Шлях да дабра

- 17:26Нам пішуць

Валанцёрству ў нашай установе адукацыі ўдзяецца асаблівая ўвага. У дзецях патрэбна выхоўваць дабрыню з самага маленства, прывучаць іх да добрых спраў, каб яны былі ўважлівымі да тых, хто побач. 

Членам школьнага валанцёрскага атрада “Міласэрнасць” можа стаць кожны вучань, галоўнае, каб ён адчуваў у гэтым патрэбу і меў няспыннае жаданне падзяліцца сваім добрым настроем, дапамагчы тым, хто пачуў сябе самотным, страціў смак да жыцця, апынуўся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гэта ж так цудоўна: аддаеш дабро і ад гэтага атрымліваеш асалоду. Формула правільнага жыцця простая: ідзі з дабром да людзей, і жыццё табе адкажа тым жа. На жаль, сёння многія заклапочаны ўласнымі справамі і не звяртаюць увагу на тых, каму патрэбна іх дапамога. З гэтым нельга мірыцца! І дзяцей мы вучым, каб асабістыя інтарэсы не заўсёды былі на першым месцы.

Валанцёры ўжо па-іншаму глядзяць на штодзённыя справы. Яны падтрымліваюць любую ідэю і вельмі лёгка могуць яе ажыццявіць. Яны могуць дапамагчы састарэлым людзям добраўпарадкаваць іх падвор’і, а могуць проста раздаваць папяровыя “сонейкі” людзям, калі тыя раніцай спяшаюцца на работу. Людзі часам здіўляюцца, бо прывыклі да абыякавасці адно да аднаго. Але ў кожным з нас у глыбіні душы жыве вера ва ўсё чыстае і светлае. І мы бачым на тварах людзей усмешку — пазітыўную, шчырую ад таго, што на іх звярнулі ўвагу, што нехта паклапаціўся пра іх настрой.

Нашы валанцёры робяць многа добрых спраў: арганізоўваюць акцыі, калектыўныя справы, праводзяць дні дабра, аперацыі “Дапамажы тым, хто мае ў гэтым патрэбу”, “Ты не адзін”, ладзяць “сустрэчы для душы”. Кожны месяц члены валанцёрскага атрада падводзяць вынікі работы, лепшыя адзначаюцца падзякай ад адміністрацыі школы.

Кожнаму чалавеку вельмі важна ведаць, што ён камусьці патрэбны, што яго нехта чакае. Валанцёрства дапамагае ўсім членам атрада адчуць сваю значнасць і неабходнасць. А пазнаць валанцёраў вельмі проста: яны свецяцца ад шчасця.

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.