Школьны лагер падымае ветразі

- 9:25Псіхалогія +

Летнія школьныя канікулы так блізка, што да іх засталося раз-другі ўдыхнуць духмянага майскага паветра! Аднак канікулы — для дзяцей. Нам, педагогам, яшчэ трэба напаўняць ветразі прафесіяналізму вятрамі актыўнасці і нестандартнасці, гэта значыць папрацаваць творча. Нагода? Надыходзіць сезон адкрыцця школьных лагераў. Якой павінна быць летняя школа для дзяцей, каб прыходзіць у яе з радасцю? Адказ відавочны: непадобнай да асенняй, зімовай, вясенняй. У чым розніца? Давайце ўявім, што адказалі б дзеці.

Дыялог з чытачом

Паспрабуем успомніць сябе ў іх узросце, падключым праніклівасць, настроім уяўленне, сфакусіруемся на станоўчых эмоцыях. Што ў нас атрымалася? Дзеці хочуць радавацца, здзіўляцца, быць актыўнымі фізічна, гуляць, выйграваць, мець зносіны з равеснікамі, сакрэтнічаць, атрымліваць новы вопыт. Ці важна дзецям мець зносіны з педагогамі? Канечне, важна і хочацца, але толькі не з-за вучэбных нагод, а на асобасным узроўні. Дарэчы, у нас яшчэ ёсць час да адкрыцця школьнага лагера, каб спытаць дзяцей пра жаданае і параўнаць нашы падыходы.

Прапануем педагогам аснасціць карабель школьнага лагера ў летняе займальнае плаванне некаторым інструментарыем, па-марскому такелажам. Экіпажу карабля на чале з капітанам спатрэбяцца гульні, якія спрыяюць хуткаму знаёмству, згуртаванню, камандаўтварэнню. Разгледзьце нашы прапановы і выберыце на свой густ.

Дарагія педагогі, унутры прасторы школьнага лагера і не толькі там важна памятаць, што кожнае дзіця чакае адабрэння і пахвалы, павагі і прызнання, кожны сваёй дзіцячай душой прагне ўсё­прымальнай, усёдаравальнай, безумоўнай любові. Давайце ўспрымаць зносіны з дзецьмі як працэс нашага з вамі вучэння. Прымем вучнёўскі падыход да зносін і да ўсяго жыцця. Будзем засынаць з ім увечары і прачынацца раніцай. У гэтым выпадку ў нас ёсць шанс на­быць унутраную свабоду, душэўную гармонію і велізарную сілу. Моцны заўсёды старанна шукае свой шлях да іншага.

Гульня “Каманды, якія мяняюцца” дапаможа разняволіць, развесяліць, актывізаваць дзяцей, а таксама створыць умовы для станоўчага псіхалагічнага мікраклімату ў новым дзіцячым калектыве або ў прывычным калектыве ў новых для яго ўмовах.

Калі ў памяшканні ёсць крэслы і сталы, то адстаўце ўсё ўбок. Неабходна некаторая колькасць свабоднай прасторы і званок. Дайце сігнал званком і скамандуйце: “Чацвёркі!” Гэта значыць, што гульцы хутка павінны аб’яднацца ў групы (па чатыры чалавекі ў кожнай).

Як толькі каманды ўтварыліся, дайце заданне, якое павінны выканаць удзельнікі груп. Далей скамандуйце: “Тройкі!” Сачыце, каб кожны раз групы былі ў новым складзе. Прапануйце новыя дзеянні. Важна, каб удзельнікі ўвесь час знаходзіліся ў руху, мелі зносіны і размаўлялі з як мага большай колькасцю людзей.

Магчымыя варыянты раўндаў:

“тройкі” — паціскаюць кожнаму руку і прадстаўляюцца адно аднаму;

“шасцёркі”— гульцы выстаўляюць наперад правае плячо і гавораць пра тое, што могуць добра рабіць;

“чацвёркі” — падымаюць рукі над галавой і паведамляюць пра месца свайго нараджэння;

“сямёркі” — спрабуюць варушыць вушамі і гавораць пра гукі, якія прыемна чуць;

“двойкі” — гульцы ўзнімаюць бровы і гавораць пра тое, якія пахі ім падабаюцца;

“васьмёркі” — кожны ўдзельнік, пачухаўшы падбародак, задае пытанне, якое яго хвалюе.

Варыянт зместу заданняў у групах: члены груп сумеснымі намаганнямі павінны паказаць які-небудзь прадмет, з’яву, жывёлу, загадкавую машыну, шчаслівага звера, касмічны карабель.

Гульня “Казка па крузе” падахвоціць узаемадзейнічаць, уважліва ставіцца да слоў адно анаго, зняццю напружання.

Група садзіцца па крузе. Педагог пачынае апавяданне.

— Жыў-быў цудоўны музыкант, які неяк ішоў праз лес і думаў пра розныя рэчы. Калі не засталося нічога, пра што ён мог бы падумаць, ён сказаў сабе: “Час ідзе вельмі павольна ў гэтым велізарным лесе; я хацеў бы знайсці сабе спадарожніка…”;

— Жыў-быў магутны кароль, у якога было тры сыны. І любіў ён іх больш за жыццё. Кароль думаў: “Добра было б, калі б мае сыны адправіліся паглядзець свет…”;

— Жыў-быў малады кароль, у якога была нявеста. І любіў ён яе больш за ўсіх на свеце…

Потым педагог кідае мяч некаму з групы. Гэтае дзіця павінна працягнуць гісторыю. Можна сказаць толькі слова, а можна — некалькі сказаў. Пасля таго як выказалася, дзіця кідае мяч іншаму ўдзельніку. Ніхто з гульцоў не ведае, калі настане яго чарга працягваць казку, таму настроена вельмі ўважліва слухаць тое, што расказваюць іншыя.

Гульня “Залатая рыбка” спрыяе павышэнню эмацыянальнага тонусу ўдзельнікаў, настройвае на аптымістычнае ўспрыманне свету.

Кожны ўдзельнік групы робіць кароткае паведамленне пра тое, якія тры жаданні ён папрасіў бы выканаць залатую рыбку, калі б сустрэўся з ёй.

Пагаварыце з дзецьмі пра лёгкасць/цяжкасць выбару жаданняў. Ці не засталіся якія-небудзь жаданні забытымі? Ці можа жаданне выка­наць хтосьці іншы, акрамя залатой рыбкі? Што могуць самі дзеці зрабіць для выканання сваіх жаданняў? Некаторыя жаданні могуць быць тут жа выкананы.

Гульня “Ад галавы да пят”. Спатрэбяцца вялікія аркушы паперы ці частка рулона шпалер (па колькасці ўдзельнікаў), крэйда, фламастары.

Кожнаму члену групы трэба намаляваць свой партрэт у поўны рост. Малюнак не павінен адкрыта намякаць на аўтарства. Гульцам даецца ўстаноўка не падглядаць адно за адным.

Збярыце гатовыя малюнкі і развесьце іх на сценах.

Гульцам трэба ўгадаць, хто намаляваны на кожнай карціне. Удзельнік падыходзіць да магчымага мастака і падводзіць яго да карціны. Калі здагадаўся правільна, то аўтар падпісвае карціну сваім імем і вяртаецца на месца. Калі гулец памыліўся, то і ён, і мастак садзяцца на свае месцы, а педагог прапануе наступнаму ўдзельніку стаць тым, хто ўгадвае.

Добра пакінуць карціны вісець на сценах некалькі дзён. Яны ствараюць добразычлівую атмасферу і ўзмацняюць згуртаванасць групы.

Гульня “Энікі-бэнікі” дазволіць актывізаваць дзяцей, падахвоціць да супрацоўніцтва адно з адным.

У сярэдзіну пакоя, у якім можна рухацца свабодна, выходзіць добраахвотнік, які будзе вядучым. Астатнія ўдзельнікі знаходзяць сабе партнёра. Потым “энікі” (так называюцца гульцы) утвараюць два кругі, адзін унутры другога. “Энікі” ва ўнутраным крузе ходзяць па гадзіннікавай стрэлцы, у знешнім — супраць. Добраахвотнік-вядучы сядзіць у цэнтры круга на падлозе.

Вядучы сам сабе загадвае лік (ад 1 да 40) і пачынае гучна лічыць. Пры гэтым “энікі” ў двух кругах ідуць у процілеглых напрамках. Калі вядучы даходзіць да задуманага ліку, ён гучна крычыць: “Энікі-бэнікі!” Усе гульцы знаходзяць загадзя выбраных партнёраў. Пары кладуць адно аднаму рукі на плечы і са­дзяцца на кукішкі.

Гульцы, якія ўселіся апошнімі, ідуць да вядучага і разам з ім садзяцца на падлогу. Цяпер яны ўтраіх загадваюць новы лік і ў наступным раўндзе гучна лічаць, пакуль не дойдуць да задуманага ліку.

Чым больш удзельнікаў займаюць месца ў цэнтры круга, тым гучней вымаўляюцца лікі і тым менш застаецца “энікаў”.

Калі па-за кругам застаецца адна пара гульцоў, яны аб’яўляюцца пераможцамі, становяцца побач і паклонам, накіраваным у цэнтр, дзякуюць астатнім дзецям за партнёрства ў гульні.

Гэтая займальная дзіцячая гульня падабаецца і дарослым. Па­спрабуйце.

Псіхалагічнае люстэрка

Самакантроль на фінішы вучэбнага плавання

Калі параўнаць школьны навучальны год з марскім круізам ці вучэбным плаваннем, ці можна гаварыць пра стомленасць капітанаў і мічманаў? Напэўна, так. Стомленасць паслабляе самакантроль. Затое ў фінале вялікай важнай справы, выкананай паспяхова, прысутнічае радасць, натхненне, гордасць, чаканне шчаслівага адпачынку. Усё пералічанае дапамагае аднаўляць самакантроль. Які вынік нашага балансавання паміж імпульсіўнасцю і самакантролем напярэдадні фіналу навучальнага года?

Вывучым, прааналізуем гэта з дапамогай методыкі амерыканскага псіхолага Марыёна Снайдэра.

Уважліва прачытайце дзесяць сказаў, якія апісваюць рэакцыі на некаторыя сітуацыі. Кожны з іх ацаніце як правільны ці няправільны для сябе. Правільны — адзначце літарай “П”, а няправільны — літарай “Н”.

  1. Мне здаецца цяжкім майстэрства пераймаць звычкі іншых людзей.
  2. Я мог бы зрабіць глупства, каб прыцягнуць увагу ці пацешыць навакольных.
  3. З мяне мог бы атрымацца нядрэнны акцёр.
  4. Іншым людзям часам здаецца, што я перажываю штосьці больш глыбока, чым гэта ёсць на самай справе.
  5. У кампаніі я рэдка апынаюся ў цэнтры ўвагі.
  6. У розных сітуацыях і ў зносінах з рознымі людзьмі я часта паводжу сябе па-рознаму.
  7. Я магу абараняць толькі тое, у чым я шчыра ўпэўнены.
  8. Каб атрымаць поспех у справах і ў адносінах з людзьмі, я стараюся быць такім, якім мяне хочуць бачыць.
  9. Я магу быць дружалюбным да людзей, якіх я не выношу.
  10. Я не заўсёды такі, якім здаюся.

Ацэнка вынікаў: па адным бале залічваецца за адказ “Н” на 1, 5, 7 пытанні і за адказ “П” — на ўсе астатнія. Палічыце суму балаў.

0—3 балы: у вас нізкі камунікатыўны кантроль. Вашы паводзіны ўстойлівыя, вы не лічыце неабходным мяняцца ў залежнасці ад сітуацыі. Вы здольны да шчырага раскрыцця ў зносінах, ад чаго некаторыя лічаць вас “нязручным” па прычыне вашай прамалінейнасці.

4—6 балаў: у вас сярэдні камунікатыўны кантроль. Вы шчырыя, але не стрыманыя ў сваіх эмацыянальных праяўленнях. Аднак вы лічыцеся ў сваіх паводзінах з навакольнымі людзьмі.

7—10 балаў: у вас высокі камунікатыўны кантроль. Вы лёгка ўваходзіце ў любую ролю, гібка рэагуеце на змяненне сітуацыі, добра адчуваеце і можаце прадбачыць уражанне, якое робіце на навакольных.

Святлана РАДЗЬКОВА.