Шчодрая восень збірае сяброў

- 12:19Навіны рэгіёнаў

Традыцыйная выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці “Восеньскі карагод” карыстаецца нязменна высокай папулярнасцю ў жыхароў абласнога цэнтра і найбліжэйшых раёнаў.

Менавіта тут руплівыя гаспадары запасаюцца на зіму садавіной-агароднінай, набываюць неабходныя інструменты і прылады, элітныя саджанцы, зерне і маладняк свойскіх жывёл, добрую мэблю, будаўнічыя матэрыялы, прадметы хатняга ўжытку. За многа гадоў віцябляне пераканаліся, што ў суадносінах “кошт-якасць” вырашчанае на палетках і агародах, у садах і цяпліцах, вырабленае ў вучэбных майстэрнях устаноў адукацыі — па-за канкурэнцыяй. У дзень кірмашу самыя вопытныя і спрактыкаваныя пакупнікі сельгаспрадукцыі з раніцы пільнуюць прадаўцоў на пляцоўцы ля Палаца спорту. Ледзь тыя толькі заканчваюць выкладваць тавар, падступаюцца да палатак: хто забірае бульбу ці цыбулю з морквай мяшкамі і адразу нясе іх да сябе ў машыну, хто задаволена цягне дадому важкую авоську або ручную каляску. Даволі нязвыклая для нашага часу з’ява — чэргі — нікога не здзіўляюць, тым больш што рухаюцца яны хутка: усе пакідаюць гандлёвыя рады і з набыткам, і з добрым настроем. Да 9 раніцы, моманту афіцыйнага адкрыцця кірмашу, грузавікі з бульбай стаяць ужо напаўпустыя, а неўзабаве прадаўцы-аграрыі пачынаюць падлічваць выручку — яна пойдзе на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Забягаючы наперад: усяго па выніках дня ўстановамі адукацыі было рэалізавана прадукцыі на суму каля 80 тысяч рублёў. У першыя гадзіны пасля адкрыцця на выставу-продаж спяшаюцца аматары эксклюзіву: іх найперш прывабліваюць модныя калекцыі адзення і абутку, унікальныя галантарэйныя і тэкстыльныя вырабы, дызайнерская мэбля, сувеніры — больш нідзе такіх не знойдзеш! Моладзь і бацькі школьнікаў прыглядаюцца да таго, што ўмеюць рабіць навучэнцы і студэнты, з крыху іншым інтарэсам: прадукцыя ўстаноў адукацыі, напэўна, найлепшая іх рэклама. Да кірмашу рыхтуюцца старанна, адказна і творча, дэталёва прадумваючы ўсё, ад афармлення і майстар-класаў для ўсіх жадаючых да міні-канцэртных праграм і пачастунку. Аматарам паласавацца таксама раздолле: можна прадэгуставаць і цудоўную выпечку, і шашлыкі, і знакамітую відзаўскую юшку. Да таго ж набыць паўфабрыкаты, каб парадаваць сям’ю якаснай і карыснай смакатой. Конкурс на лепшае афармленне гандлёвага месца не праводзіцца, тым не менш канкурэнцыя ў гэтым плане надзвычай высокая, бо прывабіць не толькі пакупнікоў, але і будучых абітурыентаў — справа гонару кожнага калектыву. У юнакоў і дзяўчат ёсць унікальная магчымасць атрымаць неабходную інфармацыю з першых вуснаў ад навучэнцаў, выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, а калі трэба, і дырэктар ліцэя ці каледжа далучыцца і пракансультуе.

Выставу-продаж па традыцыі абавязкова наведваюць кіраўнікі абласной улады. Вось яшчэ адно аблічча багатага на тавары, шчодрага на падзеі і ўражанні “Восеньскага кірмашу”: гэта, можна так сказаць, вялікая неафіцыйная педагагічная нарада, магчымасць абмеркаваць хвалюючыя пытанні, паказаць свае дасягненні, падзяліцца вопытам. Асаблівая пашана — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы. Ім прысвечаны многія нумары канцэртных праграм, ім адрасуюць цёплыя словы прызнання калегі і навучэнцы, для іх (што таксама немалаважна) пры набыцці любых тавараў прадугледжаны істотныя скідкі. А святочны настрой на працягу некалькіх гадзін падтрымліваюць юныя таленты — з імправізаванай вялікай сцэны прадаўцоў і пакупнікоў штогод радуюць шыкоўнай канцэртнай праграмай лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы з устаноў адукацыі вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.