“Сэрца зямлі маёй”

- 10:44Навіны рэгіёнаў

Пад такой назвай 9 мая ў самым цэнтры святкавання Дня Перамогі, у мемарыяльным комплексе Курган Славы ў Гродне, прайшоў абласны фестываль патрыятычнай песні. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Гродзенскі абласны камітэт ГА “БРСМ”.

Выступае Вікторыя Гневышава.

У рамках святкавання 76-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне былі выбраны лепшыя выканаўцы патрыятычнай песні. Удзел у фестывалі прыняла таленавітая моладзь з усіх куткоў Гродзенскай вобласці. У фінале конкурсу выступілі каля 30 выканаўцаў — пераможцы раённых песенных конкурсаў. Салісты, дуэты і вакальныя групы выканалі песні аб Радзіме, прыгажосці беларускай зямлі, Вялікай Айчыннай вайне і яе героях.

— Фестываль право­дзіцца штогод. Сёлета невыпадкова ён прымеркаваны да святкавання Дня Перамогі, бо таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прымаюць у ім удзел, аб’ядноўваюць любоў да сваёй краіны і актыўная грамадзянская пазіцыя. Любоў да Радзімы яны выказваюць праз творчасць, а таксама праз свае ўчынкі і слаўныя справы на карысц­ь краіны. У конкурсе прынялі ўдзел як прафесіяналы сваёй справы, так і аматары, — адзначыла першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Ганна Сарасек.

Ацэньвала выступленні і выбірала лепшых кампетэнтнае журы. Пераможцы вызначыліся ў намінацыях “Саліст-вакаліст”, “Дуэты, трыа, ва­кальныя групы” і “Прафесіянал”. Самы запамінальны і арыгінальны нумар атрымаў гран-пры фестывалю.

— Гэта іміджавае мера­прыемства абласнога камітэта БРСМ, якое на працягу многіх гадоў праводзіцца толькі ў нашым рэгіёне, — адзначыла начальнік аддзела праектнай дзейнасці абласнога камітэта БРСМ Наталля Станюкевіч. — Як правіла, даты яго правядзення з году ў год былі рознымі. Упершыню ў Год народнага адзінства наш фестываль сабраў выканаўцаў 9 мая, у дзень, калі краіна святкавала адразу два важныя святы — Дзень Перамогі і Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Таму правялі фестываль з маштабам каля Кургана Славы, каб ахапіць як мага большую колькасць людзей. Лічым, што сёлета асабліва важна было паказаць, колькі нас, патрыётаў сваёй краіны.

У намінацыі “Саліст-вакаліст” сярод выканаўцаў 14—17 гадоў 1-е месца заняла Ульяна Захаркевіч (сярэдняя школа № 2 Слоніма), 2-е — Ангеліна Янушкевіч (сярэдняя школа № 3 Ашмян) і трэцяе — Карына Аліевіч (сярэдняя школа № 4 Навагрудка). У намінацыі “Саліст-вакаліст” ва ўзросце 18—22 гадоў перамагла Таццяна Праскурская (Зэльвенскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці), на 2-м месцы — Павел Багатырэвіч (Гродзенскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага). Лепшы саліст-вакаліст сярод удзельнікаў 23—31 года — Андрэй Кужко (Лідскі аддзел Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь), на 2-м месцы — Андрэй Грыгор’еў (в/ч 5522). У намінацыі “Дуэты, трыа, вакальныя групы” перамог вакальны ансамбль “Аніма” (Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў), 2-м стаў вакальны ансамбль “Ярыца”, (сярэдняя школа № 8 Слоніма) і 3-м — тэатр песні “АртКласс ИнДиго” (Гро­дзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў). У намінацыі “Прафесіянал” на 1-м месцы Валерыя Капытава (Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў), на 2-м — Віялета Дукі (яслі-сад № 12, Лідскі раён), на 3-м — Вераніка Зотава (Свіслацкая дзіцячая школа мастацтваў).

Гран-пры конкурсу за­вая­вала Вікторыя Гневышава (Смаргонскі раённы цэнтр культуры), выканаўшы “Баладу пра маці”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным камітэтам ГА “БРСМ”.