Шлях у тысячы сіл пачынаецца з першага кроку

- 14:25Спартыўныя падзеі

Пераезд у новую краіну, пошукі працы і жаданне развіваць любімую справу прывялі Валерыя Голду да ўзначальвання Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай федэрацыі ўшу. Гэтую пасаду ён сумяшчае яшчэ і з трэнерскай дзейнасцю. Чым украінскі педагог зацікаўлівае беларускіх дзяцей у кітайскім баявым мастацтве? Зараз даведаемся.

Перанесці вопыт у Беларусь

“6 гадоў назад я пераехаў у Беларусь і застаўся тут жыць. У маладосці займаўся рознымі відамі спорту: і боксам, і кікбоксінгам, і на лёгкую атлетыку хадзіў, крыху на футбол і крыху на баскетбол. У 10 класе да нас на ўрок зайшоў ваенрук і нейкі мужчына. Гэты незнаёмец сказаў: “Я трэнер па рукапашным баі, запрашаю да сябе ў секцыю”. З нашага класа на першую трэніроўку прыйшло 11 чалавек, на другую ўжо менш. Гэта было 17 кастрычніка 1996 года, дагэтуль памятаю. Трэнер нас прывабіў рукапашным боем, але сам усё жыццё быў ушуістам. З 1996 года ўшу —  у маім сэрцы, у маім целе”, — расказвае Валерый Голда.

Да 2006 года Валерый Іванавіч быў актыўным спартсменам. Не раз станавіўся чэмпіёнам Украіны, уладальнікам кубкаў краіны па ўшу, трапіў у зборную, з якой у 2005 го­дзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў В’етнаме. З 2004 года пачаў яшчэ і трэнерскую кар’еру. Калі пераехаў у Беларусь, закідваць свой любімы від спорту не хацеў, але ж падыходзячых вакансій не было. Валерый Голда пачаў працаваць вадзіцелем грузавога аўтамабіля ў пасёлку Новая Гута. Там жа ўбачыў спартыўную школу, якая спецыялізуецца на дзюдо, і вырашыў зайсці спытаць, ці не знойдзецца там для яго работы. Пагутарыў з дырэктарам, а той яму кажа: “Слухай, навошта табе ўшу? Давай я пад цябе адкрыю секцыю па дзюдо. Мы цябе перавучым, было б жаданне”. Але ў гэтым плане Валерый Іванавіч прынцыповы: толькі ўшу. Кажа, калі і сыдзе з ушу, то не ў іншы від спорту, а ў іншую сферу.

“Праз украінскага старшыню федэрацыі ўшу я выйшаў на беларускага, паехаў у Мінск, пазнаёміўся з ім. Якраз пасля нашага знаём­ства праходзіў Кубак краіны. Там я быў суддзёй, мяне заўважылі, і з гэтага моманту пачалося маё развіццё ў Беларусі. Вёў секцыі, працаваў з дзецьмі, уладкаваўся ў школу, папаўняў свае веды. У 2016 годзе мне прапанавалі ўзначаліць Гомельскую абласную арганізацыю. Яна існавала з 2008 года, але амаль не развівалася. Зараз абласная структура федэрацыі палепшылася: з’явіўся намеснік старшыні, сакратар, бацькоўскія камітэты, працу­юць 4 трэнеры ў Гомелі, займаюцца больш за 140 вучняў па ўсім горадзе”. Калі зайсці ў суполку абласной арганізацыі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, рэальна ві­даць, што праводзіцца вялікая работа. Вельмі часта з’яўляюцца новыя запісы на сцяне (віншаванні са святамі, з перамогамі, справаздачы пасля спаборніцтваў, карысныя відэа і г.д.), на сайце БФУ сярод календароў структурных падраздзяленняў ёсць каляндар толькі Гомельскай федэрацыі. З 2019 года пры падтрымцы Інстытута Канфуцыя пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны право­дзіцца сумесны турнір — Кубак Канфуцыя.

Ушу — баявая тэхніка

Спартыўнае ўшу дзеліцца на дзве часткі. Першы раздзел гімнастыкі ўшу называецца таолу (з кітайскай “комплексы фармальных практыкаванняў”). Там ёсць пэўная карцінка, якую трэба выка­наць. Гэта робіцца ў прыгожых касцюмах — “іфу”. Бой атрымліваецца бескантактны, спартсмен проста паказвае сваё майстэрства. На адточванне рухаў ідзе нямала часу, бо для ўсяго існуе стандарт выканання. Для многіх практыкаванняў неабходна спартыўная зброя: розныя палкі, коп’і, мячы. Менавіта на таолу спецыялізуюцца гомельскія трэнеры.

Другі раздзел — кантактныя паядынкі — саньда (з кітайскай “свабодны бой”). Ён падобны да кікбоксінга, тайскага бокса, каратэ, В’ет Во Дао, таму ў спаборніцтвах могуць удзельнічаць людзі з іншых баявых мастацтваў. Ва ўшу-саньда ўваходзяць удары рукамі і нагамі, кідкі, штурханні і г.д. Спартсмены выступаюць у ахоўнай амуніцыі (шлеме, пальчатках, ракавіне на пахвіне, камізэльцы на тулаве, шчытках на нагах) і высвятляюць, хто мацнейшы, хітрэйшы, хто лепш ведае тэхніку і правілы.

“На сённяшні момант членаў федэрацыі, якія могуць сказаць, што я выкладаю менавіта ўшу-сань­да, няма. Ёсць трэнеры з іншых федэрацый, якія ўдзельнічаюць у нашых спаборніцтвах, трапляюць у зборную нашай вобласці, едуць на першынство Беларусі і тым самым выконваюць разрад і атрымліваюць званне. Ніхто не супраць, каб ты быў і чэмпіёнам краіны па тайскім боксе, і чэмпіёнам па ўшу-саньда”, — тлумачыць Валерый Голда.

У асноўным дзяцей на заняткі прыводзяць бацькі. Яны бачаць прыгажосць гэтага віду спорту, разумеюць, што, трэніруючыся, дзіця будзе ў добрай форме, з добрай выпраўкай. Часам дзеці ў якім-небудзь фільме ці відэа бачаць незвычайныя скачкі, рухі, удары рукамі, нагамі, розную акрабатыку і хочуць паспрабаваць зрабіць нешта падобнае. Хтосьці звяртае ўвагу на ўшу падчас паказальных выступленняў спартсменаў у горадзе. У Валерыя Іванавіча дзеці займаюцца з 5 гадоў, самаму старэйшаму зараз 13. Але гэта сярод дзяцей. Сярод вучняў ёсць пара, у якой кожнаму ўжо, напэўна, за 60. Іх гісторыя асабліва цікавая, бо спачатку ўшу пачалі займацца тры браты, потым да іх далучылася матуля, а праз некалькі месяцаў яна прывяла і сваіх бацькоў. Так, з адной сям’і да Валерыя Голды ходзяць 6 чалавек!

“Кожны з бацькоў, калі бачыць трэнера, шукае ў ім штосьці сугучнае з сабой, са сваёй танальнасцю, са сваім відам выхавання. Я гэта параўноўваю з магазінамі і прадаўцамі. Напрыклад, вакол ёсць шмат хлебных магазінаў, але прадаўцы ў іх розныя, і людзі ідуць не да ўсіх. Дык вось трэнеры таксама розныя, кожны з іх, у першую чаргу, чалавек, і менавіта да чалавека бацькі вядуць сваё дзіця”, — лічыць педагог.

Здаецца, не так доўга Валерый Голда жыве і працуе ў Беларусі, але ўжо змог прывесці сваіх выхаванцаў да выдатных вынікаў. Цімур Голда (паўднёвы стыль) і Варвара Цапкова (паўднёвы стыль) сталі абсалютнымі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. Гэта значыць ва ўсіх відах, у якіх яны выступалі (напрыклад, комплекс без зброі, комплекс з мячом і комплекс з палкай), яны занялі 1-е месца. У маі гэтага года Цімур і Варвара павінны былі паехаць на чэмпіянат Еўропы ў Маскву, але яго перанеслі. Трэнер лічыць, што гэта, мабыць, і да лепшага: можна больш грунтоўна падрыхтавацца.

Узаемная аддача

Падчас размовы з вуснаў Валерыя Іванавіча прагучала мудрая кітайская прыказка: “Шлях у тысячы сіл пачынаецца з першага кроку”. Калі дзеці зацікавіліся і прыйшлі на заняткі, яны зрабілі першы крок. Трэніроўкі — гэта шырокі другі крок.

“Заняткі арганізаваны па прынцыпе ўрока фізічнай культуры і здароўя: падрыхтоўчая частка (пастраенне, паведамленне задач, размінка), асноўная (адпрацоўка элементаў) і заключная (падвядзенне вынікаў). Адрозніваюцца толькі часавыя рамкі. Трэніроўкі я праводжу на кітайскай тэрміналогіі: каманды, рухі, лічэнне. З дзецьмі мы вучым нейкія тэрміны, потым яны здаюць невялікі іспыт. Гэта вельмі аблягчае работу ўсім. Напрыклад, я кажу не “стойка лучніка”, а “гунбу”. Скараціў адно слова — скараціў час, больш пазаймаемся. А калі такіх слоў сто?”

Базавая тэхніка ўшу-таолу складаецца з пяці раздзелаў: стойкі, махі, удары,  скачкі і перамяшчэнне. Валерый Іванавіч тлумачыць задачу сваім выхаванцам так: “Няхай адна стойка будзе адным пазлам. Для таго каб зрабіць элементарны комплекс (16 рухаў), у нас ёсць 16 пазлаў. Калі мы кожны пазл даводзім да дасканаласці, пачынаем іх злучаць і атрымліваем нейкую карцінку. Асноўная трэніроўка накіравана на тое, каб гэтыя пазлы шліфаваць”. Пасля трэба ву­чыць комплексы. Калі гэта першы год навучання, то ўсяго 16 рухаў. Злучаецца тэхніка рук, ног, пазлы выконваюцца з мячом, палкай, шастом. Часам, калі трэнер просіць паўтарыць рух без амуніцыі, дзеці ўжо не могуць іх успомніць. Прыходзіцца паўтараць старое і шліфаваць новае. Плюс нельга забываць пра агульную фізічную падрыхтоўку: развіццё сілы, раўнавагі, хуткасці, цягавітасці і г.д. Спартсмены 2—3 гадоў навучання пераходзяць на 32 рухі, ускладнены комплекс. Яны вывучаюць ускладненыя элементы базавай тэхнікі, на больш высокім узроўні займаюцца агульнафізічнай падрыхтоўкай. Тыя, хто ходзіць на трэніроўкі 3—4 гады, пачынаюць вывучаць першы павышаны ўзровень. У ім можна ўбачыць складаныя скачкі з пераваротамі, прызямленнем.

Займацца без перапынкаў цяжка і нецікава, таму за насычанай працай абавязкова ідзе адпачынак. “Падчас паўзы я расказваю дзецям, напрыклад, пра тое, што мы вучымся біцца, але біцца нельга. Я заўсёды прыгадваю словы свайго трэнера: “Філасофія ўшу складаецца з трох момантаў. Першы — гэта абарона Радзімы, другі — абарона сям’і і трэці — абарона сябе”. Абараніць. Не напасці, а менавіта абараніць. Мы свой гнеў і дрэнныя эмоцыі пакідаем на занятках, каб у школе, дома, на вуліцы было прасцей сябе кантраляваць”.

З 1 красавіка Валерый Іванавіч адмяніў практычныя трэніроўкі ў зале. Трэнер разважае так: што­дзень ён кантактуе з вялікай колькасцю людзей, у кожнага выхаванца ёсць мама і тата, у кожных мамы і таты ёсць свае мама і тата, а яшчэ, напрыклад, брат і сястра, плюс дзеці ходзяць у школу. Цяпер трэнер кожны дзень запісвае відэа­трэніроўку і выкладае яе на свой YouTube-канал GomelWuF. Дзецям ці іх бацькам застаецца толькі ў падыходзячы час пазаймацца. Відэа вельмі зручныя: Валерый Іванавіч робіць практыкаванне столькі разоў, колькі раіць рабіць гэта дзецям, таму тыя могуць проста назіраць за ім і паўтараць. Трэнер адзначае, што гэта нават больш эфектыўна, чым на занятках ужывую, калі выхаванцы павінны самі за ўсім сачыць. Відэаролікі са­праўды чакаюць. Аднойчы педагог затрымаўся на 10—15 хвілін, дык адразу пасыпаліся пытанні “Калі ўжо будзе трэніроўка?” На жаль, не ўсе працягваюць самастойныя заняткі дома, некаторыя нават не ведаюць, што гэта рэальна рабіць і што педагог усё прадугледзеў.

“Самае першае, што атрымлівае дзіця ад заняткаў ушу, — гэта захапленне. Яму можа спадабацца трэнер, работа ў камандзе, практыкаванні. Так з’яўляецца хобі. Другі, вельмі важны пункт — здароўе. Добра дзіця займаецца ці не вельмі, гэта ўсё роўна для яго нейкая фізічная актыўнасць (напружанне мышцаў, работа лёгкіх і г.д.). Трэцяе — гэта дысцыпліна і сіла волі, якія з’яўляюцца на 2—3 год навучання. І чацвёртае — медалі. Бывае, калі мы едзем з Мінска, некаторыя дзеці настолькі ўражаныя перамогай, што медалі да самага Гомеля не знімаюць”.

Пакуль Валерый Іванавіч працягвае запісваць відэа, кожны можа дакрануцца да мастацтва ўшу і парадаваць сваё цела актыўнасцю.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва В.І.Голды.