Шчасце вучыць і вучыцца

Нават не міргаючы, 18 пар вачэй глядзяць на настаўніка, дзеці ўважліва слухаюць яго, ловячы кожнае слова. Хвіліну, тры, пяць… Пасля тлумачэння новага матэрыялу Сяргей Смаль на некаторы час змаўкае і таксама пільна глядзіць на сваіх вучняў. Калі іх позіркі сустракаюцца, усе твары ўмомант расквечваюцца шчаслівымі ўсмешкамі.

Гучыць залівісты званок. Другакласнікі хуценька рыхтуюцца да наступнага ўрока. Сяргей Ігнатавіч яшчэ раз далікатна нагадвае ім, як трэба паводзіць сябе на рухальным перапынку. Кіўнуўшы ў знак згоды, вучні дружнай гурбой выбягаюць з кабінета. Адзін з хлопчыкаў вяртаецца. Выглядваючы з-за дзвярэй, цікавіцца: “Сяргей Ігнатавіч, а вы з намі?” Не дачакаўшыся адказу, знікае. “А як жа!” — ляціць яму ўслед адказ настаўніка. Узяўшы футбольны мяч, хутка накіроўваецца на рухальны перапынак і Сяргей Смаль.
Сяргей Ігнатавіч працуе ў Хаціслаўскай сярэдняй школе. Сёння гэта адзіны настаўнік-мужчына пачатковых класаў на Маларытчыне. Педагагічнай дзейнасці ён аддаў 26 гадоў. Настаўнікам стаў выпадкова. Працаваць у школе ніколі не марыў.С.І.Смаль нарадзіўся і вырас у вёсцы Сушытніцы. З маленства бацькі прывучалі хлопца да нялёгкай сялянскай працы. Маці Марыя Якаўлеўна была перадавой даяркай калгаса. Яе партрэт не адзін год вісеў на раённай Дошцы гонару. Бацька Ігнат Міканоравіч працаваў дзяжурным на чыгуначнай станцыі і меў шмат узнагарод. Юнак браў з іх прыклад, усюды і ва ўсім імкнуўся быць на добрым рахунку.
У школу Сяргей Ігнатавіч пайшоў на год раней, чым трэба. Вучыўся добра. Пасля заняткаў з дазволу бацькі часта на двары круціў-рамантаваў розную тэхніку: спачатку веласіпед, а калі падрос — матацыкл. Хацелася сваімі рукамі перабраць усе дэталі і механізмы.
У 10 класе Сяргей Ігнатавіч удзельнічаў у абласным конкурсе юных аўтамабілістаў, дзе заняў 1 месца. Затым на аналагічных рэспубліканскіх спаборніцтвах таксама стаў лепшым. Юнака ўключылі ў склад каманды БССР на ўсесаюзныя спаборніцтвы.
Пасля заканчэння Хаціслаўскай сярэдняй школы ён падаў дакументы ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, каб набыць спецыяльнасць інжынера-механіка, але не прайшоў па конкурсе. Давялося вярнуцца ў родную вёску і ўладкавацца на год трактарыстам у мясцовы калгас.
Тэрміновую службу будучы педагог праходзіў у пагранічных войсках Казахстана. Дэмабілізаваўся ў 1985 годзе. Неяк праглядаў абласную газету і звярнуў увагу на адну аб’яву.
— Падрыхтоўчае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна абвясціла дадатковы набор, — успамінае С.І.Смаль. — Вакансія была на педагагічным факультэце. Думка пра вышэйшую адукацыю за час службы ў арміі не знікла. Але настаўнікам пачатковых класаў сябе не бачыў і не нават уяўляў гэтага. Вучыцца на падрыхтоўчае аддзяленне пайшоў не адразу. Хацеў паступаць на больш прэстыжную спецыяльнасць у сталічную УВА, але ўсё атрымалася інакш.
Юнака хутка заўважаюць на педагагічным факультэце. Стараннасць, мэтанакіраванасць у дасягненні мэты, сур’ёзнае стаўленне да любой даручанай справы паспрыялі таму, што Сяргея Ігнатавіча выбіраюць старастай курса.
— На 4 курсе ў мяне было вольнае наведванне заняткаў, — гаворыць С.І.Смаль. — З верасня 1989 года стаў настаўнікам пачатковых класаў Хаціслаўскай сярэдняй школы. З таго часу так і працую ў ёй. У выбары прафесіі не расчараваўся. Гэта красамоўна пацвярджаюць 26 гадоў, аддадзеных педагогіцы. Усё светлае і добрае звязана са школай.
Сваю задачу як настаўніка Сяргей Ігнатавіч бачыць у тым, каб знайсці дарогу да сэрца кожнага вучня, быць патрэбным ім у жыцці, даць неабходныя веды, уменні і навыкі, падрыхтаваць да розных жыццёвых сітуацый. Педагог хоча бачыць любімых хлопчыкаў і дзяўчынак добрымі людзьмі ў будучыні, якія будуць шчыра любіць Радзіму, шанаваць і паважаць традыцыі і звычаі роднага краю.
Каб нечага дасягнуць, упэўнены С.І.Смаль, неабходна прыкласці пэўныя намаганні, прычым не разавыя, а штодзённыя. Настаўнік лічыць, што ў рабоце з дзецьмі без педагагічных хітрасцей не абысціся, таму на ўроках заўсёды выкарыстоўвае розныя методыкі. Акрамя таго, Сяргей Ігнатавіч пастаянна працуе над сабой.
— Настаўніцкае шчасце заключаецца ў тым, што атрымліваеш задавальненне ад работы і бачыш яе вынік, што дзіцячыя вочы свецяцца радасцю, — заўважае С.І.Смаль. — Мне заўсёды неабходна іх бачыць. Па вачах чытаю ўсё, бо вочы — люстэрка душы чалавека. Прашу дзяцей заўсёды і ва ўсім гаварыць толькі праўду і ўмець адказваць за свае ўчынкі. Калі сорамна за тое, што зрабіў, старайся ў далейшым больш так ніколі не рабіць. Тады і чырванець не давядзецца перад іншымі.
Сяргей Ігнатавіч не толькі вучыць дзяцей, але адначасова і вучыцца ў іх. Вучні для педагога — штодзённае адкрыццё і задавальненне. Каб зразумець іх, настаўнік імкнецца глядзець на свет іх вачыма. У дзяцей усё як на далоні.
— Сяргей Ігнатавіч — добры настаўнік, ветлівы, тактоўны, цярплівы і памяркоўны чалавек, надзейны сябар і мудры дарадчык, — гаворыць дырэктар Хаціслаўскай сярэдняй школы Алена Пархомава. — Такім і павінен, напэўна, быць сапраўдны педагог. Пабываць на любым уроку Сяргея Ігнатавіча — сапраўднае шчасце. Кожнаму вучню педагог аддае часцінку сваёй душы. Дзеці штодзень так і круцяцца вакол яго. Невыпадкова кажуць, што пра дрэва мяркуюць па пладах, а пра работу настаўніка — па вучнях.
— Наш Сяргей Ігнатавіч самы лепшы ў свеце! — аднагалосна гучна адказваюць другакласнікі. А потым наперабой пачынаюць дапаўняць адно аднаго, абавязкова дадаючы слова “самы”: мужны, смелы, старанны, справядлівы, працавіты, уважлівы, ветлівы, спагадлівы, чулы, клапатлівы…
Ці многія настаўнікі могуць пахваліцца тым, што па-сапраўднаму заваявалі сэрцы сваіх вучняў? С.І.Смаль можа. У чым тоіцца сакрэт непадробнай любові дзяцей да настаўніка? Магчыма, у яго высокім майстэрстве, незвычайнай шчырасці, штодзённай прастаце і разумнай прынцыповасці. Дзейнасць Сяргея Ігнатавіча — сведчанне вялікай працавітасці і гарэння дзеля дзяцей. Напэўна, якраз гэта і выклікае ў іх пачуццё асаблівай павагі і захаплення. С.І.Смаль даўно пераканаўся, што настаўнік — гэта не прафесія, а лад жыцця.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.