагог-выхавальнік Сімяон Полацкі… Кожнага з іх паасобку і ўсіх разам хвалявалі не толькі ідэі гуманізму і духоўнай чысціні, але і пытанні выхавання і адукацыі беларускага народа. Гэтыя сапраўдныя асветнікі-педагогі стварылі той трывалы падмурак, на якім і сёння трымаюцца нашы адукацыя, навука, педагогіка, выхаванне. На прыкладзе іх жыцця фарміруецца светапогляд і сучаснай беларускай моладзі”, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. Ён таксама сказаў: “Экспазіцыя “Асветнікі зямлі беларускай” мае глыбокі маральна-патрыятычны сэнс. Яна прасякнута ідэяй папулярызацыі педагогікі, навукі і выхавання, якім надавалі вялікае значэнне нашы славутыя асветнікі. І мне вельмі хацелася б, каб наша мастацкая галерэя была цікавай і для нашых студэнтаў, і для абітурыентаў, і для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай скіраванасці, і для іх бацькоў, і для ўсіх наведвальнікаў нашай альма-матар”.

У сваю чаргу заслужаны дзеяч мастацтваў лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Уладзімір Васільевіч Уродніч падкрэсліў значнасць падзеі менавіта для тых маладых людзей, якія заўтра панясуць у грамадскасць сваё настаўніцкае слова. “Новая экспазіцыя акрэслівае гарызонты дзейнасці інтэлігенцыі для ўсяго беларускага народа. І каму, як не вам, мацаваць не толькі нашу самастойнасць, не толькі той дабрабыт, у якім зацікаўлены ўсё насельніцтва і дзяржава, але і тую духоўнасць, перад якой будуць схіляць свае галовы, любяць яны нас ці не любяць, замежнікі. Тыя замежнікі, якім мы даказваем: “Мы такія ж еўрапейскія, як і вы. Не горшыя”. Але нам чамусьці сёння трэба даказваць, што гэта мы, што мы з вамі выраслі не на пустым месцы… Слова, моладзь, за вамі! Я жадаю вам не толькі добрага здароўя і выдатных адзнак, але і заўсёды быць палымянымі патрыётамі нашай Беларусі!” — звярнуўся непасрэдна да студэнтаў Уладзімір Васільевіч Уродніч.

Увогуле, 30 верасня, у дзень адкрыцця мастацкай галерэі “Асветнікі зямлі беларускай”, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка панавала вельмі святочная атмасфера і было вельмі людна. Каля сотні, а можа, і больш студэнтаў сабралася ў фае, каб стаць сведкамі гэтай падзеі. Вёў цырымонію адкрыцця галерэі намеснік дэкана гістарычнага факультэта ўніверсітэта Мікалай Леанідавіч Есялёніс. З калонак гучалі вядомыя скарынаўскія словы-запавет: “Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люде, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”. У самой галерэі, калі Аляксандр Іванавіч Жук і Уладзімір Васільевіч Уродніч перарэзалі чырвоную стужку і запрасілі туды прысутных, струнны квартэт зайграў старадаўнюю музыку. Раз-пораз можна было сустрэць прыгожых дзяўчат і хлопцаў у сярэдневяковых строях, што надавала мерапрыемству яшчэ больш святочнасці…

Але ўрачыстасці ўрэшце скончыліся. А на сцяне засталіся вісець партрэты асветнікаў. Партрэты, якія будуць натхняць на добрыя справы і сённяшняе, і наступныя пакаленні будучых беларускіх настаўнікаў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.