Шчырая размова аб ВІЧ

- 11:43Навіны рэгіёнаў

У Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі прайшло першае мерапрыемства ў рамках рэспубліканскага праекта па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, які стартаваў на Міншчыне, — круглы стол “ВІЧ — праблема маладых”.

У якасці эксперта ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел урач-эпідэміёлаг, супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Таксама на мерапрыемства запрасілі каля 100 навучэнцаў ліцэя рознага ўзросту.

Для Слуцка тэма круглага стала вельмі актуальнай, бо горад займае сумнае 3-е месца па колькасці хворых на ВІЧ. Шмат карыснай інфармацыі па тэме навучэнцы атрымалі ад урача-эпідэміёлага Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі С.Ю.Шуманскай і педагога-псіхолага ліцэя Т.А.Голец. В.Н.Нікановіч, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, правёў для навучэнцаў інфармацыйную гульню “Маршрут бяспекі”, падчас якой сур’ёзная праблема абмяркоўвалася нязмушана і даверліва. Спецыялістам удалося стварыць дружалюбную атмасферу і шчыра пагутарыць з моладдзю, не засмучаючы яе, нягледзячы на тое, што тэма даволі далікатная. Дзякуючы гэтаму, многія з маладых людзей згадзіліся на прапанаваную ім самадыягностыку. Пра мерапрыемства моладзь актыўна расказвала на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

— Далучэнне моладзі да ўдзелу ў такіх маштабных мерапрыемствах, фарміруе ўстойлівае перакананне ў правільнасці сваіх учынкаў, перакананне на карысць здаровых і правільных паводзін у грамадстве, — лічыць педагог-псіхолаг Т.А.Голец. — А гэта з’яўляецца важным, але трывалым крокам. Няхай і маленькім, але такім значным на парозе самастойнага жыцця.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Слуцкім ДСПЛ.