Валанцёры, майстры спорту, выдатнікі. Навучэнцы сярэдняй школы № 10 Віцебска — годныя спадкаемцы Аляксандра Гараўца, імя якога ў маі атрымала навучальная ўстанова.
Эстафета пакаленняў
Школа па праве ганарыцца сваімі выпускнікамі, каму належыць аўтарства многіх слаўных старонак гісторыі Радзімы. Так, у розныя гады тут вучыліся будучыя савецкія пісьменнікі Аляксандр Цвярской і Лідзія Обухава, актрыса Ая Лысак, музыкант Вячаслаў Сяржанаў, дырэктар НДІ фтызіяпульманалогіі Маскоўскай медыцынскай акадэміі імя І.М.Сечанава Міхаіл Перальман, заснавальнік беларускай парашковай металургіі Алег Роман, бронзавы прызёр Алімпіяды-2020 у Токіа Максім Недасекаў. Працягваць пералік можна доўга. Аднак лепш завітаць у школьны музейны пакой, каб пагутарыць з юнымі экскурсаводамі і іх кіраўніком, настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Таццянай Ляошка.
— Самае галоўнае, эстафету пакаленняў перанялі сённяшнія навучэнцы, — акцэнтуе ўвагу дырэктар школы Вольга Каранеўская. — Ім жа належыць ініцыятыва аб прысваенні імя А.К.Гараўца. Два гады назад мы прапанавалі старшакласнікам зняць фільм пра віцябляніна — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, чый лёс іх найбольш уразіў. Яны выбралі менавіта Аляксандра Канстанцінавіча. Чаму? Наш будынак размешчаны ў гістарычным цэнтры горада. Школьны валанцёрскі атрад даглядае помнікі і тэрыторыю вакол іх, падтрымлівае ў належным стане мемарыяльныя дошкі. Адпаведна, моладзь шмат можа расказаць пра аб’екты свайго клопату. Старэйшыя праводзяць экскурсіі для малодшых у шосты школьны дзень. Часам дзеці больш ведаюць пра родны горад, чым іх бацькі. Вуліца, сквер Гараўца, помнік яму — у ліку названых аб’ектаў, бо знаходзяцца побач. Прыкладна ў той жа час нашы чацвёртакласнікі загарэліся ідэяй, склалі альбом пра лётчыка і потым разгарнулі цэлы лекторый у пачатковай школе. Таму, калі прагучала прапанова ўвекавечыць імя ў назве школы, мы былі гатовы — яно для нас не чужое. Далей, у працэсе пошукавай работы высветлілі, напрыклад, што па вуліцы Чэхава жыла яго сястра Ніна Канстанцінаўна: зноў жа ў нашым раёне. Яе дачка была настаўніцай, унук — вядомы вучоны-фізік. Увогуле, жыццё Аляксандра Канстанцінавіча непарыўна звязана са школай, нават жонка і дачка былі педагогамі. Муж маёй калегі, дырэктара школы імя А.К.Гараўца ў Машканах, — сваяк героя па бацькавай лініі. А ў Мінску жывуць сястра Валянціна Канстанцінаўна, пляменніцы — Ірына Скрыпнік і журналіст, пісьменніца Людміла Крушынская. Разам з мужам Барысам Крапаком яна напісала кнігу пра Аляксандра Гараўца “У паядынках на вышыні”, у нас ёсць аўтарскі экзэмпляр. Бацька Людмілы Аляксееўны, дарэчы, — першы рэдактар “Настаўніцкай газеты”.
Майстры ва ўсім
Выпускнікі папаўняюць нацыянальныя зборныя па сваіх відах спорту. З 1 верасня ў школе ўпершыню адкрыецца спартыўна-педагагічны клас.
Калі запытацца ў карэннага віцябляніна, што вылучае 10-ю школу сярод астатніх у горадзе, у адказе хутчэй за ўсё прагучыць слова “спорт”. Пачынаючы з 1946 года і па сённяшні дзень многія з навучэнцаў займаюцца ім прафесійна, педагагічным калектывам назапашаны ўнікальны вопыт. Неяк выпускнікоў запрасілі на свята ў навучальную ўстанову са сваімі спартыўнымі ўзнагародамі. Адгукнуліся амаль 250 чалавек. Школьная прастора звінела не толькі ад эмоцый, а і ў літаральным сэнсе! Афіцыйна спецыялізаваныя спартыўныя класы адкрыліся ў 2011 годзе, зараз яны аб’ядноўваюць каля 240 юнакоў і дзяўчат па 16 відах спорту. Большасць — плыўцы, баксёры, цяжкаатлеты, гімнасты, гандбалісты, футбалісты. Старшакласнікі, як правіла, майстры спорту або кандыдаты ў майстры спорту, дзевяцікласнікі — першаразраднікі. Старонняму чалавеку можа падацца дзіўным, але і ўрокаў фізічнай культуры і здароўя ў раскладзе таксама няма: адзнакі па прадмеце выстаўляюць у спецыялізаваных спартыўных установах. Пасля некалькіх дзён адсутнасці вучняў на занятках настаўнікі часцей цікавяцца не яе прычынай, а вынікам, і нярэдка чуюць у адказ: “Нармальна, прывезлі “рэспубліку”. Ранішняя трэніроўка, урокі ў школе, вячэрняя трэніроўка, выезды на зборы і спаборніцтвы — распарадак дня ў спартсменаў распланаваны амаль пахвілінна. Разам з тым педагогі ўмеюць так арганізаваць адукацыйны працэс, што пра адставанне па праграме размовы не ідзе. Больш за тое, выдатнікі са спарткласаў — звычайная з’ява. У гэтым годзе двое хлопцаў скончылі 9 клас з адзнакамі 9—10, на паралелях сітуацыя аналагічная. Тры гады назад Ганна Антонышава паставіла рэкорд на цэнтралізаваным тэсціраванні: два 100-бальныя вынікі і 96 балаў па хіміі. Між іншым запаветныя 100 балаў для школы зноў жа не рэдкасць. Так, у пазамінулым годзе па грамадазнаўстве іх набрала Настасся Новікава. Сёлета ў выпускніцы Дар’і Царавай на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі — дыплом ІІІ ступені. Дзяўчына плануе паступаць у ВДУ імя П.М.Машэрава, пакуль вагаецца, выбраць гісторыю або філалогію. Штогод некалькі чалавек з выпускнікоў выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці і як мінімум адзін-двое паступаюць у ваенныя навучальныя ўстановы. Напрыклад, леташні выпуск атрымаўся з выразным педагагічным ухілам.
Гурток следапытаў
Яшчэ адна асаблівасць установы адукацыі — калектыў многа ўвагі ўдзяляе духоўна-маральнаму выхаванню моладзі на праваслаўных традыцыях беларускага народа. На пачатку рэалізацыі інавацыйнага праекта ў ім былі задзейнічаны па адным класе ў пачатковым, сярэднім і старшым звяне, цяпер — фактычна ўсе класы. Факультатыўныя заняткі і гурток “Праваслаўныя следапыты” доўгі час вёў айцец Аляксандр, цяпер ён перадаў эстафету айцу Георгію (не магу не адзначыць — майстру спорту па боксе). Па гэтым напрамку ў школе традыцыйна арганізуюць мерапрыемствы, якія мала дзе сустрэнеш, — балі, спартыўныя спаборніцтвы, цікавыя сустрэчы, адметны дзіцячы летні лагер. У першакласнікаў сярод вядучых матываў вучыцца лепш — магчымасць уласнаручна пазваніць у званы праваслаўнай царквы, дзеці ўспрымаюць гэта як высокую ўзнагароду. Асобная старонка — даследчая дзейнасць у гуртку. Параўнальна нядаўна пачалі вывучаць матэрыялы, звязаныя з гісторыяй Спаскай царквы, пабудаванай у ХVІ стагоддзі. Ад яе застаўся толькі падмурак, але юныя даследчыкі знайшлі старое фота і ўзрушаныя прыйшлі да настаўнікаў: “Паглядзіце, вось дом Амосава, а побач усутыч царква. Гэта ж тэрыторыя нашай школы!” Паглыбіліся ў тэму — і ўбачылі царкву на карцінах Марка Шагала, іншых віцебскіх мастакоў. Работа заняла 2-е месца на абласным конкурсе.
6 ліпеня 1943 года гвардыі старшы сяржант Аляксандр Гаравец уступіў у няроўны бой з дваццаццю нямецкімі бамбардзіроўшчыкамі і збіў дзевяць з іх, у тым ліку адзін — пасля заканчэння боезапасу, пайшоўшы на таран. Пашкоджаны савецкі самалёт вяртаўся на аэрадром, калі нечакана трапіў пад агонь адразу чатырох варожых знішчальнікаў, быў падбіты і паляцеў да зямлі… Пасмяротна А.К.Гаравец удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Прыклад паказваюць педагогі
У музейным пакоі школы захоўваюцца ведамасці адзнак, якім амаль 80 гадоў, кніга загадаў 1944 года. Вывучаючы свае карані, да дакументаў звяртаюцца родныя выпускнікоў, у тым ліку з замежжа. Экскурсіі суправаджаюцца змястоўным інтэрактывам, і гэта не толькі відэазапісы — бывае, юныя экскурсаводы збіраюцца разам і… спяваюць! У школе вельмі папулярны валанцёрскі рух. У дзіцячым доме навучэнцаў успрымаюць як сяброў, памочнікаў і партнёраў. Пра ветэранаў, малалетніх вязняў фашызму, адзінокіх пажылых людзей клапоцяцца як дзеці, так і педагогі: пакуль настаўнікі спраўляюцца з дробным рамонтам, той жа паклейкай шпалер, іх вучні шчыруюць за ўборкай у доме, двары. Кранальныя моманты звязаны з сяброўствам паміж школьнікамі і людзьмі з вялікім жыццёвым вопытам. А занатаваныя ўспаміны — найкаштоўнейшая крыніца для новых даследаванняў.
— Мы стараемся ахапіць як мага больш напрамкаў выхаваўчай работы, што важна для раскрыцця і развіцця асабістага патэнцыялу кожнага нашага вучня, — падкрэслівае дырэктар. — За мінулы год у нас 169 перамог у конкурсах рознага ўзроўню і накіраванасці — ад грамадскай дзейнасці да мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Прыклад паказваюць педагогі. Наш гонар — цудоўны спявацкі настаўніцкі калектыў “Сузор’е”, вядомы і на Віцебшчыне, і за яе межамі. У сваю чаргу гэтая група энтузіястаў арганізавала хор настаўнікаў. Параўнальна нядаўна ён заняў 1-е месца на міжнародным конкурсе ў Санкт-Пецярбургу. Але вернемся да тэмы ўзаемадзеяння “настаўнік — вучань”. Падрыхтоўка да мерапрыемстваў — работа камандная: хто фільм здымае, хто за камп’ютарам сядзіць, рыхтуе прэзентацыю, рэпеціруе песню, дэкламуе. Дзеці бачаць сваіх педагогаў у новых ролях. Установа адукацыі становіцца для школьнікаў не проста месцам атрымання ведаў, а ў паўнавартасным значэнні альма-матар. У іх няма стэрэатыпу, нібыта настаўнік — манументальная постаць ля дошкі. Магчыма, таму многія выбіраюць сферай дзейнасці адукацыю. У тым ліку вяртаюцца да нас: значная частка педагагічнага калектыву — нашы выпускнікі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 10 Віцебска
імя А.К.Гараўца.