Шахматы ў руху

- 17:19Спартыўныя падзеі

Раніца дзевяцікласніцы сталічнай гімназіі № 3 Алісы Дзіанісевічус нічым не адрозніваецца ад раніцы звычайнага падлетка — яна ідзе ў школу. А вось вечар — іншая справа. Амаль увесь вольны час дзяўчына праводзіць за більярдным сталом. Прычым не дзеля забавы, а для таго, каб увасобіць у жыццё вялікую мару.

Па слядах бацькі

Пулам, які яшчэ называюць шахматамі ў руху, Аліса захапляецца з 9 гадоў. Да гэтага займалася танцамі, але з-за праблем са здароўем ёй давялося перайсці ў больш спакойны від спорту. Тут доўга думаць не прыйшлося…

— У нас дома быў стол для рускага більярда — бацька гуляў амаль кожныя выхадныя, — расказвае Аліса. — Мне падабалася назіраць за яго дзеяннямі, а потым я падумала, чаму б самой не паспрабаваць. Але выбрала пул, паколькі гэтая разнавіднасць мне падабаецца больш. Усё дзякуючы яе дынамічнасці і яркасці.

Пачала трэніравацца і ўжо з 11 гадоў удзельнічала ў першых буйных турнірах. Памятаю, у адным з іх разгубілася і не адчувала ўпэўненасці ў сваіх сілах. Нягледзячы на гэта дабралася да фіналу, дзе мне супрацьстаяла майстар спорту. Тады яна была лепшай у краіне, а мне не хапіла вопыту.

Мара ці мэта?

З тых часоў многае змянілася. За 6 гадоў Алісе ўдалося выйсці на міжнародны ўзровень і стаць прафесіяналам. У 2021-м яна атрымала медалі 10 буйных спаборніцтваў па пуле, сярод якіх ёсць “золата” рэспубліканскага чэмпіянату. І ўсё ж галоўныя трафеі — дзве “бронзы” першынства Еўропы.

— Да гэтага турніру рыхтавалася асабліва старанна, — гаворыць Аліса. — На працягу некалькіх месяцаў у мяне былі чатырохгадзінныя трэніроўкі літаральна кожны дзень. Яшчэ глядзела матчы наймацнейшых у свеце гульцоў, прымячала розныя фішкі. Акрамя таго, старалася пракачаць сябе ментальна, каб не губляць канцэнтрацыю ў складаныя моманты партыі.

Усё гэта ў сукупнасці надало ўпэўненасці: апынуўшыся на чэмпіянаце, я адразу злавіла сваю гульню. Але апошнія шары за  медалі — вельмі нервовая гісторыя. На коне занадта многае — тут любы перажываць пачне. За “бронзу” змагалася са спартсменкай са Швецыі. Цікава, што дэбютны матч турніру таксама правяла супраць яе. Я перамагла ў абедзвюх сустрэчах.

Цяпер мая дзіцячая мара ператварылася ў рэальную мэту: узяць 1-е месца на чэмпіянаце Еўропы. Таксама неабходна максімальна добра выступіць на сезонных міжнародных спаборніцтвах. Ну, і выйграць першынство Беларусі, само сабой.

Стаў і ідзі

Сакрэт перамог Алісы — у нацэленасці на максімальны вынік. Дзяўчына пастаянна працуе над паляпшэннем якасці сваёй гульні і не ведае, што такое лянота. Яшчэ вельмі дапамагае добрая навучальнасць — ёй двойчы тлумачыць не трэба.

— Галоўнае, верыць у сябе і працаваць, таму амаль увесь вольны час праводжу за більярдным сталом, — расказвае Аліса. — З-за таго, што спаборніцтвы ідуць адно за адным практычна без паўз, прыходзіцца змагацца з эмацыянальным знясіленнем. Але з іншага боку, дзякуючы гэтаму я заўсёды знаходжуся ў тонусе і гатова да любога апанента. Вось на мінулым тыдні выступала на чарговым першынстве і ніяк не магла злавіць патрэбную хвалю. Нягледзячы на гэта здолела перамагчы за кошт вопыту.

Да таго ж люблю спаборнічаць. Падабаецца адчуваць, што я тэхнічна і ментальна мацнейшая за саперніка. Наогул, аддаю перавагу індывідуальным відам спорту. Памятаю, калі хадзіла на танцы, трохі напружвала, што памылка аднаго чалавека пераносіцца на ўвесь калектыў. З-за гэтага ўзнікалі канфлікты і сваркі. Таму выступаць у адзіночку мне нашмат камфортней — сама нясу адказнасць за вынік.

Яшчэ адзін фактар — здольнасць хутка вучыцца. Стараюся схопліваць усё на ляту і не забываю расці на сваіх памылках. Ну і без характару нікуды. Я па-спартыўнаму ўпартая — стаўлю мэту і іду да яе. Калі ехала на чэмпіянат Еўропы, настройвалася на максімальны вынік. Вось і заваявала 2 “бронзы” — у індывідуальным заліку і ў камандным. Веру, што дзякуючы ўпартасці, можна дасягнуць немагчымага.

Крок назад — скачок наперад

І ўсё ж асабістыя якасці можа раскрыць толькі сапраўдны спецыяліст. У гэтым Алісе пашанцавала — ідэальны настаўнік знайшоў яе сам. Рычард Хелідэй не толькі прафесійны гулец у пул, але і дыпламаваны псіхолаг. Ён заўважыў у дзяўчыне патэнцыял і прыдумаў, як яго раскрыць.

— На адным з турніраў я гуляла супраць вельмі вопытнай спартсменкі, але здолела яе перамагчы, — успамінае Аліса. — Рычард звярнуў увагу, сказаў, што я таленавітая, але ёсць над чым працаваць. Прапанаваў выйсці на новы ўзровень. Для гэтага прыйшлося ўнесці шмат карэкціровак у стыль маёй гульні, у трэніровачны працэс і рэжым. Пасля такой перабудовы я не магла нават просты шар адправіць у лузу, але з часам не толькі вярнулася на ранейшы ўзровень, але і стала значна мацнейшай. Усё дзякуючы плану, складзенаму Рычардам. Ён меркаваў, што першыя 3 месяцы пойдуць на перанавучанне, затым пачнецца плаўны рост, а пасля — рэзкі скачок вынікаў.

Так і атрымалася. У нейкі момант я пачала выйграваць турніры адзін за адным. Адчула, што вельмі моцна дабавіла і выправіла многія моманты, якія раней здаваліся мне непад’ёмнымі. Трэнер патлумачыў, што часам, каб здзейсніць рывок наперад, трэба зрабіць крок назад.

“Хутка высакакласных гульцоў у пул з Беларусі стане больш. Падрастае таленавітае пакаленне, якое падае вялікія надзеі. На мінулым тыдні ў нашай школе більярда прайшоў буйны дзіцячы турнір. У ім узялі ўдзел 45 юных спартсменаў, прычым дзвюм дзяўчынкам было ўсяго па 5 гадоў”.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Алісы Дзіанісевічус.