Серная пробка: як яе адкаркаваць?

Доктар паставіў вам дыягназ “серная пробка”. Што гэта? Адкуль яна ўзялася?  Ці можна яе выдаляць? Гэтыя пытанні часта непакояць пацыентаў. Такім чынам…

Серная пробка ўяўляе сабой сумесь з засохлай серы, сакрэту тлушчавых залоз і клетак эпітэлію. На выгляд гэта карычневата-бурая ці амаль чорная маса даволі мяккай кансістэнцыі.
Адкуль жа ўсё гэта бярэцца? Скура, якая высцілае вонкавы слыхавы праход, мае добра выяўлены падскурны слой, асабліва ля адтуліны вонкавага слыхавога праходу, змяшчае валасы, тлушчавыя і серныя залозы. Апошнія і выдзяляюць сакрэт карычневага колеру, багаты на пігмент, — вушную серу.

серная пробкаУ норме сакрэт выдаляецца са слыхавога праходу дзякуючы рухам яго пярэдняй сценкі, якія адбываюцца пры размове і жаванні. Чаму ж тады ўтвараюцца серныя пробкі? Гэтаму можа садзейнічаць павышанае выдзяленне вушной серы. Іншы раз узнікае рэфлекторна пры раздражненні слыхавога праходу, напрыклад, пры экзэме, дэрматытах.
Вушная сера змяшчае шмат халестэрыну, таму павышаная колькасць яго ў крыві таксама можа адыгрываць ролю ў працэсе ўтварэння серных пробак.

Вада, асабліва мыльная, якая трапляе ў вуха, садзейнічае зацяканню серы ў больш глыбокія аддзелы вонкавага слыхавога праходу (касцявую частку), адкуль яна цяжэй выдаляецца.
Механічнае прапіхванне вушной серы ў больш глыбокія аддзелы слыхавога праходу (напрыклад, ватнымі палачкамі пры няправільнай чыстцы) прыводзіць да ўтварэння серных пробак.
Садзейнічае назапашванню сакрэту ў вонкавым слыхавым праходзе цэментны, мучны пыл ці сажа, часцінкі якой аблепліваюцца серай.
Нарэшце, залішне вузкі ці звілісты канал, безумоўна, абцяжарвае нармальную ачыстку.

Калі серная пробка не закрывае цалкам слыхавога праходу, то яна не выклікае ніякіх сімптомаў. Пры поўнай жа закупорцы яго адразу з’яўляецца пачуццё заложанасці і паніжэнне слыху. Поўная закупорка часцей за ўсё адбываецца ад выпадковага трапляння ў слыхавы праход вады падчас мыцця, купання, у выніку чаго пробка набухае. Іншы раз закупорка адбываецца раптоўна падчас жавання ці маніпуляцый у вуху. Больш непрыемныя адчуванні ўзнікаюць, калі пробка цісне на барабанную перапонку. У гэтых выпадках можа з’явіцца шум у вушах і нават галавакружэнне.
Пры наяўнасці такіх сімптомаў варта звярнуцца да ўрача. Не спрабуйце выдаліць пробку самастойна. У паліклінічных умовах серная пробка, як правіла, лёгка выдаляецца прамываннем. Пасля прамывання трэба нахіліць галаву да пляча, каб выцеклі рэшткі вады. Слыхавы праход на некалькі гадзін закрываюць ватай. Калі пробка шчыльная і пры першай спробе не вымываецца, лепш адкласці яе выдаленне на 1-2 дні, каб у гэты час яе размякчыць і разрыхліць. Для гэтага прапаноўваецца некалькі разоў у дзень уліваць у вуха 3% раствор перакісу вадароду. Варта памятаць, што ад набухання сернай пробкі слых часова можа пагоршыцца. Пасля такой падрыхтоўкі пробка, як правіла, выдаляецца лёгка.
Як жа папярэдзіць утварэнне серных пробак? Калі вы чысціце вушы ватнымі палачкамі, лепш рабіць гэта кругавымі рухамі, таму што рухі ўздоўж слыхавога праходу садзейнічаюць прапіхванню вушной серы ў больш глыбокія аддзелы. Не спрабуйце выдаляць пробкі цвёрдымі прадметамі — вы можаце траўміраваць скуру вонкавага слыхавога праходу. Калі ж серныя пробкі ўтвараюцца рэгулярна — лепш за ўсё часцей звяртацца да доктара для іх выдалення.

Вольга СТАРАВОЙТАВА,
урач-атарыналарынголаг.